Чарговыя сюрпрызы Нясвіжа

№ 30 (1313) 29.07.2017 - 03.08.2017 г

Шнэк бура зачапіў раней нязнаны пласт гісторыі
У пачатку ліпеня беларуская інтэрнэт-супольнасць бы маланкай была працятая навіной аб тым, што пры рэстаўрацыі нясвіжскага касцёла Божага Цела (гісторыка-культурнай каштоўнасці вышэйшай катэгорыі!) рабочымі быў пашкоджаны адзін са слупоў брамы. Сапраўды, было з-за чаго ўзняць шум. Але інфармацыйная хваля як цунамі раптоўна накацілася на ўзбярэжжа грамадскай думкі, а потым супакоілася, і праз некалькі дзён усе пра ўсё забылі. Балазе, браму адразу аднавілі. І ніхто не звярнуў увагі на важны каментарый, які даў беларускім СМІ ксёндз-пробашч касцёла Пётр Шарко: “У нас знойдзена пліта, на якой ёсць надпіс: “Тут спачывае Казімір Маляўскі, падваявода наваградскі. 1718 год”. Вось гэта сенсацыя! Магчыма, і я б не адрэагаваў на той каментарый, каб ксяндзом Шарко не было названа імя адной асобы, якая здаўна заняла трывалае месца ў маёй картатэцы “рэйтаназнаўства”. Але, пачуўшы яго, адразу вырашыў выправіцца ў Нясвіж у якасці пазаштатнага карэспандэнта “К”. І гэта была вандроўка не толькі ў глыб гісторыі, але таксама і ў нетры зямлі. Як мне ўдалося пераканацца, не так даўно быў адкрыты (прычым у літаральным сэнсе слова) новы пласт гісторыі знакамітага горада, пра які нават не здагадваліся турысты.

/i/content/pi/cult/649/14400/2.jpgНясвіжскі краявід тым сонечным ранкам, як звычайна, поўніўся людзьмі. Турыстычныя гурмы перасоўваліся па ўсіх накірунках, не абмінаючы і касцёл, таму настроіцца на ўзнёслы лад усё не атрымлівалася. Але паколькі пробашч быў заняты прыёмам парафіянаў, я меў час агледзець ня толькі вынікі працы на панадворку храма, але і цікавосткі ўнутры. Напрыклад, нейкіх касмічных істотаў крэйдавага перыяда ў плітах падлогі, якія вечнымі вартавымі сцерагуць уваход, крыпту Радзівілаў, куды акурат у гэты час было не прабіцца ад цікаўных да гісторыі беларускіх турыстаў, розныя памятныя дошкі, размешчаныя па сценах касцёла — у тым ліку, і “першаму пасля Міцкевіча пявуну Літвы” Уладыславу Сыракомлю (Людвіку Кандратовічу), а таксама Эдварду Вайніловічу.

Як вы неўзабаве зразумееце, многае з пералічанага мела тое ці іншае дачыненне да мэты майго візіту. У нейкі момант касцёл з невядомай прычыны апусцеў, і, чакаючы аўдыенцыі, я заглыбіўся ў свае думкі, перабіраючы, як ружанец, факты жыццярыса падваяводы Маляўскага і яго сям’і.

Гістарычная даведка

Род Маляўскіх герба Памян меў карані ў Кароне Польскай. Першым дакладна вядомым яго прадстаўніком, які знайшоў сваё шчасце ў ВКЛ, быў імаверны бацька Казіміра, Станіслаў-Міхал. Яго імя стала фіксуецца ў гістарычных крыніцах ад 1660-х — то бок, пасля самай страшнай вайны 1654 — 1667 гг., якая выпала на долю беларусаў за ўсю шматвяковую гісторыю.

Станіслаў, як і належыць прыбышу, спярша давёў сваю адданасць новай Бацькаўшчыне, служачы ў войску як ротмістр пяцігорскі, пазней зрабіў грамадзянскую кар’еру: ураднік-гараднічы, войскі мсціслаўскі, войскі наваградскі і, урэшце, нясвіжскі губернатар. Двойчы ад Наваградскага ваяводства ВКЛ браў удзел у выбарах каралёў Рэчы Паспалітай — Міхала Карыбут-Вішнявецкага (1669) і Яна ІІІ Сабескага (1674). Быў уладальнікам фальварка Гарадзей (цяпер — Гарадзея). Памёр губернатар Нясвіжа ў 1712 годзе.

У шлюбе з нейкай невядомай нам беларускай прыгажуняй Станіслаў нарадзіў двух сыноў — Юрыя (Георга), які стаў войскім мсціслаўскім, і Казіміра. Ён, як і бацька, прайшоў доўгі шэраг кар’ерных прыступак — падчашага, гараднічага, войскага, — а ў 1716 годзе заняў пасаду падваяводы наваградскага. Сама яна была не надта пачэсная, але давала магчымасць кантраляваць фінансавыя струмяні, і таму на яе заўсёды было шмат прэтэндэнтаў. Ваяводам, якога час ад часу мусіў замяшчаць Казімір Маляўскі, тады быў Ян-Мікалай-Аляксандр Радзівіл.

Таксама нам вядома, што Казімір быў фундатарам кляштара ў Вольнай, збудаванага ў 1632 годзе Крыштапам Каменскім. Як нядаўна высветлілася, памёр ён у 1718 годзе.

Прыведзеныя звесткі няцяжка знайсці ў працах беларускіх і польскіх даследчыкаў. А цяпер трохі майго ўласнага даробку на падставе архіўных крыніц. Пасля 1709 года Казімір Маляўскі ажаніўся з Ганнай з Рассудоўскіх. Першым яе мужам быў Крыштап-Пётр Вайніловіч (родны прапрапрадзед знакамітага Эдварда Вайніловіча!). Пасля яго смерці яна выйшла замуж за мазырскага скарбніка Міхала-Казіміра Рэйтана (роднага дзеда Тадэвуша нашага нацыянальнага героя Рэйтана!). Падобна, што Казімір Маляўскі быў добрым сябрам сям’і Рэйтанаў, бо менавіта яго ў 1706 годзе Міхал Рэйтан папрасіў быць сведкам пры складанні свайго тастамента. Дарэчы, парупіўся ён недарэмна, бо ў тым жа годзе і адышоў у лепшы свет — магчыма, баронячы Слуцк ад шведскіх войскаў.

Цікава, што на трывалую сувязь Маляўскіх з касцёлам Божага Цела паказвае і знойдзеная мной метрыка шлюбу 30 лістапада 1720 года Георга (Юрыя) Маляўскага з Марыянай з Гаўрыловічаў.

Як мы бачым, выпадковая знаходка мае не толькі матэрыяльную каштоўнасць — пліце гэтай ажно 300 год — але і гістарычную, бо выдае цэлы пласт новай і вельмі каштоўнай інфармацыі ды паказвае, дзе магла быць пахаваная бабка Тадэвуша Рэйтана, Ганна-Людавіка з Расудоўскіх.

/i/content/pi/cult/649/14400/3.jpgКсёндз-рэстаўратар

З сутоння гістарычных вадакрутаў мяне выцягнула гасціннае запрашэнне ксяндза да доўгачаканай размовы — якое, дарэчы, прагучала на выдатнай беларускай мове. Напачатку гутаркі я запытаў, з якой нагоды сёлета распачаліся такія буйныя земляныя працы каля касцёла.

— Некалькі гадоў таму пры будаўніцтве аўтастаянкі і чыстцы става была парушаная сістэма адводу ад касцёла грунтавых вод, — святар, як выявілася, надзвычай абазнаны ў такіх пытаннях. — Вада паднялася, і цяпер знаходзіцца на глыбіні каля двух метраў. Гэта адмоўна ўплывае і на захаванасць крыпты, і на фрэскавы жывапіс у самім храме. Не кажучы ўжо пра тое, што ў халодны сезон у касцёле невыносныя для людзей тэмпература і вільготнасць.

Як патлумачыў ксёндз Пётр, паколькі помнік унесены ў спіс ЮНЕСКА, рэстаўрацыйныя працы адбываюцца з дапамогай дзяржавы. Прынятае рашэнне ў гэтым годзе зрабіць камунікацыі і добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол касцёла, на гэта адпушчаны пэўныя сродкі. Але навукова-метадычная рада пастанавіла, што перш чым добраўпарадкоўваць тэрыторыю, неабходна правесці гідраізаляцыю падмурка храма пры дапамозе пластыкавага шпунта: зрабіць своеасаблівы пояс, каб адсекчы грунтавыя воды.

Святар падрабязна апісаў даволі складаную тэхніку закладання крохкіх пластыкавых шчытоў шпунта на глыбіню ад пяці да дзевяці метраў, а таксама распавёў і пра ўласны досвед свайго кшталту навуковага кіраўніка рэстаўрацыі. Балазе, аб’ект не першы.

Слухаючы перасыпаныя прафесійнымі тэрмінамі развагі ксяндза пра рэстаўрацыю, я міжволі задаваўся пытаннем: а ці шмат у нас знойдзецца такіх апантаных святароў, якія ставяцца да дома Божага як да свайго роднага? Прычым не спрабуюць яго перарабіць на свой капыл пад уплывам нейкіх “заморскіх” узораў (“каб блішчэла па-багатаму”), а імкнуцца захаваць аўтэнтыку.

Размова паступова ізноў выйшла на акалічнасці знаходкі пліты. Запытаўшы ў пробашча, ці былі гэтыя раскопкі планавыя, даведаўся, што пачаліся яны “ўсур’ёз” толькі пасля выпадковай знаходкі пліты. Яе зачапіла шнэкам, але расколата на кавалкі яна была значна раней, бо сам раскол паспеў пачарнець. Магчыма, гэта адбылося падчас нейкіх ранейшых прац на прыкасцёльнай тэрыторыі, калі цяжкая тэхніка наехала на яе колам. Пліта ляжала на глыбіні 30 — 40 см, засыпаная зямлёй, прычым сіметрычна да касцёла. Падняўшы яе, археолагі Інстытута Археалогіі Акадэміі Навук пад кіраўніцтвам Андрэя Вайцяховіча знайшлі некалькі пахаванняў, сярод якіх адно жаночае. У дадзены момант парэшткамі займаюцца антраполагі, спрабуючы адказаць на пытанне, ці належалі гэтыя пахаванні сям’і Маляўскіх.

Археолагі кажуць, што пліта, хутчэй за ўсё, знаходзілася ў крыпце касцёла — якая раней, дарэчы, выглядала не так, як цяпер. Некаторыя даследчыкі выказваюць думку, што да перабудовы сутарэнняў у 1750 годзе адна з капліц там належала сям’і Маляўскіх. Але тут здзіўляе наступны факт: калі яны былі такім знатным родам, чаму ж тады пры пераносе іх магіл не было зроблена адмысловае пахаванне, абкладзенае цэглай, якое накрылі б гэтай плітой? Бо выглядае на тое, што яе проста вынеслі з касцёла і кінулі на зямлю.

Падобная пліта (яе фрагмент захаваўся) з надпісам “Тут спачываюць грэшнікі” раней закрывала ўваход у скляпенні капліцы Булгарынаў на правым рагу касцёльнай агароджы. Цяпер яна стаіць пры званіцы.

Шчаслівая выпадковасць

Па логіцы, разважаў я, перш чым на якім-небудзь аб’екце распачынаюцца працы, павінны прайсці археалагічныя раскопкі. Тое, што амаль пры кожным храме ў ранейшыя часы існавалі могілкі, а ў самім храме хавалі фундатараў касцёла, вядома ўсім. Напрыклад, у крыпце заслаўскага касцёла спачываюць дзяды Ігната Дамейкі, а яго бацька Гіпаліт пахаваны пры храме ў Міры. Таму перш чым буравіць зямлю шнэкамі і рыць экскаватарамі, як мне падавалася, там павінны былі дняваць і ночыць археолагі. Пагатоў, сам аб’ект адносіцца да тых, што маюць найвышэйшы статус аховы. Тым не менш, папярэднія вышуканні, мяркуючы па ўсім, былі праведзены не на належнай глыбіні. Таму калі б шнэк бура цудам і “своечасова” не зачапіў край пліты Казіміра Маляўскага, па ўсей верагоднасці, касцёльныя могілкі XVII — XVIII стагоддзяў былі б узараныя экскаватарамі.

Пагатоў, пліта Казіміра Маляўскага стала не адзіным “трафеем” падчас раскопак. Па словах ксяндза Пятра, на касцёльным дворыку былі знойдзены шматлікія магілы — агулам каля трыццаці. У адной з іх, верагодна, быў пахаваны святар, аб чым кажуць знойдзеныя фрагменты тканіны літургічнага адзення.

Цяпер магільная пліта Маляўскага — даволі буйных памераў (2х1,40 м) — акуратна пакладзена ля касцёльнай агароджы, каб не замінаць будаўнічай тэхніцы перасоўвацца па падворку. Па словах айца Пятра, знаходку плануецца адрэстаўраваць і выставіць на адмысловым пастамеце для агляду — менавіта на тым месцы, дзе яна была адшуканая.

Паказваючы мне тое месца, пробашч звярнуў маю ўвагу таксама і на падмуркі невядомых пабудоў, выпадкова знойдзеных рабочымі — і, зразумела, на вынікі цыклапічных гідраізяляцыйных прац. Падзякаваўшы яму за цікавы і змястоўны аповед, выправіўся назад у Мінск, каб даведацца болей пра знойдзеныя ў Нясвіжы парэшткі. Мяне чакалі сустрэчы з археолагамі і антраполагамі Акадэміі навук. Але пра гэта — у другой частцы артыкула.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар