Зацягнуты творчы раман Сяргея Раінчыка

№ 29 (1312) 22.07.2017 - 28.07.2017 г

Чаму папулярны музыкант апынуўся па-за Маладзёжным тэатрам эстрады і чым ён займаецца сёння
Гэтым матэрыялам у “К” стартуе цыкл інтэрв’ю пад назвай “Нязбіты лётчык” — з людзьмі культуры, якія некалі былі шырока або адносна вядомыя, але з часам нібы сышлі ў цень, з творчасцю, аднак, не парываючы, або застаючыся побач з ёю. З першым суразмоўцам — Сяргеем РАІНЧЫКАМ, мы не бачыліся каля дваццаці гадоў! Адпаведна, было, што ўспомніць...

/i/content/pi/cult/648/14398/27.jpgНекалькі слоў у абарону Агурбаш

— У сына кіраўніка і піяніста ансамбля “Верасы”, кампазітара Васіля Раінчыка, і адной з вакалістак гэтага калектыву Ірыны Цвятковай іншага шляху, як у музыку, не было?

— Мяне і не пыталі пра выбар прафесіі — аддалі ў музычную школу пры кансерваторыі і ўсё. Прычым бралі вучыцца граць на блок-флейце, бо на аддзяленне фартэпіяна месцаў не было. Але абурэнне вялікага Яўгена Аляксандравіча Глебава, які пра гэта даведаўся, было настолькі моцнае, што праз месяц мяне ўсё ж перавялі на “фано”. А паралельна я сур’ёзна займаўся адзінаборствамі, стаўшы ўрэшце кандыдатам у майстры спорту па каратэ.

— Ды ну! А як жа пальцы?

— А яны ў мяне былі вечна разбітымі. У школе я быў самым маленькім па росце, з даўгімі белымі валасамі — ідэальны аб’ект для нападак аднакласнікаў. Біўся пастаянна. І ў двары дома, дарэчы, таксама: у нас, падлеткаў, там свая “банда” была. Тата неяк сказаў: “Раз так, навучыся біцца прафесійна”. Ды сам адвёў у секцыю. Яшчэ былі іншыя віды барацьбы — скачкі ў ваду, плаванне, гонкі. Так што выбар паміж музыкай і спортам узнікаў. Але вельмі цвяроза ўзважыўшы, што музыкай можна займацца да канца жыцця, а век спартсмена кароткі, я спыніўся на першай.

— У “Верасах” ты апынуўся ў зусім юным узросце?

— У восем гадоў, у 1980-м. (Зразумела, што афіцыйна, па дакументах, я да пятнаццаці гадоў у ансамблі не лічыўся.) І адразу акунуўся ў бясконцыя гастролі. З-за гэтага ў школу не хадзіў па дзевяць-дзесяць месяцаў на год, і хоць у мяне быў дазвол на свабоднае яе наведванне, настаўнікі асаблівай любові да мяне, зразумела, не адчувалі. Пасля восьмага класа мяне адлічылі з фармулёўкай “з-за адсутнасці музычнасці”. Праз шмат гадоў я неяк зайшоў у тую школу, гляджу — на дошцы з фотаздымкамі знакамітых людзей, што ў ёй вучыліся, вісіць і мой. Я зняў яго, прыйшоў да дырэктара (гэта ўжо іншы быў, не той, які мяне выганяў), кажу: “Што за справы? Мяне з такім кайфам адсюль выбілі, а цяпер я вам сваім тварам асвятляю другі паверх? Не будзе гэтага, каб больш маё фота не вісела!”

Потым былі музычнае вучылішча імя Глінкі — дзяржэкзамен я здаў на пяць з плюсам (камісію тады ўзначальваў Міхаіл Фінберг, ён гэты плюс і паставіў), універсітэт культуры — таксама скончыў на “выдатна”.

— Са сцэны ты сышоў у канцы 1980-х?

— Напэўна, гэта ўсё ж быў год 1990-ы, калі да ансамбля далучылася Анжаліка Ялінская (цяпер Агурбаш). Яна прыйшла, а ўсе сышлі (нібы ў знак пратэсту) — музыканты, гукарэжысёры. Засталася толькі наша сям’я і Ліка. Вось тады і прыйшоў час, калі на тату сталі нападаць з усіх бакоў: маўляў, як ён мог узяць у калектыў абсалютна безгалосую дзяўчынку. На што той адказаў: “Спакойна, вы яшчэ ўбачыце, як яна вырасце”.

— Сяргей, але, паводле майго меркавання, Ліка-Анжаліка як не ўмела спяваць “ўжывую”, так і не ўмее. Не дадзена, колькі б Васіль Пятровіч і іншыя ні стараліся адшукаць у яе голас...

— Не ўмее. Але яна не спявачка, а артыстка. Яна магла проста прайсціся па сцэне туды-сюды — і зала ўжо пляскала. (Так і сёння па артыстычным дадзеных роўных ёй у Беларусі няма.) Я тады з ёй трошачкі павыступаў пад “мінусавую” фанаграму і пайшоў. Надакучыла. Засяродзіўся на працы ў студыі.

— У сярэдзіне 1990-х у “Верасах” з’явілася Ірына Дарафеева. Помніцца, табе прыпісвалі раман з ёй…

— Ён быў! Але толькі творчы... Пераехаўшы ў Мінск, яна спачатку нават жыла ў маёй кватэры, а я да бацькоў на гэты час перабраўся.

“Верасы” не знікалі ніколі

— Неўзабаве пасля яе прыходу “Верасы” і спынілі сваё існаванне...

— Як брэнд “Верасы” ніколі не спынялі сваё існаванне. І нават калі калектыў не выступаў, праходзілі канцэрты кшталту “Васіль Раінчык прадстаўляе...” У Беларусі было два вялікіх ансамбля — “Песняры” і “Верасы”. “Песняры” лепш спявалі, “Верасы” лепш гралі.

— А “Сябры” як жа, не вялікія?

— Таксама добры калектыў... У той перыяд, калі “Верасы” часова зніклі з поля ўвагі як ансамбль, я працягваў рабіць аранжыроўкі для татавых праектаў, займаўся гукарэжысурай, запісам. Сам нешта запісваў і даводзіў гэта да розуму.

— Ніколькі табе ні ліслівячы, выкажу сваё меркаванне. У 1990-х ты быў модным запатрабаваным аўтарам і вытворцам музычнага прадукту, быў сярод тых, хто першымі пачалі ў незалежнай Беларусі пісаць, запісваць, прадзюсаваць сучасную на той момант айчынную папулярную музыку...

— Чаму на той момант? Я і дагэтуль лічу: мала што ў сённяшняй постсавецкай поп-музыцы па якасці матэрыялу ды ўзроўню запісу можа параўнацца хаця б з гуртом New Jack City, якi я прадзюсаваў і для якога пісаў песні. А было гэта, на хвілінку, у канцы 1990-х! І прадукт той быў не проста айчынны: мы рэальна знаходзіліся ў трэндзе фірмовай, сучаснай сусветнай моладзевай музыкі.

— А потым — раз! — і асабіста з майго поля зроку ты кудысьці знік. Вось адразу пасля нейкага “Славянскага базару...” — ці то 1997-га, ці то 1998 года, дзе мы з табой тусаваліся. Што адбылося?

— Сукупнасць розных прычын. Расчараванне ў тых людзях, якім я пісаў і запісваў песні. Замаўляў такі чалавек кампазіцыю, я ўсё рабіў “ад” і “да”, ён яе забіраў і — ні слыху, ні духу, ні грошай за працу. А я ж з многіх “зрабіў” выканаўцаў. Менавіта “зрабіў”, калі пры запісе збіраў іх ніякія галасы ў адно легкатраўнае цэлае па кавалках. А потым назіраў па тэлевізары, як яны “шыкоўна спявалі” пад фанаграму. Шмат жа музыкі для нашых “зорак” мне ніколі не хацелася пісаць, не ведаю чаму.

Расчараванне ад таго, што тыя, каго я спрабаваў прадзюсаваць, укладваючы ў іх усе свае сілы, праз нейкі час пачыналі глядзець “у лес”, вырашыўшы, што і без мяне могуць чагосьці дасягнуць. Між іншым, ніхто нічога не дасягнуў.

Што яшчэ адбылося? Мой ад’езд у Маскву, дзе як гукарэжысёр і кампазітар спрабаваў знайсці сваю нішу і выканаўцаў. Пошукі гэтыя ішлі і праз гуказапісвальныя студыі, у якіх мяне спрабавалі жорстка ставіць на месца: “Ты рабі, што табе сказана, а ўласныя ідэі засунь у...” А са мной так размаўляць нельга — як кандыдат у майстры спорту па каратэ тады паварочваюся і сыходжу.

Прапаноўвалі таксама працаваць “неграм” для вядомых кампазітараў, якія б па тандэце куплялі мае песні і, выдаючы іх за свае, перапрадавалі, натуральна, за зусім іншыя грошы. Звычайная практыка ў постсавецкiм шоу-бізнесе. Але не для мяне. Я — не раб. Карацей, без грошай, нават пры наяўнасці сувязяў, у расійскай сталіцы ў шоу-бізнесе сёння табе імя зрабіць не дадуць. Будзь ты хоць тройчы таленавіты.

Далей былі мае вандроўкі па свеце, у асноўным па Еўропе, дзе я выступаў у клубах і гатэлях з каверамі і сваёй музыкай, выконваючы яе на клавішных і з дапамогай сінтэзатара. Потым — сямімесячны кантракт у Паўднёвай Карэі з працай па тым жа прынцыпе.

Але, нягледзячы на мае адлучкі, я ніколі не спыняў нешта рабіць для ўсяго, звязанага з “Верасамi”. 99,5% таго, што з 1988 года гучыць пад брэндам “Верасы” або “Васіль Раінчык прадстаўляе ...” (фанаграмы, аранжыроўкі і г.д.) — справа маіх рук і мазгоў. І толькі музыка магла быць яшчэ Таты або Мамы. Таксама нешта рабіў для тэлебачання, для канцэртаў рознага ўзроўню, для адбору на “Еўрабачанне”...

Давай, да пабачэння

— Некалькі гадоў таму твой бацька сышоў з пасады мастацкага кіраўніка Маладзёжнага тэатра эстрады. Ці больш правільна будзе сказаць — яго сышлі?

— Больш правільна будзе сказаць, што бацька ўсё роўна працуе ў тэатры, які мы адкрывалі ў 1997 годзе. Першапачаткова ён быў задуманы як нейкая база з выдатнымі музыкантамі і класным абсталяваннем. Дапусцім, у Мiнск павінен прыехаць замежны артыст, яго прадстаўнікі загадзя высылаюць нам песні (у ідэале — яшчэ і ноты), і мы робім інструментальную частку. Артыст прыязджае — калі ласка, да паслуг класныя “жывыя” музыканты, якія падрыхтавалі яго праграму. Спачатку так усё і ішло. А потым тэатр стаў ператварацца ў тое, што мы маем цяпер. Камусьці гэта падабаецца, хтосьці лічыць за лепшае не каментаваць яго працу. Я стаўлюся да апошніх.

А паколькі тата нейкі час сумяшчаў пасады мастацкага кіраўніка і дырэктара, ён узваліў на сябе масу адміністрацыйнай, гаспадарчай працы. І ледзь не надарваўся. Але росквіт матэрыяльна-тэхнічнай базы тэатра прыпадае на тыя гады. І дзякуй Богу, што тата сышоў з абодвух пасад, нарэшце ён — шчаслівы — спакойна піша музыку, і ніхто ды нішто яго ад гэтага не адрывае. Прычым піша не песенькі, а творы буйных формаў — як, напрыклад, музыку для парада ў гонар Дня Незалежнасці.

А мяне таксама некалькі гадоў таму з тэатра... аптымізавалі. Напэўна, застары я стаў для Маладзёжнага тэатра, у які цяпер заходжу як госць. Маму панізілі на пасадзе.

— Цяжкае пытанне задам... Навошта трэба было адраджаць “Верасы” ў тым выглядзе, у якім яны існуюць цяпер?

— Таму што людзі, асабліва старэйшага ўзросту, хацелі чуць тую музыку. І ім было ўсё роўна, хто яе спявае. Мы на іх запыт і адгукнуліся. Гледачы, якія трыццаць гадоў таму плакалі пад гэтыя песні, плачуць пад іх і сёння, хоць спяваюць іх выканаўцы іншага пакалення, зусім маладыя. Плачуць і прыносяць кветкі.

— Разумееш, калі б цяперашнія “Верасы” былі “жывым” — у сэнсе інструментальным — арганізмам, можа, і я да іх ставіўся б інакш. Мякчэй... У прыватнасці, заплюшчыў бы вочы на тое, што цяпер ансамбль, хутчэй, з’яўляецца праектам: яго склад за кароткі тэрмін мяняўся ўжо тройчы.

— Але апошні па вакале самы лепшы за ўвесь час існавання калектыву. А “жывы” склад — рэч для поп-гурта сёння практычна непад’ёмная: з фінансавага пункту гледжання. Хлопцы з цяперашніх “Верасоў” на інструментах граць умеюць!

— Але, скажам, “Песняры” гастралююць цалкам з “жывой” музыкай.

— Дзяржаўныя “Песняры”?

— Так.

— А ты ўпэўнены? У мяне няма ніякага канкрэтнага “кампрамату” менавіта на гэтых “Песняроў”, таму не буду нічога сцвярджаць. Але, ведаеш, прафесійныя музыканты лёгка могуць імітаваць “жывы” выступ, выставіўшы пры гэтым на сцэну купу апаратуры. Мне дастаткова зірнуць на пульт гукааператара, каб зразумець, які канцэрт “жывы” па-сапраўднаму, а які — нібыта “жывы”.

І сумны фінал…

— Што пішаш сёння?

— Таксама паспрабаваў сябе ў вялікай форме — склаў музыку для навагодняга шоу. Мноства гатовых мелодый і фрагментаў мелодый захоўваецца ў камп’ютары. Шкада, што выхаду ім пакуль няма. Столькі гадоў вучыўся пісаць і запісваць музыку — і няма каму цяпер яе прапанаваць! Праўда, зрабіў дзесяць песень для дзяўчыны-кубінкі, якасць запісу якіх па вартасці ацанілі мае замежныя калегі. Ствараю аранжыроўкі для мамы з татам. А з боку мне іх ужо і не замаўляюць — не ўмею я працаваць за 20 “у.а.”!

Я наогул “забіты” тым, што музыку цяпер можа рабіць любы салага, які мае камп’ютар і пэўныя праграмы. Яны дазваляюць кожнаму чалавеку, нават абсалютна далёкаму ад нот, “склеіць” любы твор, сабраць яго, нібы мазаіку. Але калі на Захадзе па-ранейшаму ў першую чаргу ў цане прафесіяналізм, то на тэрыторыях пераважнай большасці былых савецкіх рэспублік паўсюдна — з тэлевізара, радыё, са сцэны — гучаць такія скляпаныя на каленцы опусы. Так, цікавыя ідэі, няхай і ў зусім невялікай колькасці, сустрэць можна, але якасць запісаў — проста прыгнятае. Аднак самае страшнае, што вяшчальным СМІ яна і не трэба! Яна не трэба і самім выканаўцам, якія здавольваюцца такім танным прадуктам і ўжо перасталі разумець ды адрозніваць, дзе зроблена добра, а дзе дрэнна. Катастрафічна ўпаў прафесійны ўзровень.

— На беларускай поп-сцэне?

— Я не слухаю цяперашнюю папулярную беларускую музыку. Мне могуць нешта параіць паслухаць. Уключаю — і выключаю праз дзесяць секунд. Я слухаю толькі суперякасную замежную музыку, якая мне можа нешта даць у прафесійным плане, проста па душы здаецца мне непадуладнай часу. Але не з краін былога Саюза, там тая ж лухта, што і ў нас — ну, можа, за выключэннем пары імёнаў. Класіку слухаю. Слухаю працы бацькоў. Усё.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"