Атмасферу на вуліцы трэба ствараць свядома

№ 29 (1312) 22.07.2017 - 28.07.2017 г

У Віцебску адбыўся фестываль “На сямі вятрах”. Сем вятроў — сем кірункаў: тэатр, паэзія, жывапіс, перформанс, фаер-шоу, харэаграфія, музыка. Сем доказаў, што вулічнае мастацтва неабходна любому гораду.

/i/content/pi/cult/648/14391/14.jpgАляксандр Грыгор’еў,
дырэктар Беларускага тэатра “Лялька”

Па статыстыцы тэатр наведвае не больш за сем працэнтаў жыхароў Віцебска. А што рабіць з астатнімі? Як тэатр лялек мы шмат гастралюем і бачым, што адбываецца ў розных гарадах падчас фестываляў па ўсім свеце. У нашым горадзе даўно праводзіцца “Славянскі базар”, але гэта фестываль не тэатральны. Год за годам было відавочна, што людзям не хапае нейкай жывой дзеі па-за амфітэатрам, на вуліцах, таму спачатку ў 2014 годзе мы разам з Уладай Цвікі прыдумалі праграму “Лялечны квартал”. Назва невыпадковая — “Лялька” знаходзіцца ў цэнтры, побач пешаходная зона, а гэта цэлы квартал, дзе амаль нічога не адбываецца. Трэба было прывесці туды людзей.

У першым фестывалі ўдзельнічалі толькі тры тэатры — наш, гродзенскі і KUKFO з Санкт-Пецярбурга. Перад кожным спектаклем, што адбываўся ў будынку, на вуліцы працавалі артысты. Яны прыцягвалі ўвагу мінакоў, якія потым пыталіся, што адбываецца, — і траплялі ў глядзельную залу. Людзі, якія не ўваходзяць у тыя сем працэнтаў, што наведваюць тэатр. Пачаўся нейкі рух. Але Улада, як чалавек вельмі дзейны, хацела вялікі фестываль у адкрытай прасторы, бо, як яна паўтарае, атмасферу на вуліцы трэба ствараць свядома. І ў 2015 годзе ўжо гледачы з “Лялечнага квартала” ішлі глядзець вулічную праграму.

Нашы артысты паглядзелі, як працуе той жа тэатр “Кола”, натхніліся і прыйшлі да мяне: “Хочам стаць на хадулі”. Я папрасіў некалькі для ўзору, даў заданне майстэрні. Летась паставілі спектакль “Шагал. Сыход”. Без слоў. На хадулях. Паказвалі яго ў дворыку на вуліцы Пакроўскай, планавалі выступіць сёлета на плошчы, але дрэннае надвор’е не дазволіла. Лялечнікам цяжка прыстасавацца да такіх умоў, а “вулічнікі” працуюць і ў дождж, і ў спякоту. І менавіта яны справакавалі прафесійных артыстаў спусціцца са сцэны на брукаванку — туды, дзе можна сустрэць чалавека, які, можа, ніколі б не прыйшоў да нас у тэатр, і запрасіць яго.

Цяпер пешаходны квартал выглядае зусім інакш, атмасфера змянілася, бо прастора жыве. Не ўсё так, як хацелася б. Ёсць праблема ў тым, што тэатры, паэты, мастакі дзеляць адну тэрыторыю з падворкамі. Напрыклад, ідзе ціхі спектакль, а гучная музыка ўсё перабівае. Так не павінна быць. Мы робім адну справу — арганізуем свята, аб’ядноўваем ім людзей. Але вуліца — прастора для адкрытага дыялогу, дзе можна бесканфліктна вырашыць любыя пытанні.