Арганізатарамі гэтай канферэнцыі, акрамя вышэйназванай акадэміі, выступілі Камітэт па адукацыі Урада Санкт-Пецярбурга і вучэбна-метадычная газета “Мастацтва” горада Масквы.
Для ўдзелу ў канферэнцыі былі запрошаны і супрацоўнікі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля — генеральны дырэктар Алег Рыжкоў і загадчык аддзела навукова-асветніцкай работы і па сувязях з грамадскасцю Надзея Брагіна. Акрамя таго, Беларусь на дадзенай канферэнцыі прадстаўляла таксама і кіраўнік Цэнтра інфармацыйных тэхналогій і рэсурсаў аддзела адукацыі Гомельскага райвыканкама Ірына Марозава.
Канферэнцыю адкрывала прывітальным словам А.Кучарава — першы намеснік старшыні Камітэта па культуры Урада Санкт-Пецярбурга. У канферэнцыі ўзялі ўдзел прадстаўнікі такіх гарадоў Расійскай Федэрацыі, як Санкт-Пецярбург, Масква, Ніжні Ноўгарад, Новасібірск, Мегіон, Казань, Белгарад, Нар’ян-Мар і шмат іншых.
Выступленне загадчыцы аддзела навукова-асветніцкай працы Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Н.Брагінай тычылася тэмы ролі музея ў выхаванні асобы, арганізацыі працы з дзецьмі і рэалізацыі комплексна-мэтавай праграмы “Музей — школе” ў названай установе.
Па завяршэнні работы канферэнцыі былі названы лепшыя даклады, у якіх быў паказаны самы цікавы вопыт працы. Сярод іх былі названы даклады І.Марозавай і Н.Брагінай, якія былі адзначаны спецыяльнымі сертыфікатамі.
Вынікам удзелу гамяльчан у канферэнцыі стала дамова аб сумесным супрацоўніцтве па праблеме “Музей і Школа” з Дзяржаўным Рускім музеем (Санкт-Пецярбург), у тым ліку з Аляксеем Бойкам, загадчыкам сектара Расійскага цэнтра музейнай педагогікі і дзіцячай творчасці. У далейшым плануецца заключэнне трохбаковай дамовы (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Дзяржаўны Рускі музей і Цэнтр інфармацыйных тэхналогій і рэсурсаў аддзела адукацыі Гомельскага райвыканкама) аб сумеснай дзейнасці па вышэйназванай праблеме.
Наш кар.