Ужо традыцыйна ён сустракае самыя значныя падзеі свайго жыцця на малой радзіме, у невялічкай прыбужскай вёсачцы Камароўка Брэсцкага раёна, дзе ўдзячныя землякі заўсёды яго чакаюць. Таму не дзіўна, што напярэдадні юбілея Пётр Ільіч наведаў дарагі сэрцу куточак зямлі.
З нагоды 75-годдзя прымаў касманаўт віншаванні і ў Брэсце. Канферэнц-зала гарвыканкама сустракала Пятра Клімука гукамі свірыдаўскай “Мяцелі” ў выкананні струннага квартэта Corde-cantabile выкладчыкаў Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Рыгора Шырмы. З нагоды былі падрыхтаваны тры экспазіцыі: Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага і аддзела тэхнічнай творчасці дзяцей абласнога цэнтра турызму і краязнаўства.
Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс прэзентаваў юбіляру 50 кніг “П.І. Клімук: жыццё і працоўны подзвіг”, складальнікам якой з’яўляецца мясцовы пісьменнік Мікола Панасюк.
Званні, рэгаліі, а таксама ўзнагароды Пятра Ільіча можна доўга пералічваць, але трэба ведаць, што за гэтымі дасягненнямі стаіць цяжкая праца і нязломная мэтанакіраванасць. І падчас палётаў у космас, якія агулам склалі 78 дзён 18 гадзін 18 хвілін 42 секунды, Пётр Ільіч заўжды памятаў пра Беларусь.
На здымках: Пятра Клімука віншуюць з 75-годдзем.
Марына КЛІМУК, вядучы метадыст-менеджар Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра