Дарога да самой сябе

№ 28 (1311) 15.07.2017 - 21.07.2017 г

Чаму артыстам не трэба нічога баяцца на сцэне і што рабіць дома, каб не сумаваць падчас святкавання дзвюх круглых дат — 55-годдзя з дня нараджэння і 35-годдзя творчай дзейнасці — мы пагаварылі з актрысай Коласаўскага тэатра Святланай Жукоўскай.

/i/content/pi/cult/647/14377/3.jpg— Наколькі я ведаю, твае мама і тата былі настаўнікамі, ігралі ў Астрынскім народным тэатры на Гродзеншчыне, дзе ў цябе таксама адбыўся акцёрскі дэбют. А вось якую ролю адыгралі твае бацькі ў выбары прафесіі?

— Асаблівага выбару ў мяне не было: альбо школа, альбо самадзейнасць. Яны бачылі, што мне падабаецца спяваць, таньчыць. І не перашкаджалі. Калі ў мяне ў 10 класе быў добры атэстат, спадзяваліся, што ўсё ж пайду ў настаўніцы — рускай альбо беларускай мовы і літаратуры (гэтыя прадметы мне асабліва добра даваліся). Я ж ім сказала: “Не! Хачу быць артысткай!” Яны і пагадзіліся з маім выбарам. Нават падтрымалі. Маці ж бачыла, што я жыла ў нейкім сваім свеце, яна мне заўсёды казала: “Дачушка, ты ж рэальна глядзі на жыццё, што ты ўсё на неба пазіраеш”. А я і сапраўды ў дзяцінстве заўсёды глядзела ўгару, таму ў мяне вечна былі збітыя каленкі.

— А тое, што бацькі ігралі ў народным тэатры — гэта неяк паўплывала?

— Так. Быў у нас спектакль “Ганка” паводле п’есы Уладзіслава Галубка. Я са старэнькім дзядулем павінна была падысці да магілы маці. І вось на адным з паказаў я чамусьці спалохалася і ледзь не страціла прытомнасць. Мая матуля знайшла ў зале іншую дзяўчынку, якая і замяніла мяне, ды нават і рубель за ігру зарабіла (раней у народных тэатрах артыстаў гэтак падтрымлівалі). Маці сказала: “Святланка, калі хочаш быць артысткай, ніколі не трэба баяцца”.

— У дзяцінстве ты добра спявала, валодала выдатным голасам, цябе нават запрашалі вучыцца ў Маскоўскую кансерваторыю. Не шкадуеш, што не зрабілася прафесійнай спявачкай?

— Раней шкадавала, калі маладая была. Падчас вучобы ў ГІТІСе я пазнаёмілася з Феліксам Царыкаці (зараз заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі, народны артыст Паўднёвай Асеціі і Інгушэціі). Ён вучыўся на 2-м курсе на стацыянары, я на 3-м. Фелікс запрасіў мяне ў сваю кампанію. Я лавіла на сабе скептычныя позіркі і сказала: “Фелікс, іграй! Джаз!” І пачала спяваць. Усе былі ўзрушаны. Царыкаці мне: “Света, давай я заўтра ж пазваню педагогу па вакале. Ён возьме цябе на курс”. І тут я зразумела, што магу згубіць сям’ю, калі застануся ў Маскве на стацыянары. Тым больш
у мяне ўжо падрастаў сын Мікіта. І я зрабіла выбар на карысць Віцебска і сваёй сям’і. Але цяпер не шкадую. Каб я не стала драматычнай артысткай, не прайшла гэты шлях у 35 гадоў, то і не спявала б так, як цяпер. Я ствараю на сцэне спектакль. А ці атрымалася б так, каб пайшла ў тую эстраду? Магла б згубіцца сярод тысяч.

— Якім чынам дзяўчынка з Гродзеншчыны трапіла ў Віцебск, у славуты Коласаўскі тэатр?

— Зноў жа выпадак. Мы заканчвалі з Раісай Грыбовіч вучылішча мастацтваў у Гродне, і ў нас былі чырвоныя дыпломы. Мяне адпраўлялі ў Астрыно кіраваць народным тэатрам. Раю браў Уладзімір Мішчанчук у Гродзенскі драмтэатр актрысай. Але тут маёй выкладчыцы па сцэнічнай мове Зоі Піткевіч пазваніў колішні дырэктар Коласаўскага тэатра Геральд Асвяцінскі. Там тады шукалі выканаўцу на ролю Настачкі ў “Несцерцы”. І Зоя Пятроўна параіла мяне. Вельмі не хацелася адной ехаць. Угаварыла сяброўку Раю. І так нам пашанцавала, што абедзвюх узялі.

— А чаму не адразу сыграла Настачку? Здаецца, толькі праз сем ці восем гадоў?

— Не ведаю. Чамусьці цягнулі. Можа, лічылі, што мне пакуль ранавата? Толькі ў 27 гадоў я яе сыграла. І выходзіла ў гэтай ролі недзе да 42-43 гадоў.

— Ты трапіла ў славуты тэатр, пайшлі першыя лірычныя ролі. А чаму раптам узнікла жаданне паехаць у Маскву, працягваць адукацыю ў ГІТІСе? І што больш важнае для акцёра: прафесійнае навучанне ці практычны досвед?

— І першае, і другое. Інстытут абавязкова трэба прайсці. Але і практыка тэатра — гэта выдатная школа. Дыплом для мяне ў тэатры многае расставіў на свае месцы. Я ўжо не чула скептычныя рэплікі ў свой адрас. Я, нібы губка, усмоктвала ўсё, што мне казалі настаўнікі, старэйшыя артысты-коласаўцы. Калі была маладзенькай актрысай, рэжысёр Валерый Мазынскі ўводзіў мяне ў нейкі спектакль, у мяне не ўсё атрымоўвалася, ён пакрыкваў на мяне. Са мной заўсёды быў нататнік, куды я запісвала свае думкі. Накідала: “Як цяжка!” — і пайшла далей працаваць. Вяртаюся, а там нехта напісаў: “Дзяўчынка мая, першыя 25 гадоў будзе цяжка”. І толькі праз 10 гадоў мая старэйшая калега Людміла Пісарава прызналася, што гэта яна напісала. Прайшоўшы вялікі шлях, я зразумела, што яна мела рацыю, і толькі цяпер сапраўды ўпэўнена адчуваю сябе ў гэтай прафесіі.

/i/content/pi/cult/647/14377/2.jpg— Фаіна Ранеўская некалі сказала: “Пасля спектакля, у якім я іграю, не магу заснуць усю ноч ад хвалявання. Але калі доўга не іграю, я зусім не магу спаць”. Аб якой сваёй ролі ты тое ж самае можаш сказаць? Ці гэта адносіцца да ўсёй творчасці ў цэлым?

— Можна сказаць, што і да ўсёй творчасці. Але ёсць ролі, якія хутчэй і лягчэй даюцца, а ёсць такія, што патрабуюць і больш доўгага працэсу падрыхтоўкі, і большых высілкаў. Ды толькі кожная з іх — гэта і сумненні, і бяссонныя ночы, калі ты і на вуліцы думаеш пра яе, і дома. Трэба многа ўкласці, каб ніхто не змог цябе ў гэтай ролі паўтарыць.

— І, напэўна, гераіню сваю палюбіць?

— Вядома. Прычым безадносна да таго, станоўчая роля ці адмоўная. І на родных тваіх гэта часцяком уплывае. Ну добра, што ў мяне муж — артыст. Ён мяне зразумее, калі што.

— Якія самыя складаныя і самыя любімыя твае ролі?

— Я была яшчэ нявопытнай дзяўчынкай, калі атрымала ролю Суяніты ў спектаклі “14 чырвоных хацінак” па п’есе Андрэя Платонава. Працавала ў пары з народным артыстам Беларусі Уладзімірам Куляшовым, сапраўдным карыфеем. Ён цудоўна валодаў прафесіяй. А я не. І ён мне казаў: “Света, будзь у партнёры, і калі акцёр добры, ён цябе выратуе”. Я сябе па-сапраўднаму вымуштравала, таму што поруч працаваў мой выдатны старэйшы калега. І ў выніку атрымала дыплом Саюза тэатральных дзеячаў за лепшую жаночую ролю. Сярод любімых, хаця і складаных роляў, — Катарына з “Утаймавання наравістай”. А таксама Рэгана з “Караля Ліра”. Яна мусіла быць хітрай, непадступнай, напышлівай. А мне такіх рыс не хапала: бацькі заўсёды вучылі быць з усімі людзьмі на роўных. І мне не ставала ганарлівасці. Спярша роля не вельмі атрымлівалася. І толькі пасля паказу спектакля ў Германіі, рэжысёр Валерый Маслюк падышоў да мяне і сказаў: “Ты сыграла так, як я хацеў”.

— Тандэм з таленавітым расійскім рэжысёрам Юрыем Пахомавым выліўся ў вельмі яскравыя твае работы і, магчыма, яго непрацяглая адсутнасць у нашым тэатры паўплывала і на некаторы спад тваёй творчай актыўнасці. Як бы ты магла ў некалькіх словах вызначыць яго метад работы з акцёрамі?

— Я вельмі ўдзячная лёсу, што такі чалавек у маім жыцці з’явіўся. Калі мы скончылі разам інстытут і павінны былі раз’ехацца, ён сядзеў з гітарай і нешта спяваў. Я расплакалася і ў роспачы прамовіла: “Юра, ты такі таленавіты, няўжо мы ніколі больш не ўбачымся?” А ён мне ў адказ: “У мяне такое адчуванне, што мы з табой яшчэ сустрэнемся”. Прайшлі гады. Я адчула, што няма развіцця, і патэлефанавала яму. У выніку з’явілася Катарына, Разаліна і яшчэ шмат іншых роляў. Пахомаў — гэта любоў да артыстаў, прафесіяналізм. Ні на адну рэпетыцыю ён не дазволіў сабе прыйсці непадрыхтаваным. Якое б пытанне ты ні задаў, ён заўсёды мае адказ. У яго пасекундна ведаеш, што табе трэба рабіць на сцэне.

— Калі здараецца творчая паўза, чым ты сябе натхняеш? Музыка, кнігі, нейкая іншая творчасць, удзел у вечарынах, імпрэзах?

— Спачатку гэта былі кнігі і творчыя сустрэчы. Некалі мне народная артыстка Зінаіда Канапелька казала: “Хочаш быць сапраўднай артысткай? Ідзі ў народ”. І я за 35 гадоў правяла нямала творчых сустрэч. З Наталляй Аладка мы зрабілі шэраг праектаў — тры вечары рамансаў, адзін ваенна-патрыятычнай песні, спектакль пра Максіма Багдановіча. Мяркую, што ён нядрэнны атрымаўся. Стараюся нешта рабіць, каб не прыходзіць дахаты і сумаваць. Маркота — гэта адзін з найцяжэйшых грахоў.

— Вас з артыстам Георгіем Лойкам звязваюць не толькі асабістыя, але і творчыя стасункі. Вы часта выступаеце як партнёры па сцэне. Наколькі вашы сямейныя адносіны дапамагаюць большай жыццёвай глыбіні адчуванняў, пачуццяў, суіснавання на сцэне?

— Вельмі дапамагаюць. Мы адчуваем адзін аднаго нават спінамі, гэта ўплывае на тое, што і на сцэне нам лёгка працаваць. Калі некалькі гадоў таму Аляксандр Дольнікаў узяў для пастаноўкі раман “Касметыка ворага” Амелі Натомб, то папрасіў кіраўніцтва, каб ігралі менавіта мы. Але ж дзесьці год мы былі занятыя, і ён чакаў.

— У маі адбыўся бенефіс з красамоўнай назвай “Па сцэне босымі нагамі…”

— Гэта была размова з гледачом і з маімі калегамі. На сцэне будуць мае блізкія сябры і творцы. І мы з імі пастараліся распавесці праз нейкія тэатралізаваныя эпізоды, сцэны, якія не іграюцца ў спектаклях, але ўзніклі толькі на адзін вечар, пра тое, хто мы такія. Вядома, спявала рамансы. Таму што праз гэты жанр я магу быць па-сапраўднаму шчырай, а я хачу быць такой, якой нарадзілі мяне мае бацькі. Адзін іераманах сказаў: “Да дваццаці год мы такія, якія прыйшлі на гэтую зямлю. З дваццаці да сарака мы многае губляем, пачынаем больш прыкідвацца, думаць, што мы зашмат значым, а пасля сарака чалавек вяртаецца да самога сябе. Вось і гэты вечар быў для мяне як дарога да самой сябе. Па сцэне нашага тэатра хадзіла і ходзіць вельмі многа людзей. Мая праца таксама прысвечана ім — Коласаўцам.

Гутарыў Юрый ІВАНОЎСКІ