46 кніг за раз. Вось гэта чытач!

№ 28 (1311) 15.07.2017 - 21.07.2017 г

Як трэба працаваць, каб паважаць сябе
На пытанні “К” адказвае дырэктар Зэльвенскай райбібліятэкі Святлана ЖАМОЙЦІНА Па выніках сёлетняга рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” гэтая ўстанова сярод гарадскіх і раённых заняла першае месца ў намінацыі “За пошукавую і даследчую працу”. Супрацоўнікі стварылі базу даных па Ганненскім кірмашы, каб брэнд раёна і надалей развіваўся на гістарычнай аснове. Але гаворка са Святланай Жамойцінай — не толькі пра гэта. Мы паспрабавалі акрэсліць з ёй якасці ды ўменні, што вызначаюць прафесіяналізм бібліятэкара.

— Святлана Антонаўна, у вас няма цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, але раённая бібліятэка па-ранейшаму курыруе сельскія?

— Рэарганізацыя адбылася ў 2015 годзе. У склад раённай бібліятэкі ўвайшла раённая дзіцячая і дзесяць сельскіх. За апошнія гады была зачынена адна бібліятэка, дзве сталі інтэграванымі і перайшлі ў падпарадкаванне аддзела адукацыі. Засталася аптымальная колькасць. Ды плюс бібліёбус, разлічаны на абслугоўванне маланаселеных вёсак.

/i/content/pi/cult/647/14374/3.jpg— Даўно мы пра аўтабібліятэкі не гаварылі. Ёсць праблемы з бензінам, з заменай зімовай гумы на летнюю? У іншых раёнах ды абласцях мы час ад часу чуем менавіта такія аргументы ў апраўданне кепскай, бессістэмнай працы бібліятэкі на колах.

— Няма ў нас такой праблемы! Штомесяц складаем графік дзейнасці бібліёбуса і стараемся яго не парушаць. Безумоўна, усякае бывае: і чалавек захварэе, і машына зламаецца. Але мы ў любым выпадку выязджаем да сваіх чытачоў на іншым транспарце і пытаемся, якія канкрэтна выданні яны ад нас чакаюць. Каб не было так: прывезлі тое, што чытачу нецікава.

— Пытанне, якога баяцца многія з бібліятэкараў: якая перыядычнасць выезду бібліёбуса ў асобна ўзятае паселішча?

— Тут таксама не ўсё проста. У нас — восем маршрутаў. Першы год мы досведу набіраліся і адкрылі для сябе, што туды, дзе больш маладое насельніцтва (тры маршруты) і попыт на кніжкі вельмі вялікі, мы скіроўваемся раз на месяц. Дзе пераважаюць жыхары больш сталага ўзросту (пяць маршрутаў) — мы наведваемся два разы за месяц. Але і гэтая “арыфметыка” будзе для вас, напэўна, не надта паказальнай вось з якой прычыны. Людзі ў нас прывучаны! Што за бяда, калі мы ў нейкай вёсцы бываем два разы за месяц? Пастаянныя чытачы па тэлефоне замаўляюць, што ім трэба, і мы вязем адрасны “груз”. Такія наведвальнікі, бывае, за раз бяруць у адны рукі па 46 кніг! Пры двухбаковым пастаянным кантакце з сельскім чытачом эфектыўнасць працы аўтабібліятэкі павышаецца ў разы. Пры такім раскладзе больш эфектыўна расходуюцца і бюджэтныя сродкі на ўтрыманне аўтатранспарту

— Пераканалі. Сістэма даволі гнуткая ды эфектыўная… Дарэчы, яшчэ адно пытанне з журналісцкай практыкі. Іншым разам заглядаем у лісткі кнігавыдачы, што маюцца ў кожнай бібліятэчнай кніжцы, а яны — пустыя! У вас яны запаўняюцца?

— Канешне. Ёсць такое правіла. Без гэтага немагчыма прасачыць рух выдання, абарачэнне ўсяго фонду. А такі ўлік — зусім не фармальны. Важна пастаянна маніторыць сітуацыю: якія кніжкі карыстаюцца попытам, якія — не. Інакш праблематычна займацца папулярызацыяй, скажам, беларускамоўных выданняў. А мы гэтым займаемся мэтанакіравана. Вельмі часта да нас звяртаюцца пісьменнікі з просьбай даследаваць, як часта чытаецца іх кніга.

/i/content/pi/cult/647/14374/4.jpg— З сельскімі кадрамі як? Ці ёсць сярод вашых калег учарашнія даяркі ці паляводы?

— Такіх няма. Ва ўсіх дзесяці сельскіх бібліятэках — кваліфікаваныя кадры са спецыяльнай адукацыяй. Былая настаўніца ёсць з вышэйшай педагагічнай адукацыяй, якая прайшла перападрыхтоўку. Цудоўны вопыт работы з дзецьмі.

— Няўжо ўсё так беспраблемна? Пра што марыце, Святлана Антонаўна?

— Папаўняецца кніжны фонд рэгулярна, з падпіскай усё добра. Кніжак беларускіх аўтараў мы атрымліваем дастаткова. Але ж нашы дасведчаныя чытачы хочуць быць у курсе літаратурнага працэсу, да прыкладу, у Расіі, дзе на сёння таксама шмат знакавых аўтараў. Я думаю, што кожная бібліятэка імкнецца прадаставіць магчымасць чытачам знаёміцца з самымі цікавымі, “моднымі” літаратурнымі творамі па меры іх выхаду ў свет. Атрымаць як мага больш цікавых кніг — мара любога бібліятэкара.

— “Культуру” паўсюдна выпісваеце?

— Ці ж можа быць інакш!

— Дзякуй вам за гэта вялікі! Святлана Антонаўна, давайце цяпер пра ваш пераможны праект, звязаны з гісторыяй Ганненскага кірмашу. Напэўна, і ў замежных архівах папрацаваць давялося?

— Якраз і не. Мы вялі перапіску з дзяржаўным архівам Літвы і выявілі мінімум патрэбных звестак. Для замежных грамадзян амаль усе паслугі архіва платныя, да прыкладу — 1 — 5 еўра за сканаванне адной старонкі дакументаў XVII — XVIII стагоддзяў. А камандзіровачныя выдаткі? Не, мы засноўваліся на базе, напрацаванай айчыннымі навукоўцамі з Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Шмат у чым дапамаглі і краязнаўцы.

— Што атрымалася на выхадзе?

— Даволі ёмісты інфармацыйны банк: традыцыйная папяровая картатэка, архіў навуковых прац за многія гады, зборнік “Ганненскі кірмаш: мінулае, будучае, сучаснае” паводле нашых навукова-практычных канферэнцый (не кожны раён можа пахваліцца такім выданнем), фотаархіў на нашым сайце, тут жа вы знойдзеце і электронную базу дадзеных па гісторыі кірмашу, зборнік вершаў мясцовых аўтараў пра кірмаш, дайджэст усіх друкаваных публікацый СМІ пра наш раённы кірмашовы брэнд. І гэта толькі асноўныя вынікі нашай даследчай працы.

/i/content/pi/cult/647/14374/5.jpg— Таксама бярыце грошы за выкарыстанне гэтых звестак.

— Ну што вы, мы адкрытыя для супрацоўніцтва.

— Няхай вас падтрымлівае Святая Ганна, у гонар якой і названы кірмаш… Ці асвойваеце вы формы дзейнасці, якія спрадвеку прынята было называць клубнымі?

— У першую чаргу тыя, якія заклікаюць да развіцця чытання, да папулярызацыі роднай мовы і літаратуры.

— І што вы тут прыдумалі цікавага?

— Хочацца згадаць раённае свята паэзіі і музыкі Сакавіны, якія мы ладзім увесну, калі абуджаецца прырода. У гэты час да нас па традыцыі прыязджаюць знакамітыя беларускія пісьменнікі на чале з нашым земляком Уладзімірам Мазго. За апошнія гады насельніцтва мястэчка мела магчымасць сустрэцца з цудоўнымі творцамі — Міхасём Пазняковым, Міколам Мятліцкім, Генадзем Пашковым, Алесем Марціновічам, Анатолем Зэкавым, Віктарам Шніпам і многімі іншымі. На мой погляд, гэта вельмі эфектыўная форма працы з чытачом.

 

— Дарэчы, як паказвае журналісцкая практыка, вельмі рэдка сталічныя празаікі і паэты наведваюць сельскія ды раённыя бібліятэкі. Заўжды адносім такую акалічнасць у недаравальны мінус і першым, і другім.

— Нас сталічныя творцы наведваюць з задавальненнем. Але, натуральна, не кожны дзень. Маем шмат прыкладаў нашых шчыраванняў па-за межамі бібліятэчных стэлажоў. Ёсць акцыі, звязаныя з дзейнасцю летніх чытальняў пад адкрытым небам. Пастаянна наладжваем “гучныя” чытанні тэматычных твораў на вуліцах і пляцоўках горада. У сценах бібліятэк адбыўся цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных юбілеям пісьменнікаў, цыкл мерапрыемстваў да Года навукі, вялася работа ў рамках праекта “Экадыліжанс”. Стала традыцыйным правядзенне прэзентацыі паэтычных зборнікаў твораў мясцовых пісьменнікаў. Такі піяр мовы, кнігі ды чытання не можа не прыносіць істотны плён.

— У чым, на ваш погляд, асноўная якасць бібліятэкара?

— У ягонай незаспакоенасці і ў вялікай любові да кнігі і да чытача, у тым ліку і да патэнцыйнага. Дарэчы, ад узросту такая рыса спецыяліста-прафесійніка не залежыць.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"