Пра мядовы настрой, еднасць клубнікаў ды фермера і шпацыр з Песняром

№ 28 (1311) 15.07.2017 - 21.07.2017 г

Штосьці мала ў рэдакцыйным партфелі інфармацый з нашых раённых музеяў. Няўжо захавальнікі памяці такія сарамлівыя? І раптам навіна з Брагіна. Мясцовы гістарычны музей з карціннай галерэяй, які апрача сваёй асноўнай навукова-даследчай ды экспазіцыйнай дзейнасці займаецца яшчэ і адмысловымі тэатралізацыямі, рыхтуе чарговую, чацвёртую па ліку, дзею. Яна гэтым разам будзе прысвечана 870-годдзю гарадскога пасёлка. Як паведамляе “К” выконваючая абавязкі кіраўніка ўстановы Надзея Мялешка, наведвальнікі музея ўбачаць тэатральную замалёўку пра міфічных істот: дамавіка, лазніка, вядзьмарку… Прычым расповед пра гэты незвычайны народ будзе весціся на падставе фактаў, сабраных музеем у вёсках раёна. Так што характарыстыкі ў міфічных асоб — вельмі адрасныя. (Аказваецца, асабліва падступныя на Брагіншчыне — вядзьмаркі.) У дзеі будуць браць удзел усе пяць музейных супрацоўнікаў. Нават тыя, хто ў дэкрэтным адпачынку. Вось гэта, я разумею, самаахвярнасць!

/i/content/pi/cult/647/14372/1.jpg

Вядучы бібліёграф Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Кацярына Варанько паведамляе нашай рэдакцыі, што яе ўстанова рыхтуе міжнародны кангрэс “500 гадоў беларускага кнігадрукавання”, міжнародны выставачны праект “Францыск Скарына і яго эпоха”. Сёлета будзе завершана і міжнародная навуковая ды выдавецкая акцыя “Кніжная спадчына Францыска Скарыны". А яшчэ ў бюлетэні “Новыя кнігі: па старонках беларускага друку" (2017, № 4), які выдае НББ, змешчаны бібліяграфічны спіс “З гісторыі беларускага кнігадрукавання (1517 г. — XVIII ст.). Як піша Кацярына Варанько, ён складаецца з наступных раздзелаў: “Узнікненне кнігадрукавання”, “Францыск Скарына — слава і гонар Беларусі”, “Брэсцкія друкарні”, “Кнігадрукаванне ў Нясвіжы”, “Друкарня ў Заблудаве”, “Віленская друкарня Мамонічаў”, “Віленская брацкая друкарня”, “Куцеінская друкарня” “Магілёўская брацкая друкарня”, “Супрасльская друкарня”, “Віленская акадэмічная друкарня”. Усе раздзелы спіса суправаджаюцца невялікімі нарысамі. Думаецца, бібліяграфічнае выданне Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі будзе цікава ўсім, хто займаецца гісторыяй беларускай кнігі.

Вельмі радуе той факт, што на Беларусі з’яўляюцца брэндавыя святы. Гэтым разам — на Ашмяншчыне. Аграгарадок Граўжышкі ўпершыню правёў мядовы кірмаш. У мясцовым сельсавеце — аж 14 пчаляроў. Да прыкладу, сям’я Сінкевічаў займаецца пчалярствам 34 гады. “Мядовы” настрой дапамаглі стварыць удзельнікам свята работнікі культуры ды творчыя калектывы з Кальчун і Мураванай Ашмянкі. Выступіў і мясцовы народны сямейны ансамбль “Граўжанцы”.

Яшчэ адна інфармацыя з Ашмяншчыны. Цудоўны прыклад дзяржаўна-прыватнага партнёрства: Купалле ў сёмы раз адбылося на беразе возера фермерскай гаспадаркі “Іванава”, якой валодае Іван Кунюта. А падрыхтавалі ды правялі свята сельскі клуб аграгарадка Баруны і Ашмянскі раённы цэнтр культуры. Выступілі народны ансамбль “Жытніца” і сямейны цыганскі гурт “Джана Рома”.

І гэта яшчэ не ўсё пра культуру Ашмяншчыны. Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ашмянскай раённай бібліятэкі Святлана Галінская распавяла пра работу клуба “Сустрэча”, якім кіруе. Клуб цалкам апраўдвае сваю назву. Тут чытачы знаёмяцца з цікавымі асобамі. Гэтым разам у бібліятэку прыйшла смаргонская паэтка Ала Клемянок. Прыйшла не адна, а з сяброўкай Таццянай Кляшчонак. Яны спявалі і чыталі вершы.

Купалле ў Віцебскім раёне прайшло на беразе возера Сосна ў Доўжы, як паведаміў Андрэй Струнчанка. Аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага райвыканкама дапамагла Віцебская бройлерная птушкафабрыка. Вынік сацыяльнага партнёрства прыцягнуў нават турыстаў з Латвіі ды Расіі.

“На Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, — паведаміла галоўны бібліёграф Навагрудскай раённай бібліятэкі Святлана Чубрык, — бібліятэкары прайшлі разам з іншымі працоўнымі калектывамі ў святочнай калоне. Сцяг горада і раёна ўзняла на свяце загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі нашай установы Іна Шаўчук, а дырэктар бібліятэкі Ірына Царук атрымала падарунак як пераможца конкурсу “Лепшы кіраўнік 2016 года”. Піша Святлана Канстанцінаўна і пра конкурс чытальнікаў, што прайшоў каля бюста Якуба Коласа.

Пра Іну Шаўчук напісалі вышэй, але і яна сама добра валодае мовай, асадкай ды клавіятурай. Іна Анатольеўна распавяла пра тое, што ў Навагрудскай раённай бібліятэцы прайшла прэзентацыя новай кнігі літаратуразнаўца, крытыка, культуролага, перакладчыка, тэкстолага Вячаслава Чамярыцкага. Аўтар падараваў кнігу “Жыватворная спадчына” бібліятэцы.

Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі Таццяна Красінская распавядае: “Ва ўсіх бібліятэках раёна ладзяцца мерапрыемствы з нагоды 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы. Да прыкладу, у нашай установе адбылося літаратурна-музычнае падарожжа “Вялікі майстар беларускага слова”. Супрацоўнікі разам з юнымі чытачамі “прайшліся” жыццёвымі і творчымі сцяжынамі Песняра”.

Галоўны бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Столінскай раённай бібліятэкі Ірына Навумчык напісала пра мерапрыемства, прымеркаванае да Дня ўсенароднай памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны. Адбылася і сустрэча з пісьменнікам-земляком Вячаславам Домнічам, які прэзентаваў сваю новую кнігу “Халакост на Століншчыне”.

А вось інфармацыя ад загадчыка аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Васіля Праскурава Таццяны Маляўка. Яе ўстанова рэалізоўвае цяпер праект “Беларусь — краіна кніг!” На Дзень Незалежнасці ля ўстановы працавала выстава старых выданняў. “У вялікай самаробнай кнізе, — паведамляе аўтар, — змяшчаліся "пергаментныя" скруткі з нумаркамі. З іх дапамогай бібліятэкары разыгрывалі бяспройгрышную латарэю. А на выставе была Біблія на французскай мове ў пазалочаным афармленні 1840 года. Узнікла і была рэалізавана ідэя “Сэлфі з кнігай”. Праходзілі таксама акцыі “Стань чытачом бібліятэкі” і “Чытаем класікаў услых”.

Віктар Хурсік піша: “На колішняй сядзібе графаў Завішаў у Жорнаўках (Асіповіччына) адбыліся першыя паэтычныя чытанні, прысвечаныя Магдаліне Радзівіл. Яна валодала гэтым маёнткам з 1889-га па 1918-ы год. Дарога да такога свята доўжылася не адзін год. Цікаўнасць да асобы Магдаліны абудзілі ў свой час начальнік мясцовага аддзела культуры Васіль Налівайка і дырэктар раённай бібліятэчнай сістэмы Валянціна Логвін”. Згаданае свята рыхтавалася талакой. На месцы маёнтка ўсталявалі мемарыяльны камень. Цяпер — пра свята. Бібліятэкары падрыхтавалі кніжную выставу. Спецыяльны аўтобус падвозіў людзей з аддаленых вёсак. Работнікі культуры арганізавалі тэатралізаваную дзею, выступіў народны ансамбль “Сузор’е”, які нядаўна вярнуўся з Францыі, свае вершы чыталі мясцовыя паэты.

І яшчэ некалькі купальскіх інфармацый. Каля Лідскага замка фальклорна-абрадавую дзею паказаў народны ансамбль песні і танца “Лідчанка” Палаца культуры Ліды. Пра гэта паведаміла вядучы метадыст Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Некраш. “Выступілі танцавальны калектыў Дома польскага, — піша аўтар, — і вакальны гурт “Купалінка” беларускай суполкі з літоўскай Клайпеды”.

Наступная навіна ад Ганны Некраш. Брэндавым мерапрыемствам у Гудскім цэнтры творчасці і вольнага часу стаў кірмаш талентаў “Гучыць над Гудамі прыпеўка”. На кірмашовае свята завіталі прыпевачніцы з аграгарадкоў Беліца, Ганчары, Ёдкі, Крупава, Пескаўцы. Сваё майстэрства прадэманстравалі таксама 86-гадовая жыхарка вёскі Калясішча Рэгіна Вегждзяновіч і трыа клуба “Актыўнае даўгалецце” Лідскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У дзіцячай катэгорыі бралі ўдзел аматары прыпевак з Дуброўні і Гудаў. У госці прыехаў народны вакальны гурт “Ятрачанка” з Дзятлава. Першае месца заняў гурт “Лісапедны батальён” з Ганчароў.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"