Аўдыя & Відэа

№ 28 (1311) 15.07.2017 - 21.07.2017 г

Чэрвеньскія аўдыя / відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць прадзюсар Яўген КАЛМЫКОЎ (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

АЎДЫЯ 

/i/content/pi/cult/647/14371/3.jpgАлесь Дзянісаў, альбом “Кароткая гісторыя Беларусі”

А.: Гэта ў першую чаргу праект культуралагічны, які складана ацэньваць у музычным кантэксце, разбіраючы асобна і ў цэлым мелодыі, тэксты, аранжыроўкі, вакал, валоданне інструментам. Я станоўча стаўлюся да такіх рэчаў, з дапамогай якіх у простай, даступнай форме распавядаецца аб падзеях і людзях, важных для гісторыі нейкіх народаў. У нашым выпадку — народа беларускага. Іншае пытанне, наколькі праўдзіва ўсё тое, пра што спяваецца ў некаторых песнях? Наколькі вялікі працэнт суб’ектывізму? Але гэта ўжо ляжыць на сумленні аўтараў праекта.

B.: Сольнік фронтмэна гродзенскага гурта Dzieciuki з песнямі на вершы Алеся Чобата. Цікавы факт: пры ўвогуле спакойным маім стаўленні да творчасці названай каманды, работы яе лідара па-за калектывам мне здаюцца значна больш сімпатычнымі, і дадзены рэліз выключэннем не стаў. Тэксты ў большай ступені адпавядаюць назве альбома, а ў якасці акампанементу артыст выкарыстоўвае толькі акустычную гітару. У цэлым жа, мяркую, кампазіцыі гэтыя цікавыя не толькі тым, хто думае, што ў тонкасцях разбіраецца ў гісторыі краіны, але і таму, хто ў ёй моцны пастолькі-паколькі. І гэта, хутчэй, нават не песні, а менавіта своеасаблівыя музычныя экспрэс-урокі (з адчувальным ухілам у форму мастацкую) па ліквідацыі пэўных прабелаў у адукацыі. Калі некага не задаволяць такія погляды аўтараў, то выканаўцаў і паэтаў з іншымі ідэалагічнымі перакананнямі ў рэспубліцы ў дастатку — на ўсе запыты хопіць.

/i/content/pi/cult/647/14371/4.jpgГурт Cross B. Band, альбом I’m Gonna Leave This Town

A.: Аказваецца, і ў Беларусі можа існаваць кансерватыўны англамоўны блюз-рок. Напэўна, музыканты добра яго граюць, але развіваюцца яны ў пракладзеным і ўладкаваным тысячамі і тысячамі артыстаў стылі, не прыўносячы ў яго хоць грам чагосьці новага. Ва ўсякім выпадку, ніякіх знаходак у музыцы я не пачуў. Магчыма, яны ёсць у тэкстах, але я не настолькі выдатна валодаю англійскай мовай, каб змог іх улавіць.

B.: Моцны англамоўны блюз-рок ад сталічнага бэнда. Моцны — у сэнсе майстэрства яго ўдзельнікаў, валодання жанрам, аднак меладычных хукаў у альбоме — нуль цэлых ды столькі ж пасля коскі. З сярэдзіны рэлізу пачынаеш смяротна сумаваць і пазяхаць ва ўсе пазасталыя зубы ў чаканні фіналу гэтага паныла-стэрыльнага і бясконцага музычнага працэсу. Як быццам бы прадукт руплівых рамеснікаў, у якіх з іскрамі божымі відавочныя праблемы, але ж на самой справе калектыў нядрэнны! Расчараваны. Пайду Сержыкам Жукавым узбадзёруся, ён не падмане.

 

/i/content/pi/cult/647/14371/5.jpgГурт TonqiXod, альбом “Колер, якога няма”

A.: Дзесьці з год таму я пачуў нешта прыгожае ў гэтага гурта, але дадзены яго альбом мяне пакінуў абыякавым. Па жыцці я чалавек пазітыўны, адгукаюся на такія ж эмоцыі і ў песнях, але ў дадзеным рэлізе нічога падобнага не знайшоў. Тугу і смур артысты на мяне не нагналі, але і настрою не паднялі. У калектыва ёсць свой стыль, ёсць свой почырк — безумоўна, гэта арт-рок, але масавага слухача такая каманда, першапачаткова немэйнстрымавая, ніколі не набудзе.

B.: Дваістае адчуванне пакінуў альбом. Гурт — у ліку флагманаў айчыннага арт-року. І няпростую гэтую музыку каманда грае так, што свае плюсы ў ёй знойдуць і фанат дадзенага стылю, і той, хто выбірае, што для слыху лягчэй, бо калектыў умее складаць цалкам сабе хітовыя рэчы, разлічаныя на спажыванне масавае, патрапіўшы пры гэтым заставацца ў рамках уласнага магістральнага кірунку. І як збольшага аматара арта рэліз мяне задаволіў. Але вось гэтым разам склад абышоўся без “шлягераў для многіх”, а я адцягнуцца пад іх душой і целам планаваў. І ўсё ж — не расчараваны, не пайду Юрася Шатунова слухаць.

ВІДЭА

/i/content/pi/cult/647/14371/6.jpgГурт Irdorath, кліп на песню Kupala Na Ivana

А.: Тэма Купалля ў беларускіх песнях мяне ўжо трохі... стаміла. Я з павагай стаўлюся да каранёў, але калі ў музыцы іх зашмат, то яна перастае радаваць. Каб з драматургіяй у кліпе яшчэ было больш-менш усё ў парадку, то, не выключана, відэа і зачапіла б, аднак ні сюжэту, ні гісторыі я не ўбачыў, хаця ў тэксце яны ёсць. А што ў роліку? Сімпатычная дзяўчына кідаецца на полымя. Усё. Замалёўка да чагосьці, што не адбылося. Ну і песня нейкая... звычайная для нашага фольку, ці што...

B.: Увесь, з дазволу сказаць, кліп у кадры на прыродзе каля агнёў у сексуальным прыкідзе пакутуе пачуццёвая дзяўчына (яна ж фронтвуман гурта "Надзея"). Наганяе трагізму і драматызуе сітуацыю, спявае аб патаемным так, што людзей уражлівых ад яе пранізлівага голасу, грымас, пагружэння ў вобраз і рытуальных рухаў цела можа ўзяць жудасць. Але відэа гэты “ролік” асабіста ў мяне язык назваць не павернецца: так, нейкая каляровая карцінка, закліканая, напэўна, усяліць у тых, хто бачыць яе, святое містычнае трапятанне.

А песня добрая, натуральна, таксама нейкая таямнічая, у духу лепшых традыцый сучаснага беларускага музычнага фольку.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"