Еўрапейскае паветра “Кінемо”

№ 28 (1311) 15.07.2017 - 21.07.2017 г

Будні і радасці праекта, які злучае нямое кіно і музыку
Вечар. У паветры разліты водар ліпы — ажно ў роце соладка. Я ляжу на траўцы пад пледам і гляджу кіно. Гучыць музыка, побач са мной атрымоўвае асалоду ад прагляду прыемная публіка. Хтосьці п’е гарбату, хтосьці есць марозіва. А літаральна ў некалькіх кроках ад месца, дзе ўсё гэта адбываецца, ідзе будзённае гарадское жыццё. Праект “Кінемо” ўжо пяты год ажыўляе летні Мінск праз паказы нямога кіно пад жывую музыку. Месца, дзе цябе накрывае адчуванне еўрапейскай культурнай сталіцы — утульны дворык Музея-майстэрні Заіра Азгура. Арганізатары культурна-асветніцкага “прарыву”: праект Cinemascope — Вольга Надольская і Гера Глік ды Асацыяцыя беларускіх кампазітараў у асобах Віталя Дарашука і Вольгі Падгайскай.

/i/content/pi/cult/647/14369/1.jpg“Кінемо” знутры

Я трапляю на чацвёрты паказ “Кінемо” ў гэтым сезоне — стужку “Людзі без заўтра” польскага рэжысёра Аляксандра Херца. Музычную прастору для фільма стварае калектыў Galloping Lethargy. Адразу ўражвае ўзровень музыкі — гэта не банальная ілюстрацыя дзеянняў персанажаў у кіно, а шчыльная плынь пераплеценых гукаў. Праз гэтае покрыва ўспрыяцця карціна 1919-га года выглядае пасланнем былой культуры. Стужка, якая лічылася страчанай і была дзіўным чынам знойдзеная ў 2003 годзе ў Берліне, па сутнасці, атрымоўвае новае нараджэнне — непасрэдна ў дадзены момант музычнай пульсацыі, калі пяшчотны вакал Антаніны Навацкай саступае месца перарывістым электронным шумам Паўла Дзядура.

— Гэта ўсё супольная імправізацыя, — апавядае адзін з музыкаў Galloping Lethargy Філіп Пал-
мер. — Мы раней не ігралі ў такім складзе, і гэты вечар для нас — сапраўдны выклік, які цікава прыняць.

Філіп, які ўжо не аднойчы ўдзельнічаў у стварэнні музыкі для кіно, ахвотна распавядае пра спецыфіку падо-
бнага вопыту.

— Калі бачыш нямое кіно, то перад табой стаяць
дзве задачы, — кажа ён. — З аднаго боку, варта аднавіць, амаль перастварыць традыцыйны акампанемент да падобных фільмаў. Узгадаем тут піяніна ці арган. З іншага, неабходна знайсці ў карціне пэўныя сэнсы, якія дапамогуць змясціць музыку ў сучасны кантэкст. Гэтаму спрыяюць, напрыклад, электронныя гукі. Да ўсяго, нам вельмі важна, каб нашы эмоцыі падзяляла прысутная аўдыторыя.

Публіка адгукалася на эксперымент з удзячнасцю. Падчас прагляду мне часам здавалася, што, калі раптам музыка спыніцца, можна будзе пачуць піск камара, які пралятае ў верхавіне дрэва. Градус увагі проста зашкальваў, хаця культурны прадукт быў не надта лёгкім для ўспрыняцця. Але спалучэнне “вялікага нямога” ды музыкі сучасных выканаўцаў і кампазітараў аказалася атракцыёнам, прыцягальным не толькі для інтэлектуальнага асяродку.

Планка, якую бяруць не ўсе

— А калі ўсё распачыналася, многія нават не ведалі, што і ў Беларусі ёсць свае сучасныя кампазітары, — сягае ў мінулае праекта Віталь Дарашук. — Падчас сеансаў бачыў шчырае здзіўленне публікі. А сёння ўжо з’явілася адчуванне аўдыторыі, якой падабаецца падобны фармат і наш падыход да музычнага суправаджэння.

Як падкрэсліваюць усе арганізатары “Кінемо”, падыход гэты вельмі жорсткі.

— Мы прапаноўваем выканаўцам і музыкантам фільм за некалькі месяцаў, — раскрывае тэхналогію падрыхтоўкі культурнай ініцыятывы Гера Глік з праекта Cinemascope. (Вядомая кампанія-дыстрыб’ютар адказвае на фестывалі за кіначастку). — Каб быў час для натхнення, творчай працы. Нас не цікавіць тое, што ўжо зроблена: калі бярэцца гатовы альбом і ставіцца ў прайгравальнік. Мы патрабуем, каб гэта была адмысловая музыка, створаная пад канкрэтны фільм. У такім выпадку і вынік заўважны. Калі нехта “халтурыць”, не рыхтуецца, гэта адразу і бачна. Бывала і такое, што музыканты адмаўляліся, не адолеўшы складаную задачу.

Камедыі, драмы і “хорары” — што каму

У гэтым сезоне, да прыкладу, адзін з паказаў кіно прайшоў… пад суправаджэнне аргана. Гаворка пра нашумелую стужку
нямецкага кінаэкспрэсіяніста Фрыдрыха Вільгельма Мурнау “Насферату. Сімфонія жахаў”.

— Чатыры гады наш праект намагаўся паказаць гэты фільм, — распавядае перадгісторыю другая, не менш важная, палова кампаніі Cinemascope Вольга Надольская. — І большасць творцаў нам казалі, што гэта надзвычай банальна: “Мурнау! Ай, сумна, усе бачылі!” А вось сёлета Вольга Падгайская рызыкнула напісаць музыку да стужкі — і ўсе нібы паглядзелі на яе іншымі вачыма!

Вампірская гісторыя пра жахлівага графа Орлака ў трактоўцы кампазітаркі атрымыла шыкоўнае музычнае ўвасабленне. Арган той жа Вольгі Падгайскай, габой Наталлі Малашковай і скрыпка Настассі Карпенка нарабілі такога страху, што...

— Мне потым тэлефанавалі знаёмыя, і казалі, што ім паўсюль у цёмных завулках мроіўся Насферату, — кажа Вольга Падгайская.

Зрабіць з вядомага вампіра, скажам, сучаснага забойцу ў Вольгі падчас напісання музыкі спакусы не ўзнікала.

— Мне падаецца, што перарабляць сродкамі музыкі трагедыю ў камедыю ці наадварот — не вельмі добрая задума, — раскрывае яна свой творчы падыход. — Лічу, трэба прытрымлівацца аўтарскай ідэі. Тым больш, што ў фільмах сустракаюцца і сумныя часткі, і лірычныя — адпаведна, ёсць магчымасць паказаць розныя эмоцыі. У дачыненні да “Насферату” я разумела, што Мурнау сваёй карцінай хацеў напужаць усіх да смерці. Ён сам баяўся, калі яе здымаў! Але сёння многія вынайдзеныя ім рэчы для нас, сучаснікаў, страцілі свой эфект. Таму я імкнулася ў сваёй музычнай трактоўцы “вярнуць” першапачатковы пасыл рэжысёра. Адпаведна, стварыць такую атмасферу, каб страшна стала ўсім. У тым ліку, і мне.

Яскравыя эмоцыі публіка атрымала і на крымінальнай драме “Нападзенне” Эрне Мецтнера ды на камедыях, што ўраўнаважылі паказ жорсткай кароткаметражкі — “Копы” Бастэра Кітана і “На галовакружнай вышыні” Хэла Роўча. І тут сыграла ролю не толькі музычнае суправаджэнне ды добрае кіно, — падчас прагляду распачаўся такі дождж, што ў схованкі пахаваліся нават кажаны. Але музыкі і гледачы стойка вытрымалі напор стыхіі — і не пакінулі сваіх крэслаў да канца сеансу.

— Дарэчы, чамусьці музыканты ў нас вельмі стрымана ставяцца да камедый, — дадае Вольга На-
дольская. — Раней мы прадастаўлялі ім магчымасць выбару стужкі з пакета філь-
маў, які набывалі. І амаль усе цягнуліся да драмаў. А вось камедыям — супраціўляліся. У выніку, сёння мы гэтую практыку выбару спынілі. Інакш усе камедыі ў нас засталіся б без музыкі.

Урэшце, Вольга Падгайская не ўбачыла ў камедыі “нізкага жанру”. “Апошнія дзве — “Копы” і “На галовакружнай вышыні” — проста шыкоўныя! І ёсць глеба для творчага выяўлення”, — прызналася яна.

Каналы сувязі

Дарэчы, ці ёсць у “Кінемо” канкурэнцыя? — пытанне, якое выяўляе не толькі
пазіцыі ды адметнасць ініцыятывы, але, у пэўнай ступені, культурны ўзровень Мінска і Беларусі.

— Вядома, мы сочым за падобнымі мерапрыемствамі, гэта дапамагае нам развівацца, — адказвае Гера Глік. — У Мінску канкурэнцыю пакуль не адчуваем — хаця наш праект далёка не адзіны ў сваім родзе. Але “Кінемо” мае сваё аблічча: мы паказваем нямое кіно пад сучасную акадэмічную музыку. Іншыя фарматы, як мне падаецца, разлічаны і на іншую аўдыторыю.

Што да еўрапейскіх падо-
бных праектаў, то за імі Cinemascope сочыць, натхняецца і стараецца адпавядаць лепшым узорам.

— Вядома, мы імкнёмся бываць на падобных мерапрыемствах. Ёсць шыкоўны фестываль у Кракаве, — пералічвае Гера Глік. — У італьянскай Балонні ладзіцца форум Il Cinema Ritravo, дзе дэманструюць адрэстаўраваныя стужкі са ўсяго свету. Яны розных гадоў, але, у тым ліку, і нямое кіно. Таксама ў межах Берлінале час ад часу робяцца паказы з сімфанічным аркестрам.

У гісторыі “Кінемо” таксама ёсць падобныя прыклады: летась праект адкрываўся стужкай Альфрэда Хічкока “Жылец” у суправаджэнні сімфанічнага аркестра музычнай капэлы “Санорус”.

— Ці дарагі “Кінемо”? — не ўстрымліваюся ад “фінансавага” пытання.

— Дабрачынным яго я назваць не магу, — мой візаві раздумвае над адказам. — Глядач плаціць за квіток. Але ў гэты кошт уваходзяць выдаткі на арэнду апаратуры, пакупку правоў на дэманстрацыю стужак, ганарары музыкантам… Прычым апошнія — не надта вялікія. Што зарабляецца — тое і дзеліцца. Але і камерцыйным “Кінемо” таксама назваць нельга. Мы выходзім толькі на самаакупляльнасць. Хутчэй, я б ахарактарызаваў наш праект як культурна-асветніцкі: з яго дапамогай мы імкнёмся развіваць нашу публіку і развіваемся самі.

Віталь Дарашук увогуле лічыць “Кінемо” бадай галоўнай на сёння пляцоўкай для сучасных музыкантаў і кампазітараў акадэмічнай сцэны.

— Асабліва нас прыязна ўспрымаюць у рэгіёнах, — распавядае ён пра досвед падарожжаў у абласныя цэнтры. — Гродна, да прыкладу, вельмі цікавы для мяне горад. Цалкам адрозная атмасфера ад Мінска, іншая публіка. “Кінемо” там, як выглядае, адна з найважнейшых падзей. У гэтым сезоне ў нас быў паказ, які прыпаў на жудасны дождж. У Мінску, упэўнены, ніхто б не прыйшоў, а ў Гродне сабралася каля 100 чалавек!

Як потым выявілася, Віталь не мае рацыю. Мінск на апошнім паказе таксама прадэманстраваў адданасць культурным каштоўнасцям: залева была проста страшнай, але публіка стойка трымалася пад парасонамі і дажджавікамі.

— Адзінае, усе выезды ў рэгіёны забіраюць шмат сіл, — дадае Віталь. — У адзін год мы зрабілі “Кінемо” ў Гродне, Магілёве, Мінску і Брэсце — дык амаль выжылі! Ды і з фінансавага боку гэта складана: музыкантаў трэба вазіць, дзесьці сяліць…

Тым не менш, па словах заснавальнікаў фэсту, спыняць ініцыятыву яны не збіраюцца. Вольга Надольская распавяла пра спробы зрабіць паказы нямога кіно ў касцёле. Прапанова пакуль, на жаль, не знайшла падтрымкі ў Мінску, але, магчыма, з’явяцца ахвотныя да падобнай ініцыятывы ў рэгіёнах?

 — Урэшце, дзе сёння гараджане могуць пазнаёміцца з сучаснай акадэмічнай музыкай? — акцэнтуе Віталь праблему адсутнасці каналаў сувязі беларускай музыкі адпаведнага кірунку і слухача. — Будзем шчырымі, нідзе. У філармонію цяперашняя моладзь не надта ходзіць, ды і сам час абумоўлівае патрэбу ў іншых фарматах. Клубы, ангары, заводы, адкрытыя пляцоўкі… Вось — актуальныя пляцоўкі для сустрэч з будучай класікай. Я бачыў і бачу падо-
бныя прыклады ў многіх краінах Еўропы. Але ў нас, на жаль, “Кінемо” — адна з нешматлікіх платформаў, якая дае магчымасць прагучаць сучасным прадстаўнікам акадэмічнай сцэны. І дзякуй за гэта, у тым ліку, дырэктарцы Музея Заіра Азгура Аксане Багданавай, якая пагаджаецца на падобныя эксперыменты.

“Кінемо” як прастора для асветы, адпачынку і натхнення. Як прастора для творчасці. Як пошук новай музыкі і сэнсаў. Мне асабіста такі праект — “тое, што доктар прапісаў”.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"