Для Дзядзькі Вані шоу працягваюцца

№ 28 (1311) 15.07.2017 - 21.07.2017 г

Папулярны выканаўца ўзгадвае былыя тэлепраекты і марыць пра ўласнае тэлешоу
Мабыць, Іван Вабішчэвіч, яшчэ вядомы перш за ўсё пад сцэнічным псеўданімам Дзядзька Ваня, — самы ласы ў айчынным шоу-бізнесе на розныя замежныя музычныя спаборніцкія тэлепраекты. Што так вабіць у іх лідара гурта “Дзядзька Ваня і пляменнікі” (былы OneHellThing), чаго ён хоча дамагчыся, удзельнічаючы ў такіх шоу, мы і паспрабавалі высветліць.

/i/content/pi/cult/647/14367/1.jpg— Растлумач, чаму ты — папулярны на радзіме артыст, якога ведаюць і ў суседніх краінах, — раз за разам удзельнічаеш у такіх праектах?

— Тлумачу на прыкладзе майго самага першага міжнароднага конкурсу — “Новая хваля”, які прайшоў у 2008 годзе ў Юрмале. Пасля яго пра мяне сяк-так даведаліся і за межамі Беларусі, але, прыехаўшы на конкурс як музыкант гурта OneHellThing ды ўжо маючы адпаведны рэпертуар, я “ператварыўся” ў Дзядзьку Ваню, у якога рэпертуару, натуральна, не было. Гэта значыць, на радзіме ў нас — у мяне і OneHellThing — усё з творчай рэалізацыяй было ў парадку, а вось “скараць” замежжа ў якасці Дзядзькі Вані мне не было з чым. Хаця, быццам бы, гэтыя два праекты адзін з адным вязаліся.

Зрэшты, гісторыя Папялушкі са мной не здарылася, і мінімальныя надзеі на тое, што, заўважыўшы мяне, хто-небудзь з маскоўскіх прадзюсараў пачне раскручваць Дзядзьку Ваню, не спраўдзіліся. Ну а калі выканаўца, які не мае “зорнага” статусу, з нейкай прычыны выпадае з артыстычнай абоймы нават на паўгода, то вярнуцца яму бывае вельмі няпроста. Што ўжо казаць пра мяне — толькі думаў стартануць на іншым рынку. Адпаведна, пра Дзядзьку Ваню за мяжой хутка забыліся.

Але ўсведамленне таго, што з'яўленне ў якім-небудзь тэлешоу — гэта самы танны варыянт заявіць пра сябе, у мяне ўзнікла. Як і, само сабой, жаданне развівацца, не абмяжоўваючыся тэрыторыяй толькі адной дзяржавы, хай і самай любімай. Таму і пачаліся спробы “вяртання” — у праектах толькі рэйтынгавых, якія рэальна маглі б дапамагчы ў раскрутцы. Спярша ў 2014 годзе праз украінскі “Голас краіны”, у якім на сляпых праслухоўваннях да мяне ніхто з журы не павярнуўся. У 2013 годзе праз “Голас” расійскі, у які я ўжо патрапіў. Следам былi расійская “Галоўная сцэна” — франшыза брытанскага праекта The X Factor (праўда, мая гісторыя з ёй скончылася таксама на этапе адбору: я на яго прыехаў фактычна безгалосы, моцна ахрыплы), удзел у гэтым годзе ва ўкраінскім “X-Фактары” і “Пераможцы”, на які мяне паклікалі ўжо без усякіх кастынгаў.

Кожны новы праект — гэта такая пстрычка па носе: “Не расслабляйся!” Таму што па самалюбстве рэальна б’е, калі маладыя пацаны абыходзяць мяне на якім-небудзь шоу. Тут уласныя амбіцыі і даюцца ў знакі!

— А чаго ў “Хачу да Меладзэ” не пайшоў (пра “Хачу ў ВІА Гру” маўчу)?

— Ну, ты мяне і развесяліў! Нават на ўзроўні хохмы не пайшоў бы! Хоць ты, напэўна, не ведаючы пра гэта, і патрапіў у кропку: прапановы стаць вакалістам у чымсьці падобным гурце да мяне паступалі, аднак узрост мой ужо не спрыяе пачатку такіх псеўдакар’ер.

— І які вынік? Цябе сталі больш запрашаць з канцэртамі за “бугор”, расце замежная папулярнасць?

— Хлусіць не буду: хацелася б больш запрашэнняў, іншай вядомасці. Але выступы ёсць. І, што немалаважна, у Маскве з’явіўся мой прадстаўнік, які займаецца маімі канцэртамі ў Расіі, рэкламуе мяне. Гэта Юрый Наскоў — адміністратар Мікалая Наскова.

— Не слаба! А на павелічэнні тваіх выступаў у Беларусі ўдзел у замежных праектах адбіваецца?

— Вядома. Але тут такая штука. Некаторыя шоу паказваліся на нашым тэлебачанні са спазненнем, некаторыя можна паглядзець толькі ў інтэрнэце. Гэта значыць, праходзіла з паўгода з таго моманту, як я ўжо расставаўся з шоу, і толькі тады на мяне пачыналі сыпацца замовы, запрашэнні даць канцэрты.

— Параўнаеш украінскія і расійскія праекты?

— “Новая хваля” — песня асобная. Сярод тэлевізійных шоу ў Расіі безумоўны фаварыт — “Голас”, ва Украіне — “X-Фактар”. Яны, вядома, падобныя, але эмацыйныя задачы ў іх адрозніваюцца. “Голас” — гэта нешта такое грунтоўнае, фундаментальнае, нават строгае, з мінімумам адхіленняў у немузычныя плоскасці. Для “X-Фактару” ж важна выціснуць з тэлегледача пачуцці з дапамогай нейкіх сітуацый, прапанаваных канкурсантамі, проціпастаўленне iх адзін аднаму, жыццёвыя гісторыі ўдзельнікаў — дзіўныя, скандальныя, трагічныя. Драматургіі, сацыяльнага падтэксту ва ўкраінскіх шоу болей.

— У аналагічныя замежныя шоу спрабаваў трапіць?

— З маім руска- і беларускамоўным рэпертуарам? Ну, выйграю я з каверамі, і што далей? Хто мяне возьме ў той шоу-бізнес? Пераключацца на англійскую мову? Часу ўжо няма. Але ў The X Factor сунуцца — так, спрабаваў немаведама навошта! Адстаяў у Лондане дзесяцітысячную чаргу з ахвотных трапіць на шоу. Яго адміністрацыя прыняла мяне, напэўна, за ненармальнага: чалавек, які не жыве і не працуе ў Англіі, незразумела з якімі грашыма, з нейкай Беларусі… Усе былі настолькі ў шоку ад майго з’яўлення, што я нават прайшоў некалькі этапаў! А потым даліся ў знакі праблемы з мовай.

— Нешматлікія беларускія конкурсы і тэлешоу цябе не прывабліваюць? Або тое ж “Еўрабачанне”?

— А я калісьці праходзіў адбор на “Еўрабачанне”. У мяне скептычнае стаўленне да гэтага конкурсу. І поўнае неразуменне таго, чаму да нядаўняга часу ў нашай краіне да яго ставіліся як да нейкай Алімпіяды, з якой беларускі артыст абавязкова павінен прывезці медаль. Не прывёз? Усё, ты ў спісах ізгояў. Але калі б мне прапанавалі адправіцца на яго без усякіх кастынгаў, я б пагадзіўся (нават не баючыся таго, што ў выпадку няўдачы буду “жыўцом пахаваны” на радзіме). Мерацца ж песнямі ў адборачных турах мне нецікава. Няма жадання сутыкацца лоб у лоб у такім адборы з выканаўцамі, якіх я шчыра паважаю.

Нашы тэлепраекты... Мяне яны маглі б зацікавіць, каб задаволіў іх кантэнт. Каб гэта было нешта крэатыўнае, а не зробленае на каленцы. І бюджэт, вядома, павінен адпавядаць замаху. Але хто будзе завадатарам — нават пры ўсім добрым тэхнічным абсталяванні нашых тэлеканалаў? Амаль усе, хто мог бы нешта такое тут рэалізаваць, — аўтары, рэжысёры, аператары — ажыццяўляюць свае задумкі ў Расіі і Украіне. Так, тут яшчэ засталіся тыя, хто здольны прапанаваць нешта неардынарнае, але яно чамусьці мала запатрабавана айчынным тэлебачаннем. Галоўнае для яго, як мне здаецца, каб праекты не неслі ў сабе нават малой долі... правакацыйнасці, ці што? Таму на нашым ТБ, на мой погляд, усё такое ў большасці сваёй і роўнае, не хачу сказаць, што шэрае.

На прагон нейкага шоу я прыйшоў у кілце — ну зручна мне ў ім летам часам хадзіць! На мяне так коса глядзела ўсё тэлевізійнае начальства, якое ў гэты момант было на здымках, што захацелася схавацца дзе-небудзь у кутку. (На сам запіс я б апрануўся як патрабавалася: не ідыёт жа, разумею “субардынацыю”.) Але вось такое стаўленне да нечага неўласцівага вельмі характэрна для беларускага грамадства.

“Славянскі базар у Віцебску”?.. У сілу майго ўзросту шляху туды мне ўжо няма. Каб было дваццаць, ці паспрабаваў бы сябе ў адборы?.. Гэта не мой фармат — ярка выяўленая эстрада. “Новая хваля” ў свой час і стала адказам даросламу конкурсу “Славянскага…” Маўляў, вы вось усе такія традыцыйныя, а мы прапануем музыку сучасную, модную, актуальную. І не вакальнае спаборніцтва, а працэс нараджэння артыстаў. На “Хвалі” ў рэальнасці выйграваў, здаралася, не яе пераможца, а той, хто пасля атрымліваў працу на нейкую працяглую перспектыву.

— Ці ёсць у беларускіх артыстаў, якія сёння ездзяць на разнастайныя тэлешоу і конкурсы, шанец злавіць там птушку поспеху? Або часы росквіту, напрыклад, той жа “Новай хвалі” ўжо мінулі, і ўдзел у ёй цяпер куды радзей прыводзіць маладняк у крутыя прадзюсарскія цэнтры?

— Больш складана з гэтым стала. Але сядзець і проста чакаць, пакуль цябе нейкім чынам ацэняць, — дакладна не варыянт. Шанец ёсць заўсёды. Калі артыста бяруць у нейкі конкурс, тым самым яго ўжо адзначаюць. Нашы цалкам нармальна глядзяцца на тэлешоу — ды, на жаль, не кожнаму наканавана стаць вядомымі ў іншых краінах. Заўважна, калі канкурсант перад сабой вялікіх задач не ставіць. Выступіў чалавек на гучным шоу — і ўсё, цяпер яго абавязаны дома любіць і ўсюды запрашаць. Нос задзёр, сядзіць на канапе і чакае запрашэнняў. І даседжвае да таго, што перастае быць патрэбным нават для шараговых зборных канцэртаў. Самаацэнка — рэч проста неабходная для артыста. Важна не падманваць сябе, па-сумленнаму з сабой разабрацца: ці падабаецца тое, што ты робіш, ці падабаюцца тыя песні, якія выконваеш, ці купіў бы ты сам білет на свой канцэрт?

— Ёсць тыя, хто вельмі крытычна ставіцца да з’яўлення беларускіх выканаўцаў у замежных конкурсах, ледзь не адмаўляючы ім у прыналежнасці да айчыннай сцэны...

— Дзіўная пазіцыя. Асабіста я хачу, каб мае песні ведалі ўсюды. Удзельнічаючы ў такіх праектах, я не перастаю быць беларусам, не прадаюся камусьці. Гэта проста нармальнае жаданне для любой творчай асобы быць вядомай, запатрабаванай дзесьці яшчэ, акрамя сваёй радзімы. І распавядаць аб той краіне, у якой ты з’явіўся на свет, жывеш. Я заўсёды так і раблю. Піярачы ўласныя песні, я адначасова піяру і Беларусь.

— Ці маюць пад сабой падставу чуткі пра тое, што нейкаму члену журы або рэдактару тэлешоу могуць паднесці чамадан з грашыма ці папрасіць за кагосьці вядомыя бацькі?

— Паслухай, людзі, якія і так маюць многае з таго, што не снілася простаму чалавеку, ці будуць рызыкаваць сваёй рэпутацыяй і будучыняй раскручанага шоу, што прыносiць нядрэнны прыбытак? Для іх галоўнае — якасць прадукту, яго рэйтынг, дзякуючы якому яны і атрымаюць той самы чамадан, але сумленна. Калі там і “каламуцяць” нейкія скандалы, то арганізоўваюцца яны строга ў рамках сцэнарыя.

— Планы на аўтарскі музычны тэлепраект існуюць?

— Так, мне было б цікава заняцца чымсьці падобным. Перыядычна я падумваю аб магчымых фарматах. Ведаю, як зрабіць, прыкладна колькі гэта будзе каштаваць. Ёсць нават назва — “Фабрыка рок-н-ролу”. Сутнасць яе заключаецца ў тым, каб напрыканцы праекта з яго ўдзельнікаў — барабаншчыкаў, гітарыстаў, басістаў, вакалістаў, аўтараў песень — сабралася пара гуртоў. Каб іх склалі людзi з аднолькавай “куляй у галовах”. А далей — хай пускаюцца ў вольнае плаванне. Можа, мара мая і здзейсніцца...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"