Слова аб FM-піянеры

№ 28 (1311) 15.07.2017 - 21.07.2017 г

На пачатку 2000-х у газеце, у якой я тады працаваў, быў апублікаваны матэрыял Аляксея Пратасава пад гучнай і правакацыйнай назвай FM Must Die! У ім аўтар (цяпер — альтэрнатыўны музыкант, які згубіўся дзесьці ў “еўропах”, а тады, між іншым, радыйшчык!) даволі-такі жорстка выказаўся з нагоды айчыннага вяшчання на адпаведных хвалях. Думаю, пра сённяшні эфір Аляксей наогул нічога пісаць бы не стаў — можа, хіба адзначыў, што тое радыё ў параўнанні з гэтым было аазісам? Прынамсі, для людзей аўтсайдарскай у здаровым сэнсе культурнай арыентацыі. Няма ўжо даўно таго праклятага Пратасавым FM, сышло. І сыходзяць тыя, хто былі піянерамі яго, пры кім яно і пачало ў сілу самых розных прычын ператварацца ў гэтак нялюбае Аляксеем СМІ.

Не стала Сяргея Прохарава. Вядомага тэлевядучага і легендарнага, як казалі тады — на старце 1990-х, радыёдыджэя. Без перабольшання можна лічыць, што з яго смерцю ў чымсьці скончылася і тая вялікая айчынная FM-эпоха. Час, калі ён з калегамі адкрываў для тысяч і тысяч слухачоў новую музыку, якая ў корані адрознівалася ад савецкай і постсавецкай эстрады, калі распавядаў у эфіры пра сапраўды сучасныя напрамкі і актуальных артыстаў, ставіў іх песні.

Гэта быў чалавек, якi глыбока разбіраўся ў самых розных музычных тэмах. Але, вядома, першай яго любоўю быў рок. Таму і не выпадкова ён аднойчы апынуўся на “Радыё Рокс” — на апошняй у яго жыцці станцыі. У гады, калі на ёй “варажыла” заезджая маскоўская “зорка” радыёэфіру Уладзімір Туз — напэўна, самы папулярны радыйшчык у краіне. А работнікі “Рокса” былі асабіста для мяне, які таксама меў непасрэднае дачыненне да музыкі сучаснай і актуальнай, амаль што небажыхарамі!

Не ведаю, якога памеру душэўную рану атрымаў Сяргей, калі яго FM перафарматавалася ў тое, чым яно ёсць цяпер. Ніколі з ім дэталёва на гэтую тэму не размаўляў, але па якіхсьці рэпліках, кароткіх эмацыйных усплёсках было зразумела, што перажыў гэтыя пературбацыі ён нялёгка. І, тым не менш, гэтай роднай хаце не здрадзіў. Сілай прымусіў сябе ўспрыняць тое, што ў музыцы не прымаў, зжыўся з ім? Напэўна. Ведаю дакладна: многія і многія выбіралі гэта радыё толькі таму, што чулі на ім голас Прохарава.

Хай не пакрыўдзяцца цяперашнія ўладары эфіру і топавыя яго асобы, але з сыходам Сяргея гісторыя беларускага радыёвяшчання для мяне, хутчэй за ўсё, завершыцца назаўжды. Верагодна, буду яшчэ вельмі перыядычна паслухоўваць каго-небудзь з тых, з кім Прохараў пачынаў (колькі іх засталося — два-тры?), не выключана, што па працы давядзецца акунуцца ў хвалі... хваль. Але гэта ўжо іншая гісторыя. Любае-нялюбае FM у асобна ўзятым выпадку такі загадала доўга жыць, як і завяшчаў Аляксей Пратасаў. Песні і выканаўцы добрыя засталіся і яшчэ нараджаюцца, а вось з “радыёлюдзьмі” маштабу Сяргея Прохарава, падаецца, у нашай краіне зусім дрэнна.

Магчыма, сустрэнемся, Сярожа. Пакуль.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"