Як не “ўляцець” у капеечку?

№ 28 (1311) 15.07.2017 - 21.07.2017 г

Паход у музей — найлепшы варыянт для баўлення часу ўсёй сям’ёй. Тут табе і мастацтва, і гісторыя, і цікавыя артэфакты, і новыя ўражанні, асабліва для дзяцей і падлеткаў. Праўда, цэны на білеты ў айчынныя музеі часам “кусаюцца”. І нават вельмі.

Так, ніхто не спрачаецца, што сустрэча з прыгожым вартая патрачаных грошай. Але ж, зразумела, далёка не кожны гатовы развітацца з вялікай сумай, каб схадзіць у той або іншы музей. Між тым, цэны ў некаторых з іх — цалкам еўрапейскія. Напрыклад, уваходны білет у замкавы комплекс “Мір” сёння каштуе для шараговага наведвальніка 12 рублёў. Гэта ў панядзелак — пятніцу. У выхадныя трэба будзе аддаць усе 14 рублёў “з носа”. Для студэнтаў і школьнікаў білеты каштуюць у два разы меней.

Амаль такая плата за ўваход — і ў Нясвіжскім палацава-паркавым ансамблі: тут трэба аддаць 14 рублёў за наведванне ў будні і ў суботу. А ў нядзелю — з 3 чэрвеня па 27 жніўня — кошт будзе роўны 16 рублям. Калі ўлічыць, што сярэдняя беларуская сям’я складаецца з 3 чалавек, дык паход у рэзідэнцыю Радзівілаў у апошні дзень тыдня ўлетку абыдзецца ў даволі важкую суму ў 40 рублёў (16+16+8). А да Нясвіжа ці Міра трэба ж яшчэ і дабрацца…

Прычым гаворка тут — пра простае наведванне экспазіцыі. Пра экскурсію з экскурсаводам я нават і не заікаюся: падобны музейны “шпацыр” выйдзе яшчэ даражэй. У Міры, напрыклад, за экскурсійнае суправаджэнне трэба будзе аддаць па 12 рублёў за кожную частку экспазіцыі, у Нясвіжы — 26 рублёў. З улікам дарогі, харчавання і саміх білетаў нядзельны адпачынак усёй сям’ёй можа “ўляцець” зусім не ў капеечку…

У наваколлях Мінска цэны крыху меншыя. Напрыклад, у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту ўваход для звычайных гасцей каштуе 6,5 рублёў, студэнты аддадуць за квіток 4, а школьнікі — усяго 3 рублі. На святочныя мерапрыемствы (скажам, на нядаўняе “Купалле”) цана білета ў беларускі скансен была крыху больш высокай — 10 рублёў для дарослых, 5 — для студэнтаў і школьнікаў.

— На маштабныя святы мы за свой кошт прывозім артыстаў, запрашаем майстроў народнай творчасці, якія ладзяць майстар-класы, плануем цікавыя квэсты і гэтак далей, — адзначыў “К” дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту Эдуард Багдановіч. — Таму і выходзяць такія кошты на білеты. Але не варта думаць, што мы ад гэтага значна выйграем: датычна такіх мерапрыемстваў як “Зялёныя святкі” ці “Купалле”, калі да нас прыязджае 200 — 300 чалавек, гаворку варта весці толькі пра самаакупнасць, а ніяк не пра прыбытак, асабліва значны.

Разам з тым, праблема высокіх коштаў на білеты ўсё-такі існуе. Напрыклад, у Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж” пра гэта ведаюць.

— Самі даўно хацелі знізіць кошты на білеты, але ж расцэнкі на іх зацвярджаюцца ў Міністэрстве культуры Беларусі, і мы проста не маем права іх змяняць, — патлумачыў “К” кіраўнік установы Сяргей Клімаў. — З іншага боку, агучаныя кошты — сённяшняя рэальнасць: яны вылічваюцца па выдатках на зарплату супрацоўнікам, камунальныя плацяжы, рамонтныя работы ў музеі і гэтак далей. Не варта забываць, што дзяржава фінансуе нас усяго толькі на 25 %. Усё астатняе мы павінны зарабляць самі.

Як кажа Сяргей Клімаў, у агучанай праблеме ёсць і яшчэ адзін нюанс, пра які варта памятаць.

— Кожная музейная ўстанова Беларусі мае адзін бясплатны дзень на месяц для наведвання, у тым ліку і мы, — кажа дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Сяргей Клімаў. — У гэты дзень да нас прыязджае да 50 груп турыстаў, а ў музейных залах тады — поўны аншлаг. Так што зніжэнне кошту на білеты ў такім выпадку не зусім апраўдана, бо раз на месяц нашу ўстанову можна наведаць увогуле цалкам бясплатна. Хаця, каб дзяржава кампенсавала нам выдаткі, мы, натуральна, пайшлі б на гэты крок і знізілі кошты білетаў.

***

Агучаныя кошты маюць сваю аб’ектыўную абумоўленасць. Іншая справа, што маркетынгавыя падыходы і стратэгіі ў айчынных музеях маглі б быць больш лаяльнымі да людзей з сем’ямі або да мясцовых жыхароў, якім высокія “сталічныя” цэны на білеты проста “не агораць”. Можна было б, напрыклад, увесці адзіны білет на ўсю музейную экспазіцыю або прадугледзець у музеях зніжкі для бацькоў з дзецьмі — і тады б падобных пытанняў ні ў наведвальнікаў, ні ў журналістаў увогуле не ўзнікала. Балазе, фраза “быць бліжэй да людзей” — гэта ж не толькі лозунг савецкай прапаганды, а і закон паспяховай рыначнай эканомікі. Але ці будзе ён ажыццёўлены ў айчынных музеях на прыктыцы?

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"