Каля 800 выданняў — у дар бібліятэкам Ірака

№ 28 (1311) 15.07.2017 - 21.07.2017 г

11 ліпеня Нацыянальная бібліятэка Беларусі перадала камплект выданняў у дар Пасольству Рэспублікі Ірак у Рэспубліцы Беларусь.

/i/content/pi/cult/647/14363/5.jpgЦырымонія адбылася ў рамках міжнароднай кампаніі па зборы дакументаў для папаўнення бібліятэчных фондаў іракскіх бібліятэк.

— Пасля таго, як тэрарысты разбурылі бібліятэкі і спалілі велізарную колькасць кніг, мы вымушаны аднаўляць не толькі будынкі, але і фонды. Вялікую дапамогу ў гэтым нам могуць аказаць найбуйнейшыя бібліятэкі ўсяго свету, — адзначыў прадстаўнік Пасольства Рэспублікі Ірак у Рэспубліцы Беларусь Хасан Аль-Джанабі.

Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па інфармацыйных рэсурсах Таццяна Кузьмініч выказала словы падтрымкі іракскаму боку: “Нічым не могуць быць апраўданыя варварскія дзеянні, у выніку якіх знішчаюцца фонды бібліятэк. Гэта — скарбніцы сусветных ведаў! Калі ж здарылася так, што бібліятэкі разбураныя, значыць, наш святы абавязак сумеснымі намаганнямі пастарацца папоўніць іх фонды і садзейнічаць умацаванню iх пазiцый у культурным жыцці краіны”.

У падарункавы камплект увайшлі кнігі гуманітарнай тэматыкі, навучальныя дапаможнікі, матэрыялы навукова-практычных канферэнцый, зборнікі навуковых артыкулаў, даведачныя выданні, прамысловыя каталогі, навуковыя перыядычныя выданні, аўтарэфераты дысертацый і іншыя.

Многія кнігі выдадзены ў Беларусі і прадстаўляюць нашу краіну — яе культуру, эканоміку, экалогію, палітыку і супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі. Важным крытэрыем пры падборы выданняў была наяўнасць публікацый, забяспечаных анатацыямі на англійскай мове, альбо англамоўных фрагментаў.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"