Пытанні прэс-сусвету

№ 28 (1311) 15.07.2017 - 21.07.2017 г

Прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі з 52 краін наведалі Беларусь — сёння ў Мінску завяршаецца XIX Сусветны кангрэс рускай прэсы.

Кангрэс арганізаваны Сусветнай асацыяцыяй рускай прэсы сумесна з Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, інфармацыйным агенцтвам Расіі ТАСС і Міждзяржаўным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва краін-удзельніц СНД. Масква, Нью-Ёрк, Берлін, Парыж, Кіеў, Пекін — штогод месца правядзення форуму змяняецца. Беларусь прымае яго ўжо ў другі раз — упершыню гэта адбылося чатыры гады таму.

У межах зададзенай агульнай тэмы — “Партнёрства ў імя будучыні: прыярытэты сучаснай цывілізацыі” — удзельнікі міжнароднага форуму з 11 па 15 ліпеня абмяркоўвалі розныя аспекты дзейнасці СМІ ва ўмовах глабалізацыі, інтэграцыйных працэсаў і лічбавай рэвалюцыі. Як адзначыў прэзідэнт Сусветнай асацыяцыі рускай прэсы Віталь Ігнаценка, тэмы абумоўленыя працэсамі, што адбываюцца ў свеце і дыктуюць як традыцыйным, так і новым медыя інфармацыйныя выклікі і неабходнасць хуткага рэагавання.

Пленарнае пасяджэнне адкрыў выступ Аляксандра Лукашэнкі, падчас якога Прэзідэнт зазначыў, што сэнс сапраўднай свабоды слова, якую ў Беларусі высока цэняць, не толькі ў магчымасці выбару, але і ў адказнасці за яго.

— Давайце будзем адзіныя ў галоўным — у пошуку і сцвярджэнні праўды, у нашым асэнсаванні цяперашняга і будучага, — звярнуўся да журналістаў Кіраўнік дзяржавы.

Вітальныя словы ўдзельнікам кангрэсу накіраваў Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін.

Асаблівая ўвага падчас пленарных сесій была нададзеная моўнаму пытанню.

— Руская мова — гэта і наш нацыянальны здабытак, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Беларусы за сваю шматвекавую гісторыю зрабілі немалы ўнёсак у яё развіццё, абагацілі яе. Сёння ў нашай краіне яна мае статус дзяржаўнай нароўні з беларускай.

— Важна, што 500-годдзе кнігадрукавання так маштабна адзначаецца ў вашай рэспубліцы, — выказаўся Віталь Ігнаценка. — Францыск Скарына вельмі многа зрабіў для развіцця славянскіх навук і моў.

Падчас кангрэсу шмат казалі пра ўплыў сацыяльных сетак і распаўсюджанне інфармацыі праз іх.

— гэта іншая сфера нашага жыцця, новая, цікавая, яшчэ не спазнаная, якая мае вялікія перспектывы, — выказаўся першы намеснік генеральнага дырэктара ТАСС Міхаіл Гусман. — Блогеры кідаюць выклік журналістам, і гэта добра, але журналістыка — гэта прафесія. Ёй трэба вучыцца, у яе ёсць свае крытэрыі, правілы, гісторыя, настаўнікі, пераемнасць.

— Мы павінны размаўляць з аўдыторыяй тымі сродкамі камунікацыі, якімі яна карыстаецца, быць зручнымі для яе, — агучыў сваё меркаванне намеснік міністра сувязі і масавых камунікацый Расійскай Федэрацыі Аляксей Волін. — Але журналістам самім важна даводзіць, што менавіта іх інфармацыя правераная, змястоўная і цікавая.

Пасля абмеркавання прафесійных пытанняў удзельнікі форуму ў межах культурнай праграмы наведалі яшчэ і Полацк, а таксама прынялі ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці міжнароднага фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”.