Квэстам квэст

№ 28 (1311) 15.07.2017 - 21.07.2017 г

Свята ў Александрыі — годная пляцоўка для правядзення самых розных мерапрыемстваў, якія знітоўваюць традыцыі і сучаснасць, наладжваюць сувязь паміж пакаленнямі і абуджаюць у моладзі цікавасць да шчырай і жывой нацыянальнай культуры.

/i/content/pi/cult/647/14360/3.jpgПрыклад гэтаму — маладзёжны купальскі квэст “У пошуках папараць-кветкі”, арганізаваны Магілёўскай абласной філармоніяй. Квэст праходзіў у рамках свята ўпершыню.

У квэсце прынялі ўдзел пяць каманд: з гімназіі Шклова, сярэдняй школы № 1 Шклова, Александрыйскай сярэдняй школы Шклоўскага раёна, а ў пятую каманду ўвайшлі госці свята.

Спачатку на малой сцэнічнай пляцоўцы былі вызначаны маршруты, па якіх удзельнікам трэба шукаць Папараць-кветку. На трох галоўных “кропках” квэста хлопцаў і дзяўчат чакалі займальныя выпрабаванні і яркія персанажы — артысты народнага тэатра Палаца культуры Магілёўскай вобласці. Удзельнікі квэста павінны былі праявіць спрытнасць, кемлівасць, вынаходлівасць і каманднае адзінства.

На “Таямнічым млыне” ўдзельнікаў сустракалі Млынар з жонкай, Кот і Русалка. Заданні, якія каманды выконвалі на гэтай пляцоўцы, былі звязаны з беларускім традыцыйным побытам і магічным выкарыстаннем паўсядзённых прадметаў (напрыклад, звычайная стужка пераўтваралася ў “павуцінне”, праз якое было вельмі няпроста прабрацца, а мятла і рыдлёўка — у рэквізіт для вясёлых скокаў).

На пляцоўцы “Зёлкавая скарбніца здароўя” траўніца цётка Ульяна і яе памочніцы — Ялінка, Васілінка і Маргарытка — правяралі, ці добра ўдзельнікі ведаюць беларускія зёлкі. Хлопцы і дзяўчаты павінны былі адгадаць водар знаёмых раслін і адказаць на пытанні пра кветкі і дрэвы.

Багіня Лада, яе сяброўка Купалінка і мудры Зніч на пляцоўцы “Купальскія цуды” прапаноўвалі знайсці ў Кнізе Мудрасці магічныя словы і скласці з іх чароўную фразу.

Усе каманды бліскуча справіліся з заданнямі і адшукалі свае Папараць-кветкі.

Алёна БЕЛАНОЖКА
Фота Крысціны ГАНЧАРОВАЙ