Першае Гран-пры — наша!

№ 28 (1311) 15.07.2017 - 21.07.2017 г

13 ліпеня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ўрачыста адкрыў ХХVI Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, мерапрыемствы якога пачаліся яшчэ з панядзелка. На гала-канцэрце адкрыцця прысутнічалі высокія госці з Расіі, Малдовы, Казахстана, Грузіі.

/i/content/pi/cult/647/14357/2.jpgПрэзідэнт нашай краіны ўручыў спецыяльную прэмію “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення” народнай артыстцы Расіі і Грузіі Тамары Гвердцытэлі. За некалькі гадзін да гэтага на фестывальнай Алеі зорак была закладзена пліта з яе імем: 13 ліпеня, а 13-й гадзіне, 13-я зорка на алеі.

Упершыню за ўсё існаванне фестывалю менавіта на яго адкрыцці ўшанавалі пераможцу дзіцячага конкурсу. Кіраўнік дзяржавы ўручыў Гран-пры 12-гадовай Марыі Магільнай з Магілёва. Знакамітая грузінская прымадонна і наша юная зорачка, усхваляваныя, стаялі побач. Але сімвалічным было не толькі гэта. У гала-канцэрце адкрыцця Маша спявала акурат пасля Зары. Дый сам дзіцячы конкурс пачынаўся пасля сольніка гэтай расійскай спявачкі з нашым Прэзідэнцкім аркестрам. Зара неаднойчы прызнавалася, што “Славянскі базар…” узрасціў яе як спявачку: упершыню яна выступіла тут у 18-гадовым узросце. Што ж, фестываль працягвае адкрываць таленты. Невыпадкова сёлета ён праходзіць пад дэвізам “Зоркі над Беларуссю”.

У праграме форуму — звыш 130-ці мерапрыемстваў. Удзельнікаў — больш за 5 тысяч. Расходы — каля 5,9 млн рублёў. Але амаль 90 працэнтаў названай сумы складаюць пазабюджэтныя сродкі, атрыманыя фестывалем ад продажу квіткоў, рэкламы і іншага.

— Фестываль мае свае традыцыі і з кожным годам абнаўляецца, — заўважыў міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў. — Галоўнае, што ён набыў статус культурнага брэнда краіны, а гэта да многага абавязвае.

Галоўная задача “Славянскага базару…”, як падкрэсліў яго дырэктар Аляксандр Сідарэнка, — стварыць свята для вялізнай колькасці людзей. Свята — працягваецца! Наперадзе — дарослы конкурс, пераможцы якога будуць узнагароджаны на гала-канцэрце закрыцця фестывалю 17 ліпеня.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"