Патэнцыял краіны — у інтэлекце і таленце

№ 22 (840) 31.05.2008 - 06.06.2008 г

Для Беларусі ХХІ стагоддзя прыярытэтным з’яўляецца інавацыйны шлях развіцця, укараненне новых тэхналогій, і ў гэтых працэсах галоўная стаўка робіцца на інтэлектуальны патэнцыял краіны — таленавітую моладзь.

За час існавання спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі (са студзеня 1996 года) колькасць асоб, якія атрымалі заахвочванні, узрасла амаль у 9 разоў. За высокія дасягненні і актыўны ўдзел у творчых мерапрыемствах адраснай фінансавай падтрымкі ўдастоены 2514 навучэнцаў, студэнтаў і маладых дзеячаў культуры і мастацтва, 59 мастацкіх калектываў. На забеспячэнне ўдзелу творчай моладзі ў міжнародных конкурсах, выстаўках і іншых акцыях у галіне культуры і мастацтва, выплаты прызавога фонду пераможцам рэспубліканскіх і міжнародных мастацка-творчых спаборніцтваў, набыццё музычных інструментаў, сцэнічных касцюмаў, матэрыялаў і абсталявання для заняткаў мастацкай творчасцю выдзелены 352 гранты.

За 12 гадоў існавання спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў па ўсіх праграмах атрымалі падтрымку 584 навучэнцы, студэнты і выкладчыкі, якія зрабілі асабісты ўнёсак у працу з таленавітай моладдзю.

У 2007 годзе падтрымкай фонду карысталіся 1766 навучэнцаў, студэнтаў, педагагічных работнікаў, інтэлектуальных і творчых аб’яднанняў.

Сустрэча Кіраўніка краіны з творчай моладдзю стала добрай традыцыяй і адбываецца штогод напрыканцы навучальнага года. Гэтым разам у Палац Рэспублікі быў запрошаны 81 юны ўдзельнік — гонар і надзея нашай рэспублікі.

У Зале дзяржаўных прыёмаў Прэзідэнт звярнуўся да маладых талентаў:

— За 12 гадоў працы спецыяльных фондаў Прэзідэнта прэміямі і стыпендыямі адзначаны больш за 18 тысяч школьнікаў, студэнтаў, дзеячаў мастацтва і педагогаў.

Рэалізавана нямала творчых і навуковых праектаў... У мінулым годзе ўсе 28 беларускіх удзельнікаў сталі прызёрамі міжнародных прадметных алімпіяд і прэстыжных турніраў. Нашы маладыя артысты дабіліся несумненных поспехаў на Міжнародным конкурсе вакалістаў імя Глінкі. А самыя юныя — у другі раз заваявалі перамогу на дзіцячым конкурсе “Еўрабачання”. Гэтыя ўражальныя рэкорды наглядна пацвярджаюць высокую эфектыўнасць беларускай сістэмы працы з адоранай моладдзю.

Прэзідэнт шчыра павіншаваў удзельнікаў сустрэчы з перамогамі, якія праславілі нашу краіну, і пажадаў ім, каб гэтыя поспехі і заслужаныя ўзнагароды натхнілі іх на пакарэнне новых вяршынь у вучобе, навуцы і мастацтве, дапамаглі пераадолець цяжкасці, сталі стымулам для прафесійнага і творчага росту.

Асаблівую ўдзячнасць ён выказаў педагогам, якія працуюць з маладымі талентамі, за энтузіязм і адданасць свайму прызванню.

Аляксандр Лукашэнка ўручыў ўдзельнікам сустрэчы пасведчанні і нагрудныя знакі лаўрэатаў спецфондаў Прэзідэнта.

Са словамі ўдзячнасці ў адказ выступілі вучаніца Мінскай сярэдняй школы № 22 Валерыя Каснерык, якая атрымала бронзавы медаль Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды школьнікаў па хіміі 2007-га года, лаўрэат “Еўрабачання-2007” Аляксей Жыгалковіч і загадчык кафедры генетыкі БДУ, доктар біялагічных навук, прафесар, трэнер зборнай каманды школьнікаў Рэспублікі Беларусь па біялогіі Наталля Максімава.

Прадстаўнікі таленавітай моладзі сфатаграфаваліся на памяць з Кіраўніком дзяржавы. Для ўдзельнікаў сустрэчы адбыўся святочны канцэрт, на якім у суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь выступілі артыстка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы, лаўрэат міжнародных конкурсаў Аксана Волкава, вядомы эстрадны спявак Георгій Калдун, студэнтка Беларускай акадэміі музыкі, уладальніца Гран-пры Міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў “Мастацтва ХХІ стагоддзя” 2007 г. Таццяна Кармазінава, навучэнцы Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай акадэміі музыкі, Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў, Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Н.Сакалоўскага, прадстаўнікі ўзорнай студыі цыркавога мастацтва “Арэна” Мазырскага палаца культуры.

 

Святлана ІШЧАНКА