Выйсці з палону крайнасцяў

№ 27 (1310) 08.07.2017 - 14.07.2017 г

Пару гадоў таму ў ведамасным часопісе аднаго вельмі паважанага дзяржаўнага органа, які кантралюе выкананне заканадаўства, яго супрацоўніца ў сваім артыкуле адмыслова засяродзіла ўвагу на тым, што ў ваколіцах Дома-музея Шагала ў Віцебску дасюль няма кавярні. Здавалася б, не справа такога органа, біблійнай мовай кажучы, “печься о столах”. Але… мусіць, факт падаўся настолькі “вопиющим”, што аўтарка не стрымалася. Між тым, кавярні там няма і пагэтуль.

/i/content/pi/cult/646/14346/5.jpg

Апынуўшыся ў Віцебску разам з начным цягніком і першымі промнямі сонца, заўсёды маеш час на шпацыр па Пакроўскай і яе ваколіцах — балазе, ад вакзала гэта літаральна ў двух кроках. І бачыш, што з году ў год там нічога не мяняецца. Тыя самыя ангары і спаруды, тыя самыя шчэрбіны ў асфальце… Хіба толькі новае кустоўе паспела вырасці сярод руінаў Вялікай Любавіцкай сінагогі — якую, кажуць, наведваў сам Шагал. Мяркуючы па водары, цяпер яе наведваюць зусім не з рэлігійнымі мэтамі.

Гадоў восем таму мы пісалі пра грандыёзныя планы па стварэнні ў Задзвінні міжнароднай велічыні арт-цэнтра, публікавалі і эфектныя архітэктурныя рэндары, выкананыя светлай памяці Леанідам Левіным. Для ўвасаблення той задумы трэба было ўсяго нічога — знайсці пару соцень мільёнаў долараў. Здзіўляцца таму, што ў крызісны век яны дасюль не знайшліся, наўрад ці выпадае. Тут здзіўляе іншае — наша схільнасць мысліць нейкімі крайнасцямі, бінарнымі апазіцыямі. Альбо міжнародны цэнтр, альбо разбіты асфальт. І трэцяга не дадзена!

Між тым, яшчэ ў пару ўсеагульнага аптымізму многія віцябляне моцна крытыкавалі той праект рашучай джэнтрыфікацыі непрыглядных сёння “шагалаўскіх” кварталаў. І калі добра ўдумацца, крытыка не пазбаўлена рацыі. Прыгожыя ўзоры сучаснай архітэктуры здатныя забіць тое, што нейкім цудам і дасюль захоўваецца ў гэтай частцы Задзвіння — аўтэнтычную аўру правінцыі, якой было прасякнутае светаадчуванне мастака. Падазраю, менавіта яна прываблівае ў Віцебск шматлікіх аматараў Шагала з усяго свету. Прыгожых будынкаў шмат, а такое месца можа быць толькі адно.

Іншая справа, што сёння “паломнікам” там папросту няма чым заняцца. Наведванне музея зойме пару гадзін, павольны шпацыр па яго атмасферных ваколіцах — ну, максімум, яшчэ гадзінку. І на гэтым пакуль усё. Тут няма дзе спыніцца на ноч, каб уволю надыхацца тым паветрам, якім дыхаў мастак. Няма нават магчымасці прысесці з кубкам кавы за столікам ва ўтульным дворыку старой камянічкі — хаця перспектыўных месцаў можна знайсці багата.

І таму інспектар паважанай установы, без сумневу, мела рацыю. Дзяржаўныя структуры сёння не выкарыстоўваюць той патэнцыял, якім забяспечыў Віцебск яго заўсёдны патрыёт. І фінансавы, і культурны, і іміджавы.

Для таго, каб зрабіць стыльную кавярню, зусім не патрабуюцца шматмільённыя інвестыцыі. Ды і ашчадная архітэктурная рэгенерацыя менавіта “шагалаўскага” Задзвіння — у тых маштабах і габарытах і з той атмасферай  — таксама, напэўна, пад сілу, не адразу, дык крок за крокам. Балазе, гэта не будаўніцтва на роўным месцы, а выпраўленне мінулых урбаністычных памылак, “дзякуючы” якім ансамблевасць была бяздумна парушаная. Цяпер неабходна зноў аднавіць цэласнасць архітэктурнага бачання гэтай прасторы, па магчымасці кіруючыся дакументальнымі крыніцамі. А ў выпадку іх браку — здаровым глуздам і пачуццём густу.

Сёння мы знаходзім месца пад кавярню, заўтра зносім нейкі сілікатны будан альбо металічны ангар ды аднаўляем на яго месцы двухпавярховую камянічку пад гатэль, паслязаўтра рэстаўруем сінагогу, стварыўшы ў ёй, напрыклад, культурны цэнтр адпаведнай тэматыкі…

І ў выніку такіх крокаў ужо да 150-годдзя Шагала жыццё на Пакроўскай ды прылеглых вуліцах будзе віраваць не толькі падчас касцюмаваных святаў, якія так добра ўмеюць рабіць віцебскія музейшчыкі. А Zadzvinne пачнуць буйным кеглем пазначаць на ўсіх картах мясцін арт-паломніцтва свету.