Конкурсныя дарогі вядуць у Віцебск

№ 27 (1310) 08.07.2017 - 14.07.2017 г

13 ліпеня — адкрыццё ХХVІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. У час урачыстай цырымоніі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыць Гран-пры пераможцы ХV Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу, што пройдзе ў рамках фестывалю з 11 ліпеня.

/i/content/pi/cult/646/14340/5.jpgАд Беларусі ў гэтым спаборніцтве будзе ўдзельнічаць 12-гадовая Маша Магільная з Магілёва — лаўрэат шасці міжнародных конкурсаў, фіналістка двух Нацыянальных тураў “Дзіцячае Еўрабачанне”, украінскага тэлепраекта “Музычная акадэмія Junior”.

А 14 ліпеня на “Славянскім базары ў Віцебску” пачнецца трохдзённае дарослае творчае спаборніцтва — ХХVІ Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2017”. Нашу краіну на ім прадставіць 19-гадовы Ягор Шаранкоў — саліст Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, студэнт БДУКіМ, уладальнік прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Скараць эстрадны Алімп Ягор пачаў з дзяцінства, стаўшы ўладальнікам Гран-пры двух міжнародных конкурсаў. Першым яго “дарослым” спаборніцтвам быў Рэспубліканскі конкурс маладых эстрадных выканаўцаў “Белазаўскі акорд-2014”, дзе Ягор стаў не толькі лаўрэатам, але і ўладальнікам прыза глядацкіх сімпатый. Тройчы выходзіў у фінал беларускіх адборачных тураў “Еўрабачання” — у 2010, 2012 і 2016 гадах. А ягоны “паслужны спіс” удзелу ў тэлепраектах налічвае “Спеўныя гарады”, “Зорны рынг”, “Ікону сцэны” Максіма Алейнікава і ўкраінскі “Голас краіны”.

— Конкурсы — неад’емная частка сучаснага музычнага выканальніцтва. Вы, Ягор, таксама ў іх удзельнічаеце не ўпершыню. Што яны далі асабіста вам?

— Для мяне конкурсы — гэта заўжды новы вопыт, магчымасць адтачыць прафесійныя навыкі, пачуць канструктыўную крытыку на свой адрас, каб самаўдасканальвацца і станавіцца лепей.

— Тэлешоу, набліжаныя да конкурсаў, маюць крыху іншыя мэты. Ці могуць яны, на ваш погляд, рэальна павысіць майстэрства — або толькі прынесці папулярнасць?

— На самой справе, тэлешоу, разнастайныя праекты, конкурсы вельмі павышаюць майстэрства. У якасці прыклада згадаю ўкраінскі “Голас краіны”, у якім мне пашчасціла ўзяць удзел: ён даў вельмі многа. Я ўпершыню пагрузіўся ў такога кшталту маштабны праект вельмі высокага ўзроўню. “Голас краіны” — гэта агромністае дзейства, праца вялізнай каманды прафесіяналаў. За кароткі час падрыхтаваць цэлы нумар — гэта вельмі закаляе і развівае. Для мяне праект стаўся сапраўднай “школай жыцця артыста”: частыя інтэрв’ю, праца на камеру, фотасесіі, здымкі. У выніку на выхадзе з праекта застаешся з вялізным багажом вопыту і навыкаў.

— З “Голасам краіны” ўсё зразумела. Можа, вылучыце яшчэ некалькі самых значных, на ваш погляд, конкурсаў ці тэлепраектаў, якія найбольш паўплывалі на вашу творчую кар’еру?

— Магу вылучыць яшчэ фінал беларускага адборачнага туру “Еўрабачання”. І, вядома, зусім хутка ў мой асабісты спіс дасягненняў увойдзе выступленне ў конкурсе маладых эстрадных выканаўцаў “Віцебск-2017”. Прынамсі, віцебскі амфітэатр будзе самай вялікай пляцоўкай, на якой мне даводзілася спяваць.

/i/content/pi/cult/646/14340/7.jpg

— Ягор, з якім настроем збіраецеся на “Славянскі базар у Віцебску”?

— З баявым. І настроены вельмі рашуча, бо была праведзена вялікая праца ўсёй маёй дружнай каманды, а гэта не можа не прынесці добрага выніку. Шчыра прызнацца, крыху стаміўся ад вялізнай колькасці рэпетыцый-здымак-прымерак, але цяпер паспрабую хаця б трохі адпачыць, набрацца сіл, бо наперадзе самае галоўнае — годна прадставіць нашу краіну.

— Чаго пажадалі б сабе і ўсім удзельнікам?

— Упэўненасці ў сваіх сілах. Быць абсалютна шчырымі перад гледачом. А таксама, вядома, добрага настрою!

— Ці сачылі ў мінулыя гады за фестывальнымі падзеямі?

— Сачыў за фестывалем літаральна апошнія два гады, вельмі “заўзеў” за сваю добрую сяброўку Валерыю Грыбусаву. Штогод у конкурсе бярэ ўдзел вялікая колькасць таленавітых выканаўцаў, таму заўсёды цікава глядзець тыя канцэрты: яны атрымліваюцца вельмі яскравымі.

— Можа, штосьці ў жыцці звязана з Віцебскам?

— Як ні дзіўна, але дагэтуль у Віцебску я ніколі не бываў. Затое паеду цяпер! Думаю, праз нейкі час назбіраецца шмат запамінальных момантаў, якія захочацца ўзгадаць.

— Вы працуеце ў Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестры Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Фінберга. Зусім нядаўна можна было бачыць вашае выступленне ў складзе гэтага славутага калектыву на Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне — і “жыўцом” у амфітэатры, і ў далейшых тэлетрансляцыях. А што падрыхтавалі да конкурсу на “Славянскім базары…”?

— У паўфінале прагучыць беларуская народная песня — усімі забытая “Ой, дубе, мой дубе”. Гэта будзе невялікі эксперымент, цалкам аўтарская аранжыроўка. Рабілі яе мае сябры — вельмі таленавітыя музыканты студыі ToneTwins Андрэй Кацікаў і Уладзіслаў Пашкевіч: атрымаўся ф’южн. Думаю, слухачам будзе цікава пачуць традыцыйную беларускую песню ў гэткай нестандартнай аранжыроўцы. У першы конкурсны дзень у суправаджэнні ўжо роднага для мяне калектыва — згаданага вамі Заслужанага Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам маэстра Фінберга — я праспяваю пранізлівую баладу “Крыжы” на вершы Янкі Купалы. Музыку напісаў Ігар Мельнікаў, які ў свой час узначальваў знаны ансамбль “Камерата”. Гэта будзе прэм’ера: упершыню балада публічна прагучыць менавіта на сцэне “Славянскага базара ў Віцебску”. У другі конкурсны дзень, дзе патрабуецца сусветны хіт, я выканаю кампазіцыю We are the champions легендарнага гурта Queen. Я вельмі адказна падыходжу да падрыхтоўкі і намагаюся адшліфаваць кожны нумар да дасканаласці.

— Як абіраўся рэпертуар? Ці былі нейкія прапановы ўласна ад Фінберга?

— Міхаіл Якаўлевіч дазволіў мне падабраць рэпертуар цалкам самастойна, каб той быў блізкі па духу і ўвасабляў менавіта мяне. За гэта я яму вельмі ўдзячны. Але, зразумела, усё роўна за парадамі звяртаюся.

— Цікава, а хто працуе над вашым знешнім выглядам, сцэнічнымі строямі, пластыкай?

— У мяне выдатная каманда, якая працуе са мной цягам усёй падрыхтоўкі да конкурсу. Гэта мая сяброўка — стыліст Рэгіна Паляйчук, цудоўныя беларускія дызайнеры Tarakanova, Sabaclothes, Limitedminsk. Абавязкова хачу назваць маіх любых педагогаў па вакале — Таццяну Мікалаеўну Лігорскую і ўжо згаданага ў сувязі з прэм’ернай песняй Ігара Васільевіча Мельнікава. Вядома, дапамагаюць і ўся мая сям’я, каханая дзяўчына, сябры. Я ганаруся сваёй камандай, яе падтрымка надае мне сілы, якія мне зараз проста неабходныя.

— Вашы бацькі — медыкі. Як яны паставіліся да таго, што вы не працягнулі дынастыю?

— Так, мае бацькі хацелі, каб я стаў урачом. Дый я таксама збіраўся, чаго тут хаваць. Але музыка заўжды мяне вабіла, была са мной усё жыццё — і я не мог кінуць думкі пра тое, каб стаць прафесійным музыкантам. Тым больш, было шмат у жыцці знакаў, каб я не пакідаў свайго прызвання. Мне вельмі пашанцавала з бацькамі, бо яны без усялякіх “але” падтрымалі мяне ў маім рашэнні! Я ім неверагодна ўдзячны за ўсё, што яны для мяне зрабілі і робяць заўсёды!

— Пэўна, і ў Светлагорскую школу мастацтваў менавіта яны вас аддалі? Дарэчы, скрыпка, ігры на якой вы там навучаліся, неяк паўплывала на ваш спеўны стыль, кантылену?

— Бацькі заўжды бачылі ўва мне творчую асобу. Яны сталі заўважаць гэта з ранняга дзяцінства, таму без аніякіх ваганняў прывялі мяне ў музычную школу, у клас скрыпкі. Я за гэта ім таксама ўдзячны! Бо менавіта ігра на гэтым інструменце развіла і ўдасканаліла мой музычны слых. Не думаю, што скрыпка неяк паўплывала на мае стылёвыя кірункі, але тое, што яна дапамагла пашырыць мае музычныя і, шырэй, інтэлектуальныя далягляды, — дакладна!

— Вы цяпер вучыцеся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Ці будзе ў Віцебску “заўзець” за вас хтосьці з аднакурснікаў?

— Прыедзе вельмі многа маіх сяброў. І аднакурснікі сярод іх таксама будуць. Так што група падтрымкі ў мяне вельмі размаітая.

— Як увогуле ўспрымаюць тыя ж педагогі вашы частыя паездкі, звязаныя з канцэртаваннем?

— Я імкнуся сумяшчаць вучобу і канцэртную дзейнасць, знаходзіць час на ўсё. Канешне, гэта не заўсёды атрымліваецца лёгка, але паразуменне і падтрымка выкладчыкаў мне вельмі спрыяюць.

— Многія выканаўцы рана ці позна пачынаюць кампазітарскія спробы. Схільнасць да гэтага роду дзейнасці ў вас пакуль выяўляецца ў стварэнні ўласных кавер-версій. Ці я проста не ведаю пра напісаныя вамі кампазіцыі?

— Так, я сапраўды крыху пішу музыку і тэксты. І вось літаральна адразу пасля “Славянскага базара…” планую заняцца сваім сольным аўтарскім праектам. Спадзяюся, гэта будзе штосьці цікавае, новае. Перавяду пасля конкурсу дух — і далей за працу. Найперш мяркую сесці за стварэнне новага аўтарскага матэрыялу, каб у хуткім часе выпусціць свой EP-альбом і прэзентаваць яго беларускім слухачам.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"