“Мы шчаслівыя, што прадстаўляем тут наш фальклор і бачым іншыя традыцыі”

№ 27 (1310) 08.07.2017 - 14.07.2017 г

Больш за паўтысячы аматараў фальклору з 24 краін сплялі “Вянок дружбы” — у Бабруйску адбыўся XIV Міжнародны фестываль народнай творчасці.

/i/content/pi/cult/646/14337/2.jpg

З 28 чэрвеня па 3 ліпеня культурная сталіца Беларусі-2017 прымала харэаграфічныя, вакальныя, інструментальныя і тэатральныя калектывы з Азербайджана, Балгарыі, Германіі, Ізраіля, Індыі, Іспаніі, Калумбіі, Кубы, Латвіі, Літвы, Мексікі, Малдовы, Польшчы, Расіі, Сербіі, Славакіі, ЗША, Турцыі, Украіны. Упершыню ў фестывалі прынялі ўдзел Вялікабрытанія, Венгрыя, Італія, Нарвегія, Кіпр і Чэхія. Вольных месцаў у бабруйскіх гатэлях ды інтэрнатах не было — толькі замежных артыстаў прыехала больш за 600.

— На наш фестываль прыязджаюць не спаборнічаць, а сябраваць і дзяліцца сваёй творчасцю, таму што выступленні не маюць конкурснага характару і кожная дэлегацыя знаёміць гледачоў з фальклорнымі традыцыямі свайго рэгіёна, — падкрэсліла намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага гарвыканкама Ірына Роскач. — У першыя гады правядзення форуму да нас прыязджалі госці з пяці-сямі краін. Мы вытрымлівалі мінімум, неабходны для пацверджання статусу міжнароднага фестывалю. Цяпер жа прымаем дзясяткі дэлегацый з чатырох кантынентаў свету.

Гісторыя “Вянка дружбы” пачалася ў Магілёве ў 1991 годзе, з 2003 года форум стала “прапісаўся” ў Бабруйску. Як паведамілі ў мясцовым выканкаме, упершыню сёлетні фестываль адкрыўся “Лявоніхай” у выкананні 180 удзельнікаў, якія загадзя атрымалі відэазапіс беларускага танца і спецыяльна вучылі яго ў сябе дома для выступу ў Бабруйску. Кожная краіна прывезла свой вянок і нацыянальны сувенір, што папоўнілі фонды Бабруйскага краязнаўчага музея.

Канцэртам на цэнтральнай плошчы ўдзельнікі павіншавалі Бабруйск з 630-годдзем. Цягам некалькіх дзён усе артысты выступалі не толькі на пляцоўках горада, але і ездзілі ў сёлы і аграгарадкі Асіповіцкага, Бабруйскага, Глускага, Кіраўскага раёнаў.

— Мы ўдзельнічалі ў розных фестывалях, але лепшых за тыя, што праходзяць у Беларусі, не бывае, — лічыць кіраўнік малдаўскай дэлегацыі Андрэй Бачу. — Асабіста мне вельмі блізка ўсё тое, што адбываецца на “Вянку дружбы”, падабаецца атмасфера — усё неяк па-свойску. Мы шчаслівыя, што прадстаўляем тут наш фальклор і бачым іншыя традыцыі.

Беларусь на фестывалі прадставіў народны вакальны ансамбль “Менестрэлі” з Маладзечна.

/i/content/pi/cult/646/14337/3.jpg

— Для нас гэта гонар, — адзначыў кіраўнік калектыву Аляксандр Важнік. — У адной з вёсак Бабруйскага раёна давялося выступаць з гасцямі з Калумбіі. Нам столькі кветак падарылі пасля таго выступлення… Але публіка паўсюль нас прымала аднолькава цёпла.

Пешаходную вуліцу Сацыялістычную на час фестывалю пераўтварылі ў Горад майстроў, дзе свае вырабы прадставілі рамеснікі з розных куткоў Беларусі, Расіі, Украіны. Упершыню ў Бабруйску падчас “Вянка дружбы” 2 ліпеня адбыўся фестываль вулічных тэатраў — калектывы выступалі і побач з рамеснікамі, і на плошчы Леніна, і каля будынка драмтэатра імя Дуніна-Марцінкевіча.

— Для нашага горада гэта вялікая падзея, — паведаміў намеснік главы адміністрацыі Ленінскага раёна Бабруйска Віталь Грахоўскі. — Мы вельмі ўдзячныя артыстам з Мінска, якія прыехалі да нас і паказалі новыя магчымасці правядзення вулічных мерапрыемстваў.

Арганізатарамі Міжнароднага фестывалю народнай творчасці “Вянок дружбы” сумесна з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь выступаюць Магілёўскі абласны і Бабруйскі раённы выканаўчыя камітэты, а таксама Цэнтральны камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў культуры.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"