Днепр, Лугавіна, Купалле

№ 27 (1310) 08.07.2017 - 14.07.2017 г

Сёння Александрыя сабрала сяброў
Аграгарадок Александрыя, што на Шклоўшчыне, стаў 8 ліпеня сталіцай Міжнароднага фестывалю мастацтваў прыдняпроўскіх рэгіёнаў Беларусі, Украіны і Расіі. Кульмінацыяй свята сёння будзе эстрадна-цыркавая дзея “Купальскі сон”, якую падрыхтаваў тэлеканал АНТ.

/i/content/pi/cult/646/14336/1.jpg

Кіраўнік дырэкцыі спецыяльных праектаў згаданага тэлевізійнага канала Анжаліна Мікульская не раскрывае ўсіх сакрэтаў, але запэўнівае, што сюрпрызы падчас “…сна” абавязкова будуць, а ў незвычайным шоу можа ўзяць удзел любы ахвотны. Дакладна вядома, што на галоўнай фестывальнай сцэне выступяць артысты і цыркавыя калектывы з розных краін.

Напярэдадні Купальскай ночы “К” звязалася з намеснікам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шклоўскага райвыканкама Галінай Валозінай. Яна распавяла, што яшчэ 6 ліпеня Лугавіна (менавіта так называюць мясцовыя жыхары прыдняпроўскі поплаў, на якім традыцыйна і ладзіцца фестываль “Александрыя збірае сяброў”) пераўтварылася ў гарадок з паветкамі, вуліцамі (ёсць і гандлёвая), цэнтральнай сцэнай.

— Вянкі ўжо сплецены, — кажа Галіна Алегаўна, — чатыры самадзейныя калектывы раёна (два з іх — народныя) выязджаюць у Александрыю. У складзе нашай дэлегацыі — і народны калектыў Гарадзецкага дома рамёстваў “Залатая саломка”. Будзе сярод майстроў-рамеснікаў і каваль. Усе хочуць не толькі паглядзець на цыркавых акрабатаў, але і годна прадэманстраваць на фестывалі сваё майстэрства.

А вось пра што распавёў дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Алег Хмялькоў:

— На беразе Дняпра ўтвораны імправізаваны рамесніцкі востраў. Яго “заселяць” майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва сямі краін. Творчы дэвіз астраўлянаў — “Праз традыцыі розных краін да міру і згоды”. Можна будзе набыць сувенір і паўдзельнічаць у майстар-класах. Словам, выбар ва ўдзельнікаў свята — самы багаты. Літва, да прыкладу, абяцала падзяліцца сакрэтамі (і стравамі!) сваёй адметнай нацыянальнай кухні. Думаю, і беларускія кулінары не саступяць у майстэрстве гатавання.

Міжнародны фестываль мастацтваў, як і паведамлялася, завершыцца 9 ліпеня выбліскамі феерверкаў у суправаджэнні лазернага шоу. Уяўляеце, як усё гэта будзе глядзецца над велічнай дняпроўскай плынню?!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"