Лётаюць анёлы — лунае Шагал

№ 27 (1310) 08.07.2017 - 14.07.2017 г

У сусветнай мастацкай супольнасці на гэтым тыдні часцей за іншыя гучыць імя Марка Шагала — адзначаецца 130-годдзе з дня нараджэння мастака.

/i/content/pi/cult/646/14334/27 kultura 1.jpg

Асноўныя мерапрыемствы адбываюцца, натуральна, на яго радзіме — у Віцебску: адкрываюцца выставы, ідуць кінапаказы і спектаклі, прысвечаныя творчасці знакамітага земляка. Пра свята нагадваюць не толькі на адмысловых імпрэзах, а і проста на вуліцах — агароджу каля Арт-цэнтра Марка Шагала на Пакроўскай аздобілі цытатамі мастака. У горадзе літаральна кожны дзень цяпер можна сустрэць ці то анёлаў, ці то блакітных, сініх, зялёных і чырвоных птушак — артыстаў народнага маладзёжнага тэатра “Кола”.

— Гэта быццам запырсканыя фарбай палотны. Колеравая гама выбрана невыпадкова і зразумелая кожнаму, хто хоць раз бачыў карціны Шагала. Артысты працуюць на хадулях, таму заўжды вышэйшыя за людзей і быццам лётаюць паміж небам і зямлёй у ільняных касцюмах-крылах — у Віцебску ж усё лётае, — жартуе рэжысёр тэатра Уладзіслава Цвікі. — Стварыць такія вобразы для нашых перформансаў было калектыўнай ідэяй, якую ўвасобіла мастак-пастаноўшчык Надзея Бараноўская. Упершыню мы скарысталіся імі год таму, калі ўсталёўвалася мемарыяльная дошка мастаку. Як толькі надвор’е дазваляе распачаць вулічны сезон, рэжысёры розных святаў звяртаюцца да нас з просьбай выступіць, бо вельмі ўжо віцебская і далікатная атрымалася гісторыя. З аднаго боку — яскравы штрых, якім можна ўпрыгожыць горад, з іншага — яшчэ і свежы погляд на “цытаванне” мастака, візуалізацыя шагалаўскага духу, што лунае ў Віцебску.

З 13 па 17 ліпеня артысты ў гэтых вобразах “паселяцца” каля Пушкінскага маста, дзе падчас міжнароднага фэсту вулічнага мастацтва “На сямі вятрах” будуць выступаць з перформансамі некалькі разоў на дзень.