Як да сябе дадому

№ 26 (1309) 01.07.2017 - 07.07.2017 г

У чэрвені Нясвіжскі палац наведала ўнучка апошняга ўладальніка замка Леана Уладзіслава Радзівіла — Дзіяна Марыя Роза Караба-Тэтаманці з сям’ёй.

/i/content/pi/cult/645/14331/26 kultura 14+.jpg

Нашчадкі Радзівілаў жывуць у Рыме з восені 1939 года, калі сям’ю нясвіжскага ардыната па асабістай просьбе каралевы Італіі дэпартавалі з Беларусі. У 1953 годзе ў Ежы, малодшага сына Леана Радзівіла, у Лазане нарадзілася дачка Дзіяна. Упершыню яна прыязджала ў Нясвіж у 2014 годзе. Цяпер — упершыню без візы.

Разам з Дзіянай Марыяй Розай Караба-Тэтаманці знакаміты замак і гарадскую ратушу непадалёк ад яго наведалі таксама муж, двое сыноў, нявесткі і шасцёра ўнукаў. Затым італьянская дэлегацыя накіравалася ў Мір і Мінск.

— Гэта ўжо не першая і, спадзяюся, не апошняя наша паездка на радзіму продкаў, — адзначыла спадарыня Дзіяна падчас візіту ў Нясвіж. — Бог дазволіць, яшчэ вернемся ў гэтыя мясціны. Яны вельмі шмат значаць для мяне, ведаю іх па расповедах бацькі і дзеда, якія часта ўзгадавалі пра жыццё тут, прыём гасцей, паляванне. Таму тут я быццам вяртаюся дадому. Вельмі цаню цёплы прыём, які тут аказваюць нашай сям’і.

Магіла Леана Уладзіслава Радзівіла знаходзіцца ў Парыжы, але ён хацеў быць пахаваным на радзіме. Таму, па словах яго ўнучкі, зараз нашчадкі абмяркоўваюць магчымасць перазахаваць прах апошняга гаспадара замка ў фамільнай крыпце касцёла Божага Цела ў Нясвіжы.

/i/content/pi/cult/645/14331/26 kultura 14++.jpg

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"