Штрыхі да партрэта “ідэальнай” дыскатэкі

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

Нескладана зрабіць на паперы метадычныя выкладкі дасканалай па змесце і абліччы дыскатэкі. Канешне, карысна паспрачацца з калегамі, якім чынам лепш праводзіць тыя ці іншыя конкурсы, выхоўваць музычныя густы падрастаючага пакалення, якую апаратуру пры гэтым эфектыўней за ўсё выкарыстоўваць. Але наколькі падобныя распрацоўкі, тэматычныя праграмы, дзі-джэйскія вышукі патрэбны тым, хто прыходзіць на танцпол? Ці ўсе арганізатары ладзілі апытанні запатрабаванняў аўдыторыі, спрабуючы такім чынам зразумець пажаданні публікі, суаднесці свае памкненні з яе запатрабаваннямі? Каб скласці партрэт дыскатэкі, якая б адпавядала марам не толькі вытворцаў, але і спажыўцоў, я звярнулася да ўдзельнікаў Тэатра дэфіле “Модніцы” Барысаўскага ГДК. Як падаецца, меркаванні барысаўскай моладзі характэрны і для іншых рэгіёнаў Беларусі.

Ірына Каласоўская, дзесяцікласніца школы № 10:

— Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так начны клуб — з інтэр’ера. У Барысаве існуюць тры начныя клубы і некалькі вячэрніх дыскатэк. На жаль, выгляд памяшканняў не ўражвае: безаблічныя сцены, шэрае фае. Сумна! Хацелася б, адпачываючы ад танцаў, любавацца арыгінальным інтэр’ерам. Вось бы запрасіць графіцістаў, каб тыя размалявалі танцзалу! Яна адразу стала б непаўторнай, а вулічныя мастакі, у сваю чаргу, атрымалі б магчымасць заявіць аб сабе, не абураючы жыхароў роспісамі на платах ці фасадах дамоў. А яшчэ можна дабавіць у інтэр’ер хаця б крыху хай-тэку. Металізаваныя столікі, крэслы, барныя стойкі дадалі б звычайнай дыскатэцы сучаснага бляску.

Сяргей Бубянец, рабочы завода медпрэпаратаў:

— Ля танцпола абавязкова трэба ставіць столікі, адкрываць кавярню. Канешне, калі памяшканне маленькае і не дазваляе рухацца так, каб не закрануць суседа, залішняя мэбля будзе раздражняць. Але, упэўнены, адпачынак павінен быць цывілізаваным. Праз паўгадзіны несупынных скокаў захочацца прысесці, перамовіцца словам з сябрам. І што рабіць, калі няма крэслаў? Вось і пачынае моладзь забірацца на падваконні, парэнчы, а потым абслугоўваючы персанал скардзіцца, што на сценах — сляды ад абутку. Да таго ж, пад час танцаў становіцца горача, хочацца здаволіць смагу, а купіць напой — праблема з праблем. Ну не са сваёй жа мінералкай прыходзіць?!

Марыя Малашэвіч, адзінаццацікласніца школы № 6:

— Хацелася б, каб змянілася стаўленне адміністрацыі дыскатэкі і наведвальнікаў да тых, хто выступае перад гледачом. Я, напрыклад, некалі працавала ў клубе на падтанцоўцы. Танцоўшчыцы падтрымліваюць энергетыку залы, становяцца эстэтычным дапаўненнем вечара. У сталіцы гэта — сталая практыка. Ведаю, што некаторыя навучэнкі Мінскага харэаграфічнага каледжа такім чынам зарабляюць грошы ў дадатак да стыпендыі, і ніхто іх за тое не адчытвае. Яны не бачаць скосых позіркаў, не чуюць перашэптванняў за спінай. У Барысаве ж на танцоўшчыц глядзяць, нібыта тыя — дзяўчаты лёгкіх паводзін. Не разумеюць, што мой выхад — звычайная работа, такая ж, як на фабрыцы ці на заводзе, з той толькі розніцай, што яны прыходзяць на рабочае месца дзеля сябе, а я — дзеля іх. Многія людзі баяцца танцаваць на дыскатэках. А я ім дапамагаю разняволіцца, знайсці сябе!

Зміцер Дзятко, студэнт-завочнік БНТУ:

— Для мяне галоўнай праблемай сучасных танцаў стала музыка. Трапіў я аднойчы ў магілёўскі клуб “Метро” (між іншым, сярод мясцовых маіх равеснікаў ён лічыцца вельмі прэстыжным): шыкоўны інтэр’ер, а музыка практычна тая ж, што і ў Барысаве! Быццам з дому не з’язджаў. У Мінску наведваў розныя начныя дыскатэкі, але на большасці чуў тыя хіты, што гучаць па радыё. Разумею, многія студэнты любяць рускую поп-музыку, але ёсць і тыя, хто паважае хіп-хоп, хаус. Чаму мне не дазваляюць выбіраць? Радуе, што некаторыя клубы гэта зразумелі і мяняюць рэпертуарную палітыку, ствараюць тэматычныя музычныя вечары. Я, напрыклад, вельмі люблю прыходзіць у дзвюхзальны барысаўскі клуб “Барбоса”. На адным танцполе можа граць R’n’B, на другім — хітовая танцавальная музыка, і я сам вырашаю, дзе танчыць.

Артур Маклак, навучэнец Барысаўскага дзяржаўнага каледжа:

— Мне падабаецца, калі праводзяць конкурсы дзі-джэяў. Па-першае, гэта адразу ўплывае на якасць плей-ліста, на разнастайнасць музыкі. Канкурэнцыя, як вядома, спараджае імкненне да лепшага. Па-другое, перамога дапамагае прафесійнаму станаўленню. Вось у Барысаве сёлета правялі конкурс “Хэй, дзі-джэй!”. Сваё майстэрства перад журы дэманстравалі юнакі з усіх гарадскіх школ. Пераможцаў тых творчых спаборніцтваў — Антона Шкутніка і Сяргея Гатоўку запрасілі выступаць на дыскатэцы ГДК “Пульс”, і хутка яны сталі мясцовымі знакамітасцямі.

***Некалькі начных клубаў у адным населеным пункце, розныя танцполы, дзе гучаць шматлікія адгалінаванні навамодных музычных плыняў, складаныя відэапраекцыі, запраграмаваныя пад рытм кампазіцый, — гэтыя мары дзяўчат і хлопцаў не заўсёды зразумелыя іх аднагодкам, што жывуць у глыбінцы. Там адзін сельскі клуб можа абслугоўваць з дзесятак вёсачак і, адпаведна, павінен адначасова задавальняць густы ўсіх наведвальнікаў. У жыхароў такіх населеных пунктаў праблемы і пажаданні зусім іншага плана.Уладзімір Барсяк, в. Пуцькі Чавускага раёна, вадзіцель:

— Для дыскатэкі сельскага Дома культуры галаўным болем з’яўляецца апаратура. Бывала, вечарыны адмянялі, бо не маглі адрамантаваць тэхніку. Дайшло да таго, што адна вялікая аматарка танцаў аддала ў клуб хатні плэер, гук з якога выводзілі на штатныя калонкі. Зараз сітуацыя крыху змянілася — з’явіўся магнітафон, які чытае СD.

Праўда, часцяком у разгар дыскатэкі ён адключаецца: то лазер не ўспрымае драпіны, то фармат запісу не падыходзіць. Плей-ліст, па сутнасці, складаюць наведвальнікі. У клубе няма Інтэрнета, з дапамогай якога можна было б папоўніць фанатэку, няма адказнага чалавека, які гэтым займаўся б (раней круцілі музыку дасведчаныя школьнікі, але яны з’ехалі на далейшую вучобу). Мы прыносім кампазіцыі з сабой, але сёння амаль усе карыстаюцца МР3-фарматам, а апаратура ў клубе ўспрымае толькі WMA. На дыск змяшчаецца не больш за 10 трэкаў. Каму ж захочацца несці з дому гару кампактаў?! Калі ж гаварыць пра добрыя знаходкі, адзначу цудоўныя праграмы, якія часам прывозіць да нас раённы Дом культуры: ладна падабраныя выступленні калектываў, гульні, конкурсы выдатна дапаўняюць танцы.

Вольга Кібак, в. Пагост-Загародскі Пінскага раёна, студэнтка Беларускага дзяржаўнага універсітэта фізічнай культуры і спорту:

— У нашай вёсцы клуба няма — мы ходзім у суседні Камянецкі сельскі дом культуры. Раней вельмі раздражняў яго знешні выгляд: непрывабная зала, фае з састарэлымі малюнкамі, жудасная лесвіца. Сёлета ў СДК распачалі рамонт, інтэр’ер павінен змяніцца. Спадзяюся, заадно выправяць сітуацыю з вентыляцыяй. Летам танцаваць немагчыма: духата ў памяшканні стаіць такая, што даводзіцца праз песню выбягаць на вуліцу. Адкрыць вокны адміністрацыя не можа, бо быў горкі вопыт, калі наведвальнікі выбівалі шыбы (яны адчыняюцца ўнутр, некаторыя іх не заўважалі…). Ды і небяспечна: з другога паверха можа хто-небудзь зваліцца. Добра было б, каб адкрылі кавярню. Піць хочацца, але бліжэйшае цывілізаванае месца, дзе можна было б набыць сок ці мінералку, знаходзіцца на адлегласці каля двух кіламетраў.

Хацелася б, каб з’явіўся добры кантроль, які б не халтурыў, а сапраўды не пускаў бы ў залу п’яных хлопцаў. Увогуле, на мой погляд, не хапае больш сур’ёзных адносін дарослых людзей да арганізацыі дыскатэкі: каб тыя ж конкурсы праводзілі не “для птушачкі”, а для заахвочвання моладзі, стварэння добрага настрою для культурнага адпачынку.

Ірына Апалонава, аграгарадок “Азяркі” Мастоўскага раёна, студэнтка Беларускага дзяржаўнага універсітэта:

— Пасля змены статуса вёскі сельскі Дом культуры змяніўся да непазнавальнасці. Яго абсталявалі лепшай светлавой, музычнай апаратурай. Па-мойму, зараз наша дыскатэка амаль нічым не саступае сталічным. Адразу павялічылася колькасць наведвальнікаў: сюды пацягнуліся з суседніх вёсак, нават з Мастоў заглядваюць. Працуюць па чарзе тры дзі-джэі. Мне падабаецца іх спосаб фарміраваць рэпертуар: загатоўлены лісты, на якіх кожны можа пакінуць заяўку на тую ці іншую кампазіцыю. Дзі-джэй уключае найбольш часта згаданыя назвы — атрымліваецца своеасаблівы вясковы хіт-парад. Зала дазваляе прымаць сталічныя калектывы. Напрыклад, аншлагі збіралі сталічныя гурты “Нестандартный вариант” і “Свободные мысли”. А бачылі б вы, што адбывалася, калі прыехала Ірына Дарафеева! Прыходзілі цэлымі сем’ямі, запрашалі сяброў і сваякоў з іншых вёсак. Старэнькія бабулі апраналіся ў святочныя хусткі, што былі ўжо “на смерць” адкладзены, і выпраўляліся слухаць зорку ды назіраць за танцуючай моладдзю.

 

Занатавала Настасся ПАНКРАТАВА