Уявіце сабе паэта!

№ 26 (1309) 01.07.2017 - 07.07.2017 г

Напярэдадні 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы спецыяльна для “К” Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў распавёў пра матэрыялы ў сваіх фондах, дзякуючы якім сёння можна ўявіць, што за асобай быў паэт.

/i/content/pi/cult/645/14328/26 kultura 13.jpg

Пачуць голас

Захаваліся аўдыязапісы вершаў і паэм Янкі Купалы ў выкананні беларускіх артыстаў, радыёпастановак “Раскіданае гняздо” і “Паўлінка”, араторыі Дзмітрыя Смольскага да 100-годдзя народнага паэта, песень на вершы Купалы. Ёсць у фанатэцы нашага архіва і ўспаміны жонкі песняра, а таксама Пятра Глебкі, Янкі Брыля, Сяргея Грахоўскага, Алеся Звонака, Максіма Лужаніна і Ларысы Александроўскай, шматлікія радыёперадачы да юбілеяў паэта, запіс апавядання “Соцкі падвёў”.

Голас самога Купалы можна паслухаць на розных запісах: напрыклад, 1934 года, дзе паэт чытае свае вершы “Трэба нам песень” і “Песня будаўніцтву” на I з’ездзе савецкіх пісьменнікаў у Маскве; выступленне песняра на вечары, прысвечаным 85-годдзю з дня смерці Адама Міцкевіча ў 1940 годзе; яго заклікі да барацьбы супраць нямецкіх акупантаў і верш “Партызаны” ў аўтарскім выкананні.

Убачыць аблічча

У фотатэцы архіва шмат партрэтных здымкаў Янкі Купалы, зробленых у розныя гады яго жыцця. Напрыклад, у шасцігадовым узросце. Можна ўбачыць хату ў Вязынцы, дзе нарадзіўся паэт, яго фота з сябрамі-пісьменнікамі Якубам Коласам, Змітраком Бядулем, Пятром Глебкам, Петрусём Броўкам, рускімі пісьменнікамі Аляксеем Новікавым-Прыбоем, Аляксандрам Фадзеевым, Аляксеем Талстым, латышскімі — Янам Райнісам і Янісам Ніедра, з вядомым беларускім артыстам Паўлам Малчанавым. Ёсць партрэты жонкі Купалы — Уладзіславы Францаўны, настаўніцы Паўліны Мядзёлка — адной з першых выканаўцаў ролі Паўлінкі ў аднайменнай п’есе. Шмат у нас фотакопій вокладак многіх кніг Купалы (напрыклад, “Жалейкі” і “А хто там ідзе?”, выдадзеных у 1908 і 1910 гадах), лістоў паэта, рукапісаў, а таксама розных указаў і пастаноў беларускага ўрада, звязаных з імем Янкі Купалы.

На здымку 1910 года ён сфатаграфаваны са студэнтамі-беларусамі ў Пецярбургу, а на фота 1913 года — сярод студэнтаў беларускага навукова-літаратурнага гуртка пры Пецярбургскім універсітэце пасля пастаноўкі камедыі “Паўлінка”. Зафіксаваны момант выступлення паэта на перадвыбарчым сходзе настаўнікаў Беластока ў 1939 годзе, уручэння яму ў Маскве Мікалаем Калініным ордэна Леніна. На фота 1934 года Купала зняты з Максімам Горкім у прэзідыуме І Усесаюзнага з’езда пісьменнікаў у Маскве, а на здымку 1940 года — з Якубам Коласам на борце парахода.

Цэлая серыя здымкаў прысвечана святкаванню ўгодкаў з дня нараджэння Купалы, а таксама адкрыццю помнікаў яму як у Беларусі, так і за яе межамі.

Уявіць пры жыцці

Цікавасць выклікае кінасюжэт 1939 года “Уручэнне ордэнаў пісьменнікам Міхаілам Калініным”. Сярод ардэнаносцаў, акрамя Янкі Купалы, на цырымоніі былі Валянцін Катаеў, Аляксей Талстой, Сяргей Міхалкоў. Захоўваецца ў нашым архіве і асобны кінасюжэт 1942 года “Пахаванне Янкі Купалы ў Маскве”. Некалькі запісаў прысвечаны музею ў Вязынцы і ў Мінску.

Жыццю ці творчасці паэта прысвечаны шматлікія сюжэты кіначасопісаў. Так, напрыклад, адзін з іх у “Савецкай Беларусі” № 15 — 16 за 1946 год расказвае аб мітынгу ў Вязынцы, прысвечаным чацвёртай гадавіне з дня смерці паэта, з удзелам Міхася Лынькова і Кандрата Крапівы. Сюжэт кіначасопіса “Навіны дня” № 20 1952 года расказвае аб урачыстым пасяджэнні 7 ліпеня ў Купалаўскім тэатры, прымеркаваным да 70-годдзя з дня нараджэння паэта. На мерапрыемстве выступалі Якуб Колас, Пятрусь Броўка, Аляксандр Твардоўскі, Мікола Аўрамчык, Канстанцыя Буйло і іншыя пісьменнікі.

Пра адкрыццё літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мінску ідзе гаворка ў сюжэце “Новы музей” з кіначасопіса “Савецкая Беларусь” № 16 за 1960 год, а адкрыццё помніка і святкаванне 90-годдзя з дня нараджэння паэта — у № 8 за 1972 год. Спецвыпуск № 7 кіначасопіса “Савецкая Беларусь” 1982 года быў падрыхтаваны да стагадовага юбілею з дня нараджэння Янкі Купалы. У ім адлюстраваны асноўныя святочныя мерапрыемствы: і ўрачыстае пасяджэнне, і адкрыццё выставы “Песняры зямлі беларускай”, і адкрыццё помніка ў Ляўках, і свята паэзіі ў Вязынцы, і ўрачысты вечар памяці паэта ў Вялікім тэатры ў Маскве.

Асобе паэта прысвечаны і шэраг фільмаў розных гадоў. “Па шчасце, па сонца” 1970-га — інсцэніроўка твораў песняра ў выкананні артыстаў Купалаўскага тэатра. Успамінамі пра першыя сустрэчы з сябрам, яго чалавечыя якасці і апошнія дні ў фільме 1971 года “Міхась Лынькоў аб Янку Купалу” дзеліцца Міхась Лынькоў. У 1972-м Віктар Дашук зняў кіно “А зязюля кукавала”. У тэлефільме 1981 года “Янка Купала: паклон мой народу за песні” аб значэнні паэзіі беларускага песняра разважаюць Максім Танк, Янка Брыль і іншыя. “Шлях паэта” 1988 года знаёміць гледача з асноўнымі вехамі біяграфіі Янкі Купалы і яго літаратурнай творчасці. Тэлефільм Уладзіміра Бокуна 1993 года “Імша па Купалу” быў зняты да 50-годдзя з дня смерці паэта. Яшчэ адна стужка рэжысёра пра Купалу — “Ніколі я не паміраў” — прысвечана магчымым версіям прычын гібелі паэта.

Вялікая колькасць людзей па ўсім свеце ведае Янку Купалу як геніяльнага паэта, мастака слова, драматурга, палымянага публіцыста. Матэрыялы, што захоўваюцца ў нашых фондах, дапамагаюць лепш зразумець яшчэ і тое, якім ён быў чалавекам.

Алена ПАЛЯШЧУК,
вядучы архівіст аддзела
выкарыстання дакументаў
і інфармацыі БДАКФФД