Пра 33 каровы, вышыванку і графскую рыбалку

№ 26 (1309) 01.07.2017 - 07.07.2017 г

Мяняецца час — мяняецца сітуацыя. Яшчэ гадоў дзесяць таму бібліятэчная справа ў рэгіёнах падавалася (і не беспадстаўна!) крыху інертнай. Бібліятэкары з недаверам ставіліся да камп’ютарнай тэхнікі, цвёрда адстойвалі “гонар мундзіра”: з-за бібліятэчнай кафедры — ні паўкроку, маўляў, наша найпершая справа: каталагізацыя ды бібліяграфічнае апісанне. Цяпер “карцінка” зусім іншая: работнікі выйшлі з-за стэлажоў і пайшлі ў народ. Ды так, што ў нечым нават клубнікаў абагналі. Па маім цвёрдым перакананні, на актыўнасць апошніх адмоўна паўплывала скасаванне рэспубліканскіх конкурсаў паміж клубнымі ўстановамі. А іх, гэтых конкурсаў, павінна быць шмат, у тым ліку — і паміж мабільнымі ўстановамі культуры. Пачакаем, мо час зменіцца ў бок больш шчодрага фінансавання рэгіянальнай культуры.

/i/content/pi/cult/645/14326/26 kultura 55.jpg

Бабруйск прымае з канцэртам сардзінскі хор італьянскіх этнічных спеваў Tenores Su Cunsonu Santu Juanne Thiesi. Аўтаномны рэгіён Сардзінія з гэтым калектывам прымае ўдзел у Міжнародным фестывалі народнай творчасці “Вянок Дружбы”, які праходзіць у культурнай сталіцы Беларусі з 30 чэрвеня па 3 ліпеня. Спевы пастухоў Сардзініі прызнаны UNESCO нематэрыяльнай культурнай спадчынай чалавецтва.

Завяршылася абарона творчых работ трыццаці выпускнікоў дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў імя Уладзіміра Дамарада горада Бабруйска. Кожная прэзентацыя, як сцвярджаюць сведкі, нагадвала міні-спектакль з глыбокім сюжэтам і багатай палітрай перажыванняў.

24 чэрвеня, як паведамляе наш актыўны пазаштатнік Андрэй Струнчанка, у Лёзна прайшло абласное свята-конкурс самадзейных паэтаў і кампазітараў “Песні сунічных бароў”. Са свайго боку нагадаю, што суніцы для Лёзненшчыны — брэнд. У мерапрыемстве бралі ўдзел чатыры дзясяткі талентаў з Віцебшчыны і Расіі. Хто з іх напіша оду суніцам?

Яшчэ адна інфармацыя ад Андрэя Струнчанкі. Культработнікі і ўдзельнікі народнага ансамбля народнай песні і музыкі “Вераснянка” Мазолаўскага сельскага дома культуры (Віцебскі раён) ладзілі свята вёскі Сакольнікі і канцэрт у Хайсах.

Пра чарговую перамогу выхаванцаў Аршанскай дзіцячай школы мастацтваў № 3 горада Барань распавядае настаўнік гэтай установы Наталля Латышава. У Полацку праходзіў маладзёжны конкурс-шоу “Нашы песні — роднаму краю…” У намінацыі “Малады аўтар” дыпломам узнагароджана Валерыя Суравіцкая. У намінацыі “Вакальны ансамбль” выступалі Ксенія Саўчанка, Настасся Клімянкова, Валерыя Суравіцкая, Ірына Ліжэўская, Ксенія Жарабкова. Яны таксама былі ўганараваны дыпломам. Настаўніца дзяўчат — Кацярына Жалезнякова.

Наталля Латышава паведамляе і пра тое, што з 2009 года Віцебскі абласны Савет дэпутатаў прысуджае прэміі для пераможцаў творчых конкурсаў з ДШМ, музычных каледжаў, каледжаў культуры і мастацтваў (усяго 16 прэмій). Дык вось, такая прэмія прысуджана вучаніцы 5 класа мастацкага аддзялення названай школы (яна размешчана ў горадзе Барань) Кацярыне Трыбуль.

Аграгарадок Шчорсы (Навагрудскі раён) праславіўся мерапрыемствам “Рыбалка ў графа Храптовіча” Натуральна, усё адбывалася ля былога маёнтка Яўхіма Храптовіча — вялікага сакратара ВКЛ. Была рыбалка на Нёмане, затым юшка ў казане. Дарэчы, самую вялікую колькасць рыбін — 63 — злавіў Анатоль Емельяновіч. А ўсяго за вуды браліся 18 чалавек.

Вельмі цікава пра Купалле напісала Настасся Лабатая: “Восем стагоддзяў таму свята было пашырана на Палессі і Магілёўшчыне, дзе называлася “дзеўка-Купала”… Сем стагоддзяў таму свята называлі “Кустом”… Пяць стагоддзяў таму моладзь рабіла да падзеі жаночае чучала… Тры стагоддзі таму верылі, што на вогнішча ў гэтую ноч могуць прыблукаць вядзьмаркі… Два стагоддзі таму верылі ў купальскага дзядка…” У наш час у гэтай абрадавай дзеі вы можаце паўдзельнічаць з дапамогай работнікаў культуры літаральна ў кожнай вёсцы, дзе ёсць клуб.

У Ашмянах прайшла VII Рэгіянальная выстава-кірмаш “Паўночны вектар Гродзеншчыны”. Адначасова быў зладжаны Міжнародны эканамічны форум “Новыя магчымасці і перспектывы супрацоўніцтва”. Удзельнічалі ў ім прадстаўнікі Ашмянскага, Астравецкага, Смаргонскага раёнаў, а таксама — дэлегацыі з Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі. Натуральна, гаворка ішла пра неабходнасць інвестыцый, дзелавую ініцыятыву, эканамічны патэнцыял. А я з гэтай нагоды не магу не паўтарыць сваю даўнюю думку: калі на такіх форумах поруч і нароўні з гаспадарнікамі будуць удзельнічаць і работнікі нашай культуры, тады можна будзе смела казаць, што словазлучэнне “эканоміка культуры” — сапраўды дзейсная рэч.

Яшчэ ў леташнім кастрычніку на пляцоўцы ля цэнтральнай бібліятэкі Браслава, — піша загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ірына Макарэвіч, — быў адкрыты культурны комплекс “Вольная вулічная бібліятэка” з кругласутачным абменам кніг. На тэрыторыі комплексу бібліятэка ладзіць з таго часу сацыякультурныя акцыі. Да прыкладу, 23 чэрвеня мы правялі эколага-паэтычную гадзіну “Пад зялёным ветразем у будучыню”. Яна адбывалася ў рамках рэалізацыі міжнароднага праекта “Браслаўскі раён — першы кліматычна-нейтральны муніцыпалітэт у Беларусі“.

А вось інфармацыя галоўнага бібліятэкара па арганізацыйна-маркетынгавай дзейнасці Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Людмілы Трубчык: “Інфармацыйна-бібліятэчны аддзел нашай установы і Капцёўская сельская бібліятэка арганізавалі для дзяцей прышкольнага аздараўленчага летніка аграгарадка Капцёўка сустрэчу з беларускімі пісьменнікамі Віктарам Кудлачовым і Ірынай Фамянковай. Сустрэча праходзіла ў рамках абласной акцыі “Кніга дорыць свята”.

/i/content/pi/cult/645/14326/26 kultura 11.jpg

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь прапаноўвае дзецям і іх бацькам летнюю адукацыйную праграму “Летняя гісторыя”. У цыкл уключаны 6 музейна-педагагічных праграм: 2 экскурсіі, тры музейна-педагагічныя заняткі, квэст.

25 чэрвеня ў гарпасёлку Наваельня (Дзятлаўшчына) ладзілася свята вышыванкі. Яно стала складнікам праекта “Дбайных гаспадароў славім — весела час бавім”. Наваельня, распавядае Настасся Голуб, прыняла эстафету ад Вензаўца, дзе прайшло свята касцоў. З работамі наваельнянскіх майстрых-вышывальшчыц можна было пазнаёміцца ў мясцовым ДК. У мерапрыемстве браў удзел народны тэатр гульні “Прымакі” з Дзятлава.

Не спалі ў шапку і ў аграгарадку Елка. Тут, як стала вядома, арганізавалі конкурс “АўтаЛэдзі”. У спаборніцтве па кіраванні аўто і па веданні правілаў дарожнага руху ўдзельнічалі шэсць прыгажунь. Арганізавалі конкурс мясцовыя работнікі культуры.

У Слоніме праходзіў фестываль сямейнай творчасці “Жывіце ў радасці”. Вядучы метадыст Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Некраш паведаміла, што лаўрэатам першай ступені стаў народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў з аграгарадка Бердаўка (Лідчына).

Культарганізатар Чэрвеньскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната Марына Сіняўская цёплым словам згадвае спевака Яўгена Доліча, які выступіў з дабрачынным канцэртам у згаданай установе.

З 28 чэрвеня ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў працуе выстава “Паралелі”. Гэта праект майстроў мастацкага тэкстылю Ларысы Густавай, Людмілы Пуцейка, Людмілы Пятруль, Галіны Крываблоцкай і Вольгі Рэднікінай.

Якіх толькі святаў цяпер няма! Вось яшчэ адно — малака, у аграгарадку Луцкаўляны, што ў Гродзенскім раёне. Тут дзейнічала выстава “33 каровы”.

Старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Аляксандр Крыжэвіч піша пра выставу ў музейных сутарэннях. Тут размешчаны конкурсныя работы школьнікаў “І складаюцца самыя дзівосныя казкі…”, выкананыя яшчэ летась.

З 21 чэрвеня ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці дзейнічае абласная выстава-конкурс майстроў саломкапляцення “Золата роднай зямлі”.

У Музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” прайшла сустрэча з іканапісцам Віктарам Доўнарам і яго жонкай, мастачкай Наталляй Лось, прымеркаваная да выставы “Цудатворныя абразы Беларусі”. У музейнай экспазіцыі, як паведамляе навуковы супрацоўнік установы Валянціна Нідзелька, — 18 абразоў розных аўтараў.

Пра наваполацкага скульптара Льва Аганава, які цяпер жыве і працуе ў Астрашыцкім Гарадку, распавядае навуковы супрацоўнік Музея гісторыі і культуры Наваполацка Вера Шушко. Творца ўпрыгожвае скульптурамі і мемарыяльнымі знакамі вуліцы горада.

Інфармацыю пра Мастоўскую раённую бібліятэку напісала яе супрацоўніца Тэрэза Чарніцкая. Справа ў тым, што работнікі ўстановы ініцыявалі флэшмоб “Чытаць заўсёды! Чытаць усюды!” У цэнтры Мастоў сабралася каля сямідзесяці чалавек (у асноўным — дзеці), каб нагадаць наваколлю пра важнасць чытання.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"