Тое, што аб’ядноўвае

№ 26 (1309) 01.07.2017 - 07.07.2017 г

Напярэдадні Дня Незалежнасці беларусы збяруцца 2 ліпеня з 12.00 да 22.00 каля Палаца спорту ў вышыванках, каб чарговы раз падкрэсліць, што нашых людзей аб’ядноўвае не толькі гісторыя, але і нацыянальная культура.

Як і летась, калі свята праводзілася ўпершыню, на плошчы каля Палаца спорту будзе працаваць выстава-продаж “Скарбніца”, а таксама і выстава-кірмаш “Прапануем прысмакі на розныя смакі”, дзе можна набыць адзенне, сувеніры з элементамі нацыянальнага арнаменту, наведаць майстар-класы ад беларускіх рамеснікаў і, канешне, пакаштаваць стравы беларускай нацыянальнай кухні.

Пасля ўрачыстага арт-парада “Пад сцягам з вышыванкай”, удзельнікі якога будуць рухацца з 13.30 ад скрыжавання праспекта Пераможцаў з вуліцай Няміга да Палаца спорту, у 14.00 адбудзецца і цырымонія адкрыцця “Дня вышыванкі”. Цікава, што сёлета мерапрыемства не абмежавалася дыскатэкай і колер-фэстам: пасля цырымоніі наведвальнікаў чакае дэфіле мадэляў у адзенні з элементамі нацыянальнага арнаменту ад беларускіх дызайнераў.

У кожнага чалавека будзе магчымасць набыць сабе праславутую “вышымайку”, у якой адразу можна патрапіць на яшчэ адзін флэшмоб — “Пацалунак у вышыванцы”. І гэта акцыя — зусім не дзіва, бо пасля феерычнага пацалунку беларускага гурта NaviBand на “Еўрабачанні” ў сацыяльных сетках распачаўся флэшмоб пацалункаў у адзенні з нацыянальным арнаментам. Таму арганізатары “Дня вышыванкі” прапануюць сабрацца разам з каханымі 2 ліпеня і перанесці такую акцыю з інтэрнэт-прасторы ў рэальнае жыццё.

/i/content/pi/cult/645/14322/2.jpg

Не абыдзецца і без канцэртнай праграмы з удзелам беларускіх артыстаў і розных фольк-гуртоў. Падчас канцэрта можна будзе пагуляць у гістарычны квэст-падарожжа “Мая Беларусь”, паўдзельнічаць у фотаконкурсе “Сэлфі & фота з вышыванкай”, а таксама зрабіць сабе “тату” з аквагрыму. На спартыўнай пляцоўцы “Алімп” будзе магчымасць паназіраць за рознымі спаборніцтвамі і атрымаць аўтографы ад знакамітых беларускіх спартсменаў.

Свята скончыцца не толькі дыскатэкай. Сёлета арганізатары вырашылі максімальна доўга затрымаць сваіх гасцей: падчас танцаў на плошчы да 22.00 разгарнецца батл беларускіх дыджэяў.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"