Sci-Fi-містыка на глебе Язэпа Драздовіча

№ 25 (1308) 24.06.2017 - 30.06.2017 г

Сацыяльная роля музычнай лабараторыі
АЎСТРАЛІЯ — ПОЛЬШЧА — БЕЛАРУСЬ Фестывалі эксперыментальнай музыкі зазвычай не жывуць доўга. Cправа гэта, мякка кажучы, непрыбытковая, і таму імпэт іх арганізатараў рана ці позна згасае. Кракаўскі Unsound, які сёлета пройдзе ўжо ў пятнаццаты раз, — яўнае выключэнне з правілаў. Ён не толькі не чэзне, але і набірае абароты, стаўшы своеасаблівай франшызай у добрым тузіне іншых гарадоў — ад Нью-Ёрка да Алма-Аты. Сёлета фэст пасля дзесяцігадовага перапынку зноў завітаў у Мінск ды спалучыўся з блізкім па духу айчынным праектам Mental Force. Скарыстаўшыся гэтай нагодай, я паспрабаваў выпытаць у завадатара Unsound, кракаўскага аўстралійца Мэта ШУЛЬЦА яго сакрэт творчага і камерцыйнага доўгажыхарства.

/i/content/pi/cult/644/14313/Screenshot_2017-06-23-14-47.jpg— Чым Unsound адрозніваецца ад мноства іншых падобных фестываляў?

— Найперш, вядома, праграмай. Мы не імкнёмся напхаць туды як мага болей хэдлайнераў — хаця пары-тройцы легенд узроўню Einsturzende Neubauten, вядома, заўсёды знойдзецца месца. Але знаных музыкантаў можна пачуць і на іншых фэстах, а мы ставім перад сабой мэту адкрываць новыя імёны і ствараць своеасаблівую эксперыментальную лабараторыю, платформу для нечаканых сумесных праектаў. Прыкладам, электронныя рытмы разам з сімфанічным аркестрам. Арганізуючы фестываль, мы прасейваем вялізны масіў разнапланавай музычнай інфармацыі, увесь час імкнемся знайсці сапраўдны “свяжак”.

— І як да такой палітыкі ставіцца публіка?

— З паразуменнем. Нам удалося заваяваць ейны давер, і цяпер яна ідзе не на вядомыя імёны, але ўжо на сам фестываль. Гэта развязвае нам рукі і дазваляе рабіць розныя дзіўныя і нечаканыя рэчы, прадаючы, аднак, шмат білетаў.

— Як вам Мінск пасля дзесяцігадовага перапынку?

— Ён папраўдзе моцна змяніўся, і гэта відаць нават, што называецца, няўзброеным вокам. Паадкрывалася процьма новых цікавых месцаў: кавярняў, DJ-бараў… Што казаць, я прыемна здзіўлены. Калі мы рабілі тут першы Unsound разам з мінскім партнёрам Уладам Бубнам, значная частка публікі атрымала пэўны культурны шок ад убачанага і пачутага: відавочна, яны адкрылі нешта зусім для сябе новае. І мяне як своеасаблівага культуртрэгера тады гэта вельмі ўразіла.

— Сёння на такую рэакцыю тут табе, мусіць, спадзявацца не выпадае…

— Гэта праўда. Ваша аўдыторыя стала куды больш дасведчанай і пераборлівай, асабліва калі казаць пра новае пакаленне. Тыя ж калегі з фестывалю Mental Force… Я памятаю іх яшчэ на дзесяць гадоў маладзейшымі, і тады сёй-той з гэтых цудоўных арганізатараў быў простым наведвальнікам Unsound. Прыемна адчуваць, што ты зрабіў пэўны ўнёсак у развіццё гэтай сцэны ў Мінску.

— Ці няма небяспекі, што тыя культурныя з’явы, якія сёння выглядаюць звышпрагрэсіўнымі, ужо заўтра стануць пранафталіненым рэтра?

— Так, інтэрнэт вельмі прыспешыў гэты працэс. Хуткае распаўсюджванне інфармацыі — бы палка з двума канцамі. З аднаго боку, яно спрашчае камунікацыю паміж аўтарам і аўдыторыяй ды пашырае кругагляд, а з іншага — твае знаходкі вокамгненна капіруюцца і тыражуюцца, каму толькі не лянота. Зрэшты, і ў гэтым, калі ўдумацца, ёсць пэўныя плюсы. Эксперыментальшчына сама па сабе не надта папулярная, але няма сумневу ў тым, што яна ўплывае на мэйнстрым: той жа поп альбо рэп. Адпаведна, развіваецца музыка ў цэлым, і гэта добра.

— На фестывалі быў прадстаўлены мультымедыйны праект беларускага лэйбла Force Carries, прысвечаны Язэпу Драздовічу. Як ты лічыш, ці можа ён быць цікавым на міжнароднай сцэне, дзе нашы культурныя коды мала каму вядомыя?

— Мяркую, што так. Кожнае месца на зямлі мае сваю спецыфіку, свой дух і каларыт. Прыкладам, у Чыкага свае культурныя коды, а ў вас — свае. І менавіта спалучэнне нейкай лакальнай інфармацыі з універсальнай музычнай і візуальнай мовай спараджае адметныя і свежыя рэчы, якія ні з чым не зблытаеш. Думаю, у стваральнікаў згаданага табою праекта гэта акурат атрымалася. Прынамсі, мне ён вельмі спадабаўся.

— Як правіла, падобныя фестывалі імкнуцца акупіць сябе — і зазвычай безвынікова…

— З фінансаваннем у нас па-рознаму — у залежнасці ад месца правядзення. У Кракаве Unsound добра падтрымлівае мэрыя, у Нью-Ёрку — уладальнікі клубаў, а ў Канадзе дзяржава выдаткоўвае вялізныя сродкі на культуру.

— Адпаведна, ваша стратэгія — разлічваць найперш на падтрымку з боку дзяржаўных фундацый, даводзячы ім, што ты робіш не камерцыйны, а сацыяльна значны праект…

— Я і сапраўды цалкам у гэтым упэўнены. Хіба не?

— Проста мы прызвычаеныя, што з бюджэту падтрымліваецца, скажам, опера, а не якое-небудзь тэхна…

— Нічога не маю супраць оперы, але… вельмі важна, каб культурная палітра была разнастайнай, і толькі класіка альбо традыцыйны тэатр не могуць выявіць увесь спектр яе адценняў. Аўдыторыя, асабліва маладая, прагне новага досведу, неабходнага ёй для асобаснага развіцця. Таму я перакананы, што самыя розныя віды мастацтва павінны мець падтрымку на роўных правах і рэальную магчымасць знаходзіць свой шлях да аўдыторыі. Гэта робіць наша жыццё куды багацейшым.

Прэзентаваная на фэсце аўдыявізуальная праграма “Вечны Вандроўнік” стала і неспадзяванкай, і, разам з тым, амаль што заканамернасцю. Постаць Язэпа Драздовіча даўно ўжо напрошвалася ў якасці крыніцы натхнення для “прасунутых” беларускіх электроншчыкаў, і, аб’яднаўшы намаганні, яны ўрэшце разрадзіліся “буйным фарматам”. Візуальны шэраг VJ Solar Olga ў рамках гадзіннай сцэнічнай дзеі спалучаецца з музыкай вядомых як на клубнай, гэтак і на эксперыментальнай сцэнах аўтараў Apex Sphere і Pavel Ambiont. Апошні і распавядае пра яго ідэю.

/i/content/pi/cult/644/14313/2.jpg

— Мовай “містычна-фантастычнага” электра і тэхна мы імкнуліся распавесці пра жыццёвы шлях мастака, які сярод войнаў і нядолі марыў пра міжпланетныя вандроўкі, мір ва ўсім свеце, гармонію паміж людзьмі і нябеснымі целамі. Гэты трыб’ют мы задумалі яшчэ гады тры-чатыры таму, але не ставала часу. Яго брак адчуваўся і гэтым разам, бо мы з Вольгай удзельнічалі ў арганізацыі фэсту, а Apex Sphere гадуе малога сына. Але мы радыя, што пачалі і маем жаданне працаваць далей.

— Уласна, чаму Драздовіч?

— Дзядзька Язэп — проста неверагодная асоба! Чалавек, які выразна ўсведамляў ды заўсёды ідэнтыфікаваў сябе як беларуса і шанаваў свае карані, але пры гэтым не зацыкліваўся ў зачараваным коле святой даўніны, а вырываўся па-за межы абсягу і часу свайго жыцця — непасрэдна ў космас. Так, Драздовіч — першы беларус у космасе! Проста цуд, што ён перажыў дзве вайны ды перакройванне Беларусі — столькі ўбачыў, зафіксаваў, данёс да нас. Колькі б яшчэ ён зрабіў, каб не беспрытульнасць, нядоля ды ізаляванасць ад шырокага культурнага сусвету — ад навукі, абмену ідэямі, сусветнага мастацкага кантэксту? Ды, не зважаючы на страшныя жыццёвыя абставіны, Драздовіч увесь час выпраменьваў моцны гуманістычны, глабальны мэсідж, якога так не хапае многім сучасным мастакам.

— Ці ведае пра Драздовіча тыповы наведвальнік электронных вечарынак? І наогул — ці раскручана гэтая постаць?

— Акурат у маі ў Магілёве адкрылася вялікая выстава Драздовіча — каля 60 яго твораў. Шкада, мы раней не даведаліся — мо і там прадставілі б свой праект, а так толькі з’ездзілі паглядзець. Адпаведна, пэўная ўвага — навідавоку, але яе замала. І ўсё пакуль што вельмі лакальна. Хаця гэта фігура сусветнага, нават міжпланетнага маштабу. Нам хацелася б, каб зорка Драздовіча ярчэй “ззяла” і была бачная паўсюль на зямлі. Таму і сваім замежным сябрам стараемся дарыць кніжкі пра яго. Мы імкнемся давесці, што гэтая постаць надзвычай актуальная і сёння, і робім гэта, вядома, даступнымі нам сродкамі.

— А наколькі сучасная электронная музыка адпавядае духу мастака?

— Ну, па-першае, адносна сучасная — “каноны” тэхна і электра склаліся гадоў трыццаць таму. Па-другое, мы натхняліся таксама і гукамі навукова-фантастычных фільмаў 1930—1950-х — акурат той эпохі, калі Драздовіч маляваў свае космавізіі. Таму ў трэках гучыць шмат сінтэзатараў, падобных да тэрменвоксу, “хваляў Мартэно”, першых электронных арганаў. Атрымаўся гэткі Sci-Fi, выраслы на беларускай глебе.

Увогуле навукова-фантастычная, сінематычная электроніка — бадай, галоўная тэма нашага лэйбла Force Carriers. Ды і мой новы, яшчэ нявыдадзены альбом — Sci-Fi-вандроўка, якая пачынаецца на аршанскай зямлі, сягае далёкага космасу і вяртаецца на зямлю. Пакуль рабіў яго, выпрацаваў трошкі адрозны ад ранейшага стыль — больш эмацыйны і меладычны, натхнёны ўсёй той фантастыкай, што я калісьці чытаў, глядзеў ці пісаў сам. Трэкаў сабралося больш, чым на альбом, і я зразумеў, што новыя фрагменты выдатна пасуюць да ідэі праекта пра Драздовіча.

— Як вам удалося арганізаваць сумесны творчы працэс?

— Мы напісалі канцэпцыю і план, паставілі задачу зрабіць 10—12 трэкаў, якія адлюстроўвалі б ключавыя перыяды жыцця і творчасці Драздовіча: юнацтва і пачатак пошукаў, Першая сусветная вайна, трохі больш пра касмічны перыяд у жывапісы і ў развагах, Другая сусветная вайна, зноў космас, заканчэнне зямнога шляху і пачатак вечнага. Далей мы з Аляксеем пачалі імправізаваць ды абменьвацца гукамі, абмяркоўваць з Вольгай відэа, у якім хацелі паказаць розныя плыні рэальнасці Драздовіча — касмавізіі і жыццё, фрагменты тэкстаў — і, мабыць, нават “водбліскі” гістарычнай эпохі. Пакуль што рэалізаваць цалкам гэтую ідэю не паспелі, абмежаваліся толькі паказам яго карцін. Але будзем працаваць далей.