Стафаж Каноравых карцінак

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

У час адной з экспедыцый Інстытута мастацтвазнаўства, этнаг рафіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі давялося пабываць на Палессі. Мы шукалі па вёсках праявы старадаўняга мастацтва і традыцыйнай народнай культуры.

 /i/content/pi/cult/162/1431/Stafazh1.jpg
Пабывалі і на радзіме інсітнага мастака Міканора Зосіка ў вёсцы Заказелле, што ў Драгічынскім раёне. Як і паўсюль на Беларусі, тут перамяжоўваюцца культурныя пласты розных часін: у гістарычным цэнтры старадаўняга Заказелля — капліца, фамільны склеп Ажэшкаў, а ля вёскі расце сучасны аграгарадок. На другім вясковым адгалінаванні, вядомым як Гурка, дзе нарадзіўся Зосік, жывуць цікаўныя ветлівыя людзі. Яны ахвотна разважаюць пра жыццё, узгадваюць маладосць, не забываюць гісторыю, услаўляюць прыгажосць родных мясцін.

Акуратныя гародчыкі пад вокнамі дамоў, купы старасвецкіх дрэў, палескія буслы... Усё гэта — і на палотнах Зосіка, мастака і рамантыка, чалавека, падаецца, з невялікага аб’ёму біяграфіяй: нарадзіўся, працаваў, памёр, пакінуўшы пасля сябе карціны...

Канор — вясковае імя мастака, якое нечакана гучыць на французскі капыл. Памёр Зосік даўно, у 1981 годзе, але ледзь не ў кожнай хаце Заказелля і навакольных вёсак ёсць ягоныя карціны, маляванкі. Вяскоўцы і па сёння шануюць мастака, хочуць, каб у доме была часцінка створанай Канорам рэчаіснасці... Куст бэзу за вакном, зафіксаваны мастаком, стварае нейкі новы настрой, здзіўляе, дэманструючы шчырае мастакоўскае светаўспрыманне. Сакавітыя ружы, лісце, падобнае на экзатычны кактус, садавіна і букеты, букеты… Карціны створаны майстрам, каб упрыгожыць інтэр’ер, асвятліць пакой...

Канор бачыў свой свет праз колеры. У яго творах фарба выступае як праява адносін да асяроддзя. З дапамогай колеру ён робіць акцэнты і не дбае пра эфекты — яны
 /i/content/pi/cult/162/1431/Stafazh2.jpg
атрымліваюцца самі сабой. У тым ліку праз кампазіцыйныя асаблівасці — спалучэнне рэальных і фантазійных раслін. Аб’ём узнікае тады, калі ўмела выкарыстоўваецца прыём кантрасту. Кідаюцца ў вочы дэталі — тое, што ў мастацтвазнаўстве прынята называць стафажам. У творах Зосіка — несуразмерна маленькія дамы, фантастычныя кветкі.

Так рабілі мастакі Сярэднявечча. Але адкуль гэтая повязь сасветам старажытных твораў?!

Мабыць той, хто навучыў Канора маляванню на продаж, “на кірмаш”, сам не вучыўся. Мы можам дапусціць, што гэта быў мастак-самавук, бо сярод твораў Зосіка ёсць папулярныя на той час сюжэты з сажалкамі, лебедзямі і качкамі.

Работы Міканора Зосіка арганічна месцяцца ў вясковых хатах — побач з ручнікамі, побытавымі палескімі рэчамі. Малюнкі адлюстроўваюць і ствараюць сабой духоўны паўсядзённы свет палешукоў. Музей Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору да Міжнароднага дня музеяў ушанаваў памяць мастака, наладзіўшы выстаўку ягоных твораў.

Наогул, для самадзейнага мастака Міканора Зосіка маляванне было заробкам, дый у пэўным сэнсе стала і прафесіяй. А работы ягоныя — сапраўды — народныя.

 

Аксана ВАРАТНІКОВА
На здымках: работы
Міканора Зосіка.