Іван Карызна цяпер “з Елізаветай”!

№ 25 (1308) 24.06.2017 - 30.06.2017 г

Наш віяланчаліст Іван Карызна, за плячыма якога ўдзел у класічным “Еўрабачанні”, трэцяя прэмія на ХIV Міжнародным конкурсе імя Чайкоўскага і мноства іншых перамог, стаў лаўрэатам самага, бадай, буйнога і прэстыжнага музычнага спаборніцтва ў свеце — Конкурсу імя каралевы Елізаветы ў Бруселі (Бельгія).

/i/content/pi/cult/644/14304/KARIZNA Ivan.jpgКонкурс праводзіцца з 1951 года, але віяланчалісты прымалі ў ім удзел упершыню: раней, чаргуючыся між сабой, спаборнічалі скрыпачы, піяністы і кампазітары, з 1988 года далучыліся вакалісты. Умовы настолькі складаныя, што трапіць у спіс удзельнікаў лічыцца за вялікі гонар. А калі сёлета двое расійскіх віяланчалістаў прайшлі яшчэ і на другі тур, дык у тамтэйшых СМІ гэта падносілася як фурор.

Мяркуйце самі: было адабрана 70 удзельнікаў, у другі тур прайшлі 24, да трэцяга дапушчаны 12 — і толькі шасцёра з іх атрымалі прэміі. Калі Іван Карызна быў абвешчаны лаўрэатам пятай прэміі, зала выбухнула пратэстам: на думку слухачоў (а сярод іх не бывае “групы падтрымкі” — толькі дасведчаныя еўрапейскія і сусветныя спецыялісты), ён павінен быў атрымаць першую ці другую. Пра тое ж пісалі і ў каментарыях да онлайн-трансляцыі выступленняў.

Каб уцяміць, што значыць на гэтым конкурсе ўвайсці ў пяцёрку лепшых, сцісла нагадаем адно яго ўмовы. У якасці заяўкі трэба было выслаць відэазапіс з выкананнем пэўных твораў, што адразу акрэсліла вельмі высокі ўзровень віртуознасці. Абавязковыя для выканання творы з усё больш высокай планкай прысутнічалі ў кожным туры, іх праграма не паўтаралася. Другі этап складаўся з некалькіх частак. Адна з іх — сольны канцэрт на аддзяленне ў 45 хвілін. Акрамя таго, кожны рыхтаваў яшчэ дзве асобныя праграмы па 40 хвілін — міжнароднае журы (дарэчы, спіс яго чальцоў абвяшчаецца акурат напярэдадні) само абірала з іх адну. Трэба было, вядома, выконваць і канцэрты з аркестрам — зноў-такі, менавіта азначаныя. Трэці ж тур стаўся праверкай на хуткасць і самастойнасць працы. Канкурсантаў пасялілі ў спецыяльным гатэлі, на тыдзень забаранілі сувязь са знешнім светам. Усе атрымалі адзін і той жа новы твор бельгійскага кампазітара, павінны былі за гэты час вывучыць яго і, зразумела, знайсці сваё ўласнае прачытанне, што называецца, “з чыстага ліста”.

…Дадому пераможцы вернуцца хіба праз месяц: умовамі конкурсу прадугледжаны іх шматлікія гастрольныя выступленні па ўсім свеце.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"