Музей, які дапамагае верыць і жыць

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

Кожнай з адселеных вёсак — пашпарт і летапіс

Па волі лёсу Хойніцкі раён аказаўся адным з самых пацярпелых ад чарнобыльскай бяды, і ў лексіконе яго жыхароў трывала замацаваліся выразы “да- і паслячарнобыльскі час”. У выніку катастрофы знікла 40 населеных пунктаў, 6 сельскіх саветаў, ліквідавана 7 калгасаў і саўгасаў, з севазвароту выведзена 88 тысяч гектараў сельгасугоддзяў, закрыты шэраг навучальных, культурных, медыцынскіх устаноў і будаўнічых арганізацый.
 /i/content/pi/cult/162/1430/Muzej2.jpg

У зале музея.

Але як падлічыць маральныя страты тых людзей, якія ў адначассе былі вымушаны пакінуць родны дом, эвакуіравацца на новае месца жыхарства? Менавіта па шматлікіх просьбах перасяленцаў, а таксама жыхароў раёна было прынята рашэнне раённага выканаўчага камітэта № 1049 ад 10 снежня 2004 года аб стварэнні музея “Трагедыя Чарнобыля”. Цяпер яго экспазіцыі размяшчаюцца ў дыхтоўным памяшканні па вуліцы Садовай у аграгарадку “Судкова”.

З-за адсутнасці патрэбнага будынка музейныя экспанаты пэўны час назапашваліся ў адным з пакояў райвыканкама. Потым работа працягвалася ў памяшканні былой Дварышчанскай сярэдняй школы. Работнікі музея дэманстравалі экспазіцыю і ў раённым Доме рамёстваў, і ў раённым Доме культуры, і ў дзіцячай школе мастацтваў. А потым музей пераехаў у аграгарадок “Судкова”. У сціслыя тэрміны быў праведзены капітальны рамонт будынка і афармленне экспазіцый. І год таму, 16 мая, абноўлены музей прыняў першых наведвальнікаў. Да канца мінулага года музей наведала 875 чалавек: жыхары Хойнікшчыны і іншых куткоў Беларусі, госці з Украіны, Расіі, Германіі, Японіі…

Музей працуе над доўгачасовымі праграмамі: “Чарнобыль — вечная памяць і трагедыя Беларусі”, “Гісторыя і этнаграфія выселеных вёсак”, “Мужнасць, абпаленая атамам”, “У імя міласэрнасці і салідарнасці”, “Насуперак Чарнобылю жыве і працуе Хойнікшчына”.

На падставе распрацаваных праграм музеем праводзяцца даследаванні і вывучаецца матэрыял па чарнобыльскай тэматыцы. Ладзіцца вялікая пошукавая работа. Сабраны многія дакументы і ўспаміны.

Асаблівая ўвага надаецца мужнасці і гераізму людзей, якія не хаваліся за спіны іншых і ў самым пекле аварыі выконвалі свой абавязак да апошняга ўздыху. Раздзел, прысвечаны ім, названы “Яны былі першымі”. Мы, жывыя, схіляем галовы перад тымі, хто цаной уласнага жыцця выратаваў жыцці мільёнаў.

Адзін з раздзелаў адлюстроўвае дзяржаўную палітыку і работу органаў кіравання па ліквідацыі вынікаў катастрофы на ЧАЭС.

 /i/content/pi/cult/162/1430/Muzej1.jpg

Дырэктар музея “Трагедыя Чарнобыля” Валянціна Гацко і навуковы супрацоўнік Алена Паўлючэнка.

50 жыхароў Хойніцкага раёна атрымалі высокія дзяржаўныя ўзнагароды за ліквідацыю наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Вядзецца далейшы пошук матэрыялаў аб героях.

Згодна з праграмай “Гісторыя і этнаграфія адселеных вёсак” створаны банк даных аб перасяленцах. Па ўсіх ліквідаваных сельскіх Саветах складзены пашпарты, адноўлены гісторыі выселеных вёсак. На працягу апошняга года работнікі музея займаліся зборам гістарычных, этнаграфічных “чарнобыльскіх” матэрыялаў у час экспедыцыйных паездак па раёне.

Адна з экспазіцый музея адлюстроўвае лёс жыхароў зніклых вёсак. Тут прадстаўлены прадметы побыту, сямейныя фатаграфіі, запісана больш за 100 успамінаў, аформлена больш як 20 альбомаў. Усхвалявала ўсіх сустрэча ў музеі выпускнікоў адселеных вёсак Пагоннае і Аравічы, якія 40 гадоў таму скончылі школу. А сёлета, напярэдадні 22-й гадавіны катастрофы на ЧАЭС, у музеі адбылося мерапрыемства пад назвай “Лёсы, абпаленыя атамам”. Удзел у ім прынялі сведкі і ўдзельнікі ліквідацыі наступстваў бяды, госці з суседняга Брагінскага раёна. Успомнілі пра тыя страшныя красавіцкія дні, пра герояў-пажарных, пра работу ў Хойніках штаба Савета Міністраў БССР, які ўзначальваў тагачасны старшыня Гомельскага аблвыканкама А.Грахоўскі. Дарэчы, у музеі захоўваюцца асабістыя рэчы гэтага чалавека, які так рана пайшоў з жыцця, і былога начальніка штаба грамадзянскай абароны А.Каюды: смерць забрала яго пасля цяжкай хваробы летась.

Сабраны і вялікі матэрыял пра работу Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, Міжнароднага радыеэкалагічнага інстытута імя А.Сахарава, радыялагічных і медыцынскіх службаў вобласці і рэспублікі.

У музеі маюцца таксама маніторынгавыя даныя пра эколагарадыялагічную сітуацыю ў Хойніцкім раёне, сабраны навуковыя справаздачы і даследаванні вучоных.

Адзін з раздзелаў музея мае назву “Сувязь з замежжам”. У цяжкі для раёна час руку дапамогі юным жыхарам Хойнікшчыны працягнулі замежныя дабрачыннікі, нашы дзеці штогод праходзяць аздараўленне ў Італіі, Германіі, Велікабрытаніі, Аўстрыі.

У пяці пакоях музея “Трагедыя Чарнобыля” сабрана больш за 1500 экспанатаў (у пастаяннай экспазіцыі іх налічваецца 320).

Музей выклікае вялікую цікавасць у жыхароў раёна і яго гасцей. Зусім нядаўна ўстанову “Трагедыя Чарнобыля” наведаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук, які пакінуў у кнізе водгукаў наступны запіс: “Калектыў музея дапамагае ўсім нам верыць і жыць. Работа такіх людзей упрыгожвае культуру нашай краіны. Прыміце за гэта маю шчырую ўдзячнасць”.

Дарэчы, водгукаў ад наведвальнікаў музея з Беларусі, краін блізкага і далёкага замежжа вельмі многа. Людзі дзеляцца сваімі ўражаннямі ад убачанага, дзякуюць за захаванне памяці дырэктару музея Валянціне Гацко і навуковаму супрацоўніку Алене Паўлючэнка.


Клаўдзя БОСАК
Хойнікі

Фота
аўтара