Як і куды знікаюць творы?

№ 24 (1307) 17.06.2017 - 23.06.2017 г

Гісторыя страчанага ў калейдаскопе шматкроп’яў
"К" працягвае расповед пра лёс мастацкіх твораў, якія аказаліся страчанымі ў віры гісторыі.

(Працяг. Пачатак у №№ 20, 21, 23)

Даўно мяне хвалюе лёс манументальнага роспісу на лістах ДВП “Вялікая Айчынная вайна. 1944 год” (750 х 660 см) Міхаіла Савіцкага. Раней ён упрыгожваў інтэр’ер былога будынка Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на Кастрычніцкай плошчы. А зараз знаходзіцца ў сховішчы новага будынка музея на праспекце Пераможцаў. Кажуць, што архітэктары пры яго праектаванні месца для роспісу Савіцкага проста не прадугледзелі. А што далей?

/i/content/pi/cult/642/14296/BOB.jpg

Яшчэ больш праблем, якія закранаюць лёс станковых, так бы мовіць, “малых” форм выяўленчага мастацтва, (зразумела, “малых” — у параўнанні з “вялікай формай” манументальнай творчасці). Праблема гэта, што тычыцца практычна ўсіх дзеячаў выяўленчага мастацтва, так бы мовіць, вечная і, на мой погляд, цяжка вырашальная. На парадку дня дзейнасці нашага Саюза мастакоў, членам якога я з’яўляюся з 1970-га, тое пытанне стаяла, мабыць, з першых пасляваенных гадоў, і асабліва — у 1960 — 1970-я. Памятаю, як тады нават ствараліся спецыяльныя камісіі па захоўванні той спадчыны мастака, якая заставалася ў майстэрні пасля яго смерці, і ўздымаліся падобныя пытанні на розных мастакоўскіх сходах, пленумах ды з’ездах. І былі звароты да дзяржаўных ды іншых музеяў з просьбай набыць хаця б частку (лепшую!) спадчыны нябожчыка, але… Канешне, здараліся выпадкі, калі наш Мастацкі музей набываў штосьці (асабліва ў час кіравання ім Аленай Васільеўнай Аладавай) ці нейкі абласны купляў творы сваіх землякоў, аднак гэта — кропля ў моры… Затое музей і Саюз мастакоў у тыя гады вельмі шмат перадавалі “на часовае карыстанне ў мэтах эстэтычнага выхавання насельніцтва” творы са сваіх фондаў розным дзяржаўным і грамадскім установам, прадпрыемствам, калгасам, клубам, бальніцам, дзіцячым садкам, воінскім часцям.

Праўда, работы з гэтага шэрагу часам знікалі немаведама куды, як “з белых яблынь дым”. Былі факты, калі нейкія рэчы раптам аказваліся ў кватэрах кіраўнікоў пэўных прадпрыемстваў ці раённай значнасці ўстаноў. Але справа да скандалаў не даходзіла, бо “мастацтва належыць народу”. Добра, што хаця б хтосьці мог атрымаць заўсёдную асалоду ад жывапіснага пейзажа ці нацюрморта. А то сустракаліся выпадкі зусім іншага кшталту. Так, у 1980-я адна вялікая карціна заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Анатоля Шыбнёва ў калгасным гаражы… прыкрывала дах аўтамабіля. Штосьці, здаралася, выпадкова выяўлялася ў падсобках правінцыйных палацаў культуры і клубаў, але, як правіла, такія творы, прабітыя цвікамі, памятыя, забруджаныя, былі ўжо мала прыдатныя для экспанавання. Не аднойчы былі выпадкі крадзяжу мастацкіх твораў проста з экспазіцый.

Распавяду пра амаль дэтэктыўны лёс вядомай дыпломнай карціны “Вяселле” Леаніда Шчамялёва, якая дзякуючы Алене Аладавай захавалася для нашага мастацтва. Наогул, пра гэту дзіўную гісторыю мы ўжо неяк пісалі ў “К”, але хачу пра яе нагадаць яшчэ раз — надта ж яна ўнікальная. Дык вось, у 1959 годзе Леанід Дзмітрыевіч, адзін з першых выпускнікоў жывапіснага аддзялення БДТМІ, абараніў гэту сваю дыпломную работу. Зразумела, яна засталася ў фондах інстытута, як і ўсе творы такога кшталту. Але праз тры гады карціна зноў нагадала пра сябе. Аднойчы невялічкая кампанія маладых людзей пад кіраўніцтвам Шчамялёва прагульвалася па тагачасным Ленінскім праспекце Мінска. Зайшлі ў гастраном “пад гадзіннікам”, узялі нейкія напоі і спыніліся: дзе б выпіць? Тады адзін з хлопцаў, загадчык гаспадаркі Тэатра юнага гледача, прапанаваў зайсці ў тамтэйшую творчую майстэрню, дзе можна было, на яго думку, “культурна” правесці пару гадзін. Тэатр побач, ключ у кішэні. Маўляў, ніхто не зможа перашкодзіць, бо ўсё начальства на чале з галоўным рэжысёрам Любоўю Мазалеўскай — на прэм’еры спектакля “Над хвалямі Серабранкі”.

/i/content/pi/cult/642/14296/SHCHEM.jpg

Дыпломная праца Леаніда Шчамялёва "Вяселле" была адшуканая аўтарам у нечаканым месцы — 
творчай майстэрні Тэатра юнага гледача.

Сказана — зроблена. І толькі расклалі на доўгім драўляным варштаце сціплую закуску, як Леанід пабачыў у глыбіні змрочнага засмечанага памяшкання штосьці вельмі доўгае, прамавугольнае, прыкрытае вялікім кавалкам брызенту, з-пад якога зіхацеў вугал рамы і край грунтаванага палатна. І якое ж было яго здзіўленне, калі, прыадкрыўшы гэты невядомы прадмет, ён распазнаў сваё дыпломнае “Вяселле”! Як, якім чынам карціна, уласнасць інстытута (!), апынулася тут, сярод хламу і бруду? Загадчык гаспадаркі невыразна хмыкнуў, што, маўляў, ужо даўно хтосьці (ён не помніў — хто) яе сюды прывалок і проста кінуў без усялякіх тлумачэнняў. Але адно для Шчамялёва было ясна: без “візы” рэктарата карціна аніяк не магла пакінуць межы ВНУ. Але калі ад яе такім спосабам пазбавіліся, дык навошта, які ў гэтым сэнс? Паколькі карціна ў тэатры не была зафіксаваная ніякім дакументам як матэрыяльная каштоўнасць, “гаспадар” памяшкання прапанаваў Леаніду, калі ён жадае, забраць яе. Канешне, за адпаведны магарыч — пляшку “Маскоўскай”. Без ваганняў Шчамялёў панаскроб грошай на дзве.

Але паўстала сакраментальнае пытанне: куды падзець такую махіну? Рашэнне прыйшло хутка: зразумела, у Мастацкі музей — балазе ён побач. Алена Васільеўна Аладава можа дакладна разабрацца — што і як. Прынамсі, параіць. Хлопцы акуратна вынеслі ў двор карціну, збочылі з вуліцы Энгельса на вуліцу Маркса і накіраваліся ў бок музея. Быў аўторак — у музеі выхадны дзень, але, як заўсёды, дырэктар на месцы. Шчамялёў распавёў ёй пра сутнасць справы і паціснуў плячыма: “Не ведаю, што зараз рабіць з карцінай. Шкада, калі яна загіне...” Аладава доўга не думала: “Леанід Дзмітрыевіч, не хвалюйцеся. Па-першае, пакуль што нікому пра палатно не кажыце. Па-другое, папрасіце сваіх хлопцаў, каб яны знялі з падрамніка гэту грувасткую раму і куды-небудзь аднеслі яе падалей. Пра астатняе я паклапачуся...” Пасля гэтага Шчамялёў паспрабаваў усё ж знайсці нейкія канцы і прыйшоў да тагачаснага рэктара інстытута Паўла Васільевіча Масленікава з мэтай высветліць, якім чынам карціна, уласнасць інстытута, аказалася, па сутнасці, на сметніцы. Але так нічога і не высветліў, бо не знайшлося аніякіх адпаведных дакументаў пра перадачу карціны камусьці на баланс. Так бы мовіць, усё канула ў вечнасць…

Праз два месяцы, нечакана для Шчамялёва, Аладава выпісвае яму за карціну “Вяселле” ганарар — каля 700 рублёў. За гэтыя грошы мастак купіў будаўнічы матэрыял, машыну шлаку пад фундамент і з дапамогай цесця збудаваў у двары дома па вуліцы Рабкараўскай 18-метровую творчую майстэрню. Унутры паставіў грубку-буржуйку з комінам, які выходзіў у вакно, каб і зімой можна было працаваць. Вось так, дзякуючы Аладавай, з’явілася першая майстэрня Шчамялёва. Тут нарадзіліся карціны “Цяжкія гады” (“Апалчэнец”) і “Мацярынства”, якія прынеслі шырокую вядомасць мастаку далёка за межамі Беларусі — ад Масквы да Натынгема (Англія).

Але працягнем наш аповед. Так ці інакш, лёс спадчыны пасля смерці яе ўладальніка зведвае значныя метамарфозы ды мутацыі. І калі налажанага механізма на ўсе выпадкі і на Захадзе не існуе (там таксама незваротна знікаюць творы), то ў нас справы яшчэ горшыя. Сваякі ды сябры апынаюцца пасля смерці мастака нібы ў пустыні, бо тэрмінова трэба вызваляць майстэрню ад твораў нябожчыка. А якія спосабы асваення гэтай пустыні і, кажучы метафарычна, асаблівасці ды прыёмы яе меліярацыі? Ну, добра, калі майстэрня (разам з работамі памерлага) пераходзіць да яго сваяка, таксама мастака, і спадчына гэта, хаця б часова, будзе там у цэласці ды захаванасці. А што потым? Напрыклад, што здарыцца з вялікай унікальнай спадчынай Аляксандра Кішчанкі? Ведаю, што значная частка яго работ — ужо ў прыватных калекцыях, але і сёння засталося ў майстэрні яшчэ вельмі шмат надзвычайных палотнаў, эцюдаў, габеленаў... Канешне, лепшае выйсце, пакуль не позна, — стварыць у Мінску музей (галерэю) гэтага ўнікальнага мастака — па аналогіі, скажам, з галерэямі Міхаіла Савіцкага, Леаніда Шчамялёва, Гаўрылы Вашчанкі, Віктара Грамыкі. Народны мастак, двойчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Аляксандр Кішчанка гэта даўно заслужыў. Як, урэшце, заслужыў свайго імяннога музея і народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, выдатны пейзажыст Віталь Цвірка...

Заканчэнне чытайце
у наступных нумарах "К".

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"