Праекты ў 3D-фармаце

№ 24 (1307) 17.06.2017 - 23.06.2017 г

Як установе культуры “засвяціцца” ў грантавай праграме
Праектная дзейнасць — рэальная дапамога бюджэтным арганізацыям, — у тым ліку і са сферы культуры, — займець грошы на рэалізацыю сваіх задумак. І шмат у якіх рэгіёнах Беларусі падобная дзейнасць паспяхова не пачынаецца нават, а працягваецца.

Калегі дапамогуць

“К” калісьці пісала пра праект, які быў “народжаны” ў Глыбоцкай дзіцячай школе мастацтваў. Па праграме транспамежнага супрацоўніцтва Латвіі, Літвы, Беларусі ўстанове выдаткавалі пазалетась важкую суму ў 127 тысяч еўра. Дзякуючы грантаваму фінансаванню ў школе зладзілі рамонт, закупілі новае абсталяванне, распрацавалі віртуальныя ўрокі, а таксама сумеснымі намаганнямі з партнёрамі выдалі кніжку-размалёўку па творчасці Язэпа Драздовіча і латвійскага мастака-педагога Антонэ Кукайса.

Сёлета праектная дзейнасць у сферы культуры Глыбоччыны працягваецца, але гэтым разам ужо ў мясцовым краязнаўчым музеі. Як распавёў “К” выконваючы абавязкі дырэктара ўстановы культуры Аляксандр Хайноўскі, дзякуючы праграме Прадстаўніцтва ААН у Беларусі, іхні праект, звязаны з віртуальнай экскурсіяй па горадзе, хутчэй за ўсё, у хуткім часе ўвасобіцца ў рэальнасці.

— Мы выйгралі грант прыкладна ў 20 тысяч еўра, але пакуль яго не атрымалі, — кажа суразмоўца. — На гэтыя грошы плануем набыць 3D-акуляры, распрацаваць з дапамогай праграмістаў, дызайнераў, бібліятэкараў, а таксама, натуральна, музейных супрацоўнікаў цікавую экскурсію па Глыбокім. Спадзяюся, нам гэта ўдасца.

Дарэчы, у тым, што праект Глыбоцкага музея перамог, — немалая заслуга і супрацоўнікаў мясцовай ДШМ.

— Школа мастацтваў, як вядома, нядаўна з поспехам удзельнічала ў падобнай замежнай праграме, і мы, вядома ж, кансультаваліся з супрацоўнікамі ДШМ, каб зрабіць усё як найлепш, — адзначыў Хайноўскі. — У асноўным, гэта тэхнічныя пытанні: скажам, як правільна на англійскай мове аформіць заяўку, як дакладна пралічыць эканамічны бок праекта і гэтак далей…

Як бачна, добрыя адносіны паміж установамі культуры аднаго горада дазваляюць з лёгкасцю пераймаць станоўчы вопыт папярэднікаў па атрыманні гранта. Чым не падказка для тых работнікаў культуры, якія яшчэ не маюць досведу ўдзелу ў грантавых праграмах ЕС ці ААН? Партнёрства і ўзаемавыручка выдатна працуюць не толькі ў бізнес-колах, але і ў іншых сферах грамадскага жыцця.

Прырода праз акуляры

Таксама мараць пра 3D-акуляры і ў Талачынскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Але найноўшае абсталяванне патрэбнае не для правядзення экскурсій па горадзе, а для стварэння інтэрактыўнай музейнай прасторы ў самой установе культуры, а таксама для правядзення заняткаў па этнабіялогіі.

— З дапамогай 3D-акуляраў нашы наведвальнікі, якія завітаюць у залу прыроды, змогуць апынуцца ў сапраўдным лесе, убачаць, як розныя тэхнагенныя аварыі ўплываюць на навакольнае асяроддзе, — кажа дырэктар музея Ірына Пікулік. — А калі экскурсанты пройдуць у залу этнаграфіі, дык змогуць праз тыя ж акуляры паглядзець на працэс нарыхтоўкі самых розных лекавых зёлак, убачыць, як даўней выраблялі лён, ды многае іншае.

Як кажа візаві, на атрыманы ад Прадстаўніцтва ААН у Беларусі грант памерам таксама амаль у 20 тысяч еўра, музейшчыкі плануюць не толькі давесці да ладу залу прыроды і этнаграфіі, адрамантаваць падлогу ў музеі, але і набыць інфакіёск, аўдыягіды, 10 планшэтаў для тэматычных гульняў для дзяцей ды дарослых… Усе гэтыя пераўтварэнні не могуць не радаваць, хаця, як прызнаецца дырэктар музея, пісаць заяўку на праект было цяжкавата.

— Акрамя задумы, трэба было таксама скласці каштарыс праекта ды адшукаць сабе партнёраў, — кажа Ірына Пікулік. — Напрыклад, нашымі партнёрамі з’яўляюцца інспекцыя па ахове прыродных рэсурсаў, лясгас, раённы Дом рамёстваў і некаторыя іншыя арганізацыі.

Ды і цяпер, па словах суразмоўцы, адпачываць не даводзіцца, бо многія пытанні яшчэ патрабуюць свайго вырашэння. Скажам, трэба адшукаць фірмы, якія прадаюць неабходнае абсталяванне без ПДВ (гэта патрабаванне грантадаўцы) і правесці сярод іх тэндар на закупку пэўных рэчаў, знайсці добрых мастакоў, усталяваць вітрыны, тросавую сістэму і гэтак далей. Але ж да канца года, як спадзяецца кіраўнік музея, усе гэтыя праблемныя моманты абавязкова будуць пераадолены і наведвальнікі экскурсій змогуць увачавідкі паглядзець на абноўленую экспазіцыю.

У якасці партнёра

Натуральна, ніхто і не кажа, што пасля атрымання станоўчага адказу ад грантадаўцаў музеям, бібліятэкам, Дамам рамёстваў — усім тым арганізацыям, якія падавалі дакументы на гранты, — будзе лёгка і бесклапотна: маўляў, трэба толькі падстаўляць рукі пад грашовы дождж. Але дывідэнды ад удзелу ў падобных міжнародных праектах бясспрэчныя.

Напрыклад, як распавяла “К” дырэктар Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў Вольга Антанёнак, музейшчыкі сёлета падалі заяўкі на ўдзел у двух грантавых праектах з Еўрапейскага Саюза і цяпер чакаюць вынікаў. Акрамя таго, яны выступаюць партнёрамі па праекце, які ўжо выйграў і паспяхова ажыццяўляе мясцовы раённы фізкультурна-спартыўны клуб “Дрывяціч”. З гэтай установай у музейшчыкаў заключаная дамова аб узаемавыгадным супрацоўніцтве.

— Мы прадастаўляем для калег усю неабходную інфармацыйную падтрымку, а таксама ўключаны ў праграму праекта як тая ўстанова, дзе можна даведацца шмат пра гісторыю і сучаснасць Браслава, — кажа візаві. — Таму менавіта да нас накіроўваюцца турыстычныя аўтобусы, якія прыязджаюць да партнёраў, і іх бывае часам даволі многа. Акрамя таго, калі турыстаў вельмі шмат, клуб “Дрывяціч” накіроўвае іх у першую чаргу на засяленне таксама да нас — мы, як вядома, утрымліваем на сваім балансе гасцініцу “Заезны двор”. Так што маем ад удзелу ў праекце таксама неблагую “капейчыну”, хоць, натуральна, яна не роўная той, якую атрымлівае асноўны распрацоўшчык і атрымальнік гранта.

Як бачна, удзел у грантавых праектах мае свае выгоды нават не ў якасці грантаатрымальніка, а партнёра. Галоўнае — выкарыстаць усе магчымасці для таго, каб мець прадстаўніцтва ў падобных заяўках. Пазней, набраўшыся вопыту, можна рызыкнуць і падаць заяўку ўжо ад сябе.

Здаўна вядома, што ўдзел у грантавых праектах мае як важкі фінансавы плён, так і ўплывае на іміджавы статус устаноў культуры Беларусі далёка за межамі краіны. Акрамя таго, не варта забываць, што менавіта на развіццё мясцовых — чытай: раённых і сельскіх — ініцыятыў сёння ў асноўным і скіравана ўвага замежных грантадаўцаў. Прыкладаў тут безліч. Скажам, як распавёў нядаўна на выязным пасяджэнні калегіі апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Крупко, сёлета мясцовымі ўладамі атрыманы грант ад Еўрасаюза памерам у 1,5 мільёна еўра. Грошы пойдуць на рэстаўрацыю магільнага склепа ў Фарным касцёле (касцёле Божага Цела) у Нясвіжы.

Яшчэ адзін цікавы праект, які быў прэзентаваны на днях — на свяце “Браслаўскія зарніцы”, што ладзілася ў Браславе, — адкрыццё паруснай школы, якая створана пры падтрымцы Пасольства Польшчы ў Беларусі на грант прыкладна ў сто тысяч еўра. На гэтыя грошы набыты 15 парусных лодак, кацер, плавучы прычал і ангар для захоўвання абсталявання. Навучанне ў школе, як запэўнілі на адкрыцці фестывалю, будзе бясплатным.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"