Патрэбна рэклама? Ды няма праблем!

№ 24 (1307) 17.06.2017 - 23.06.2017 г

Калі кіраўнік раёна неабыякавы да культуры роднага краю, яе развіццё не выклікае сумневу. Гэта як эпіграф да згадкі, што ў “К” № 23 быў апублікаваны артыкул “І булачка да чаю…”, дзе апроч іншага гаворка ішла пра рэкламныя банеры на трасе Мінск — Полацк, якія піярылі культурныя брэнды Глыбоччыны…

/i/content/pi/cult/642/14284/DSC_7827.jpg

На нашу публікацыю адгукнулася намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама Людміла Карніловіч. Вось што яна распавяла:

— Прыдарожныя банеры з’явіліся летась у выніку рэалізацыі праекта “Ганарымся Глыбоччынай”. Як вядома, нам ёсць чым ганарыцца. Маю на ўвазе не толькі Язэпа Драздовіча, Ігната Буйніцкага, Паўла Сухога. Наш горад па выніках рэспубліканскага агляду-конкурсу 2012 года займеў статус самага прыгожага раённага цэнтра. А яшчэ Глыбокае — вішнёвая сталіца. Цікавым падаецца і тое, што наш край мае чатыры гісторыка-культурныя нематэрыяльныя каштоўнасці: тэхналогіі выпечкі жытняга хлеба, вырабу маляванак і масленага барана, абрад “Насіць намётку”. Словам, наш старшыня райвыканкама Алег Морхат ініцыяваў патрыятычны праект: усе гэтыя цікавосткі адлюстраваць у прыдарожнай рэкламе. Што мы і зрабілі…

Людміла Фёдараўна казала пра ўсё гэта з вялікім пачуццём гонару і за раён, і за яго жыхароў. Для кіраўніцтва іншых рэгіёнаў краіны, для работнікаў культуры іншых раёнаў і абласцей удакладняю: на рэалізацыю маштабнага рэкламнага праекта з дзяржаўнага бюджэту не выкарыстана ні капейкі. Кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Глыбоччыны дапамаглі агульнай справе, хто чым мог. Так былі адшуканыя матэрыялы для банерных стоек і праведзены зварачныя ды мантажныя работы. А макеты мастацкага афармлення рэкламных шчытоў рабілі выкладчыкі дзіцячай мастацкай школы імя Язэпа Драздовіча. Усё атрымалася (глядзіце ілюстрацыі) вельмі пераканаўча. Нават канкрэтныя носьбіты традыцый адлюстраваныя: тыя, хто ўнікальны хлеб гатуе ды маляваныя дываны робіць.

Паўтаруся, падобных праектаў на Беларусі яшчэ не было. Дый надакучыла, да прыкладу, пісаць пра тое, як на журналісцкае пытанне “Чаму не рэкламуеце свае брэнды?” даводзіцца чуць ці не аднастайнае: “Дорага каштуе!” Спадарства, такі адказ — ужо не актуальны!

Не, я разумею і тое, што не паўсюль наладжаны шчыльны кантакт паміж аддзеламі ІРКСМ і мясцовым кіраўніцтвам. Наладжвайце! Наяўнасць такога стасункавання — таксама прыкмета патрыятызму, бо на Беларусі спрадвеку ўсе агульныя справы рабіліся талакою. Ці ж варта забывацца на традыцыю слаўных продкаў?!

І гэта яшчэ не ўвесь аповед пра піяр. Нядаўна старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат ініцыяваў чарговы праект (як працяг вышэйзгаданага). Ён называецца “Ля вытокаў духоўнасці: святыні Глыбоцкага краю”. На галоўнай вуліцы раённага цэнтра (вуліцы Горкага) ёсць стадыён. Вось на яго агароджы і мяркуецца змясціць выявы мясцовых храмаў, якія маюць гістарычную ды архітэктурную каштоўнасць. А такіх на Глыбоччыне — больш за дзясятак. Карацей, план — канкрэтны, а талака распачынае рэалізацыю. Зазначу напрыканцы для іншых: “Вучыцеся!”

 

/i/content/pi/cult/642/14284/DSC_7252.jpg

Банеры, што рэкламуюць культурныя брэнды Глыбоччыны.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"