Жылі ў сядзібе ля ракі...

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

… Не вельмi зручная дарога вядзе да месца, дзе калiсьцi знаходзiлася сядзiба пана Кашчыца — Вобрына. Драўляны мост, якi нiяк не абмiнуць, шмат пабачыў на сваім веку. Сёння не кожны адважыцца праехаць па iм на машыне. Мост, быццам стары вартаўнiк, гатовы ў вас спытаць: цi здольны вы рызыкнуць i апынуцца ў мiнулым, пераадолеўшы рачную мяжу? Мяжу, што дзесяцiгоддзямi аддзяляе сучаснасць ад гiсторыi. Рака — не проста перашкода, яна мiжволi ў сваёй немаце захоўвае памяць пра гэтую мясцiну... Але нарэшце, адагнаўшы прэч сумненнi, мы ўсё ж трапляем на другi бераг…

 /i/content/pi/cult/162/1428/Zhyli1.jpg
Здаецца, у гэтай частцы пасёлка Першамайскi Карэлiцкага раёна мала што нагадвае пра былога гаспадара. Апошнi прадстаўнiк роду Фелiкс Радван Кашчыц пакiнуў гэтае месца 70 гадоў таму…

Сам маёнтак — старажытная вотчына Кашчыцаў — меў назву Вобрына (iнакш — Обрынь). Ён згадваецца ў судовых дакументах 1767 — 1768 гадоў Навагрудскага земскага суда, а датуль належаў родам Абрынскiх i Раецкiх.

Непадалёк знаходзяцца вёскi Малое Вобрына i Вялiкае Вобрына, якiя таксама адносiлiся да маёнтка. У XVII— XVIII стст. гэтымі мясцiнамі валодалі магнаты Хадкевiчы.

Тэрыторыя, што некалi займаў маёнтак, у XIX стагоддзi ўваходзiла ў склад Ярэмiцкай воласцi Навагрудскага павета Мiнскай губернi. У 1858 годзе ў вёсцы было 28 двароў, і ў тыя часы яна была ўласнасцю штатнага ротмiстра графа К.Кашчыца.

Перапiс насельнiцва ў 1897 годзе сведчыць аб тым, што ў Вялiкiм Вобрыне было ўжо 30 двароў і жылi тут 269 чалавек, з іх непасрэдна ў маёнтку — 74 жыхары ў 10-ці дварах. Аднак у 1901 годзе колькасць двароў зменшылася напалову, а жыхароў засталося крыху больш за паўсотнi.

Яшчэ ў 1870 годзе ў Вялiкiм Вобрыне была адкрыта школа граматы, дзейнiчалi сыраварня, цагельны завод, на рэчцы Уша працаваў вадзяны млын.

У канцы XIX стагоддзя ў маёнтку пабудавалi двухпавярховы палац, якi знешнiм выглядам нагадваў абрысы абарончага замка. Ён знаходзiўся пасярод парку, якi займаў амаль 50 гектараў, на маляўнiчым беразе ракi Вобрынкi. У сядзiбна-паркавы ансамбль уваходзiлi i iншыя пабудовы — свiран, стайня, бровар… У панскім доме былі багатая калекцыя твораў мастацтва, вялiкая бiблiятэка i архiў. На жаль, будынак палаца знiк у 1938 годзе.

Пра тое, што тут некалi знаходзiлася cядзiба, нагадваюць руiны трохпавярховага свiрна. Яго мураванка прамавугольных абрысаў гаворыць пра тое, што некалi ён надзейна стаяў на пагорку.

Але час бязлiтасны i да яго: сёння былы свiран, некалi старанна — здавалася б, на доўгiя гады — урэзаны падмуркам у гэты пагорак, сустракае цёмным поглядам ваконных праёмаў, у якiх, напэўна, ужо нiколi не запалiцца агеньчык жыцця.

Гэтыя пустыя праёмы надаюць фасаду асiрацелы выгляд. Забыты будынак сярод хмызняку ў наш час — нiбы маўклiвы дакор…

У 1911 годзе ў сядзiбным парку была пабудавана каплiца-пахавальня са склепам. Уздоўж сцен цягнулiся замураваныя нiшы-пахаваннi… З цягам часу верхняя частка капліцы была зруйнавана.

Што да парку, яго гаспадары рабiлi шмат намаганняў, каб ён быў утульным: загадалі пасадзiць лiпы, каштаны, клёны, таполi — пераважна дрэвы мясцовых парод, якiя, мабыць, дасюль памятаюць лепшыя днi сядзібы Вобрына.

  Валерый ШАЙТАР
На
здымкy: руiны свiрна усё, што засталося ад маёнтка.
Фота
аўтара