Фарс злому эпох. Выбуховы фінал для “маленькага чалавека”

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

Хто з нас не марыў пра чароўную выспу, дзе можна адпачыць ад хаосу сучаснага жыцця, ад натоўпу ў метро і мабільных тэлефонаў? Героі ж “Цудоўнай выспы”, прэм’еры Новага драматычнага тэатра, стамляюцца ад… рэвалюцыі і выязджаюць менавіта туды.

 /i/content/pi/cult/162/1427/Fars.jpg
Дзеянне п’есы Міколы Куліша адбываецца на пачатку XX стагоддзя, калі кардынальныя сацыяльныя змены прыносяць у сям’ю Гускі (Ігар Мікалаеў) непрадказальныя хваляванні. Але рэжысёр спектакля Аляксандр Гарцуеў падае ўсе “бальшавіцкія справы” ў яскрава фарсавай манеры, даючы акцёрам прастору, каб “разгуляцца”. Гуска, які рэгіструе сем сваіх дачок, пад час гэтага мудрагелістага працэсу ўспамінае імёны толькі шасці з іх, і малодшая — Ахцісенька (Таццяна Ачыпоўская) — так і застаецца незарэгістраванай...

Яркае сцэнаграфічнае афармленне (Яўген Волкаў) і стракатыя, рознакаляровыя касцюмы герояў (Наталля Дудчанка) падкрэсліваюць фарсавасць і ўмоўнасць усяго, што адбываецца на працягу дзвюх гадзін.

Ды і спіраль сцэнічных падзей закручваецца ўсё мацней: у сям’і Гускі з’яўляецца Агент (Ігар Падлівальчаў). Роля яго — амаль без слоў (Агент ні ў якія размовы ні з кім не ўступае), але акцёр здолеў стварыць яркі і паўнавартасны вобраз. Стрыманы і “нямы”, ён — адлюстраванне страху герояў.

Шэраг кур’ёзных сітуацый, такіх, як высвідроўванне дзірачкі ў дзвярах Агента, акцёры абыгрываюць “смачна”, лёгка імправізуючы ў працэсе дзеі. А калі на сцэне з’яўляецца П’ер Кандраценка (Сяргей Тоўсцікаў), усе дзяўчаты ажно пачынаюць свяціцца ад шчасця і літаральна кідаюцца на яго, як у прамым, так і ў пераносным сэнсе.

Для яркага камедыйнага тэмпераменту Тоўсцікава гэтая роля сталася, па сутнасці, бенефіснай. Гратэскавы вобраз П’ера акцёр раскрывае паступова: кожная новая сцэна — і ягоны персанаж ужо з новай “маскай”.

Акцёр існуе на мяжы гратэску і самаіроніі, дасягаючы апагею ў паказным маналогу героя пра ягоную адданасць бальшавікам. Нязграбная пластыка і “натужна-разумны” выраз твару таксама ўласцівы П’еру: гаворыць поўную лухту, але затое горача і натхнёна.

Акурат гэты персанаж прапаноўвае Гуску і ягонай сям’і з’ехаць на цудоўную выспу, дзе можна будзе дыхаць свежым паветрам і не ўдзельнічаць у сацыяльных пераменах. І баязлівы, стомлены ад шматлікіх, няўцямных для простага розуму рэформ, “маленькі чалавек” згаджаецца.

Але на выспе шчаслівае жыццё герояў доўжылася нядоўга. Напрыканцы дзеі, згодна з п’есай Куліша, на выспе з’яўляюцца двое рыбакоў. Перапалоханы Гуска ім не верыць і сам сабе кажа: “Памёр Гуска, памёр”.

У спектаклі Віталя Катавіцкага, які ставіў гэтую п’есу некалькі гадоў таму ў Дзяржаўным маладзёжным тэатры, Гуска (ролю выдатна выконваў Уладзімір Мішчанчук) паміраў ціха: седзячы на авансцэне, падбіраў пад сябе ногі, рабіўся нейкім зусім маленькім і паміраў нібы ад разрыву сэрца.

Аляксандр Гарцуеў фінал робіць гучным, “выбуховым”. З’яўляюцца “рыбакі” (Юрый Шаланкоў, Аляксандр Гусеў), а следам гучаць стрэлы. Праз секунду Гуска і яго сям’я загінуць, а “рыбакі” скінуць плашчы, і чырвоныя знакі на грудзях скажуць усё без лішніх слоў. Яшчэ па адным такім знаку дасць ім Агент, які з’явіцца раптоўна і зноў не скажа ніводнага слова. Ды і што тут казаць: справа зроблена, чалавечыя жыцці аказаліся нічога не вартыя перад тымі, хто будуе “светлую будучыню”. Толькі П’ер Кандраценка, даведаўшыся, што яго каханая Ахцісенька— незарэгістраваная, паспеў збегчы з цудоўнай выспы.

І сто гадоў таму, і сёння “маленькі чалавек”, нягледзячы ні на якія знешнія абставіны і нягоды, прагне спакою і душэўнай гармоніі. І, пэўна, мае на гэта права. Ды вось толькі цудоўнай выспы, куды так імкнуліся героі спектакля, насамрэч не існуе. Дык можа, нам варта пашукаць яе ўнутры сябе?

 

Крысціна СМОЛЬСКАЯ
На здымку: сцэна са спектакля “Цудоўная выспа”.