Фарбы адметнасці

№ 24 (1307) 17.06.2017 - 23.06.2017 г

Днямі на сталічнай вуліцы Леніна, там дзе яна ідзе праз плошчу Свабоды, адбылася прэзентацыя арт-праекта — колеравай аздобы вулічных ліхтароў, зробленай студэнтам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Ліхтары гэтыя — мінская адметнасць. Па меры таго, як з’яўляліся больш эфектыўныя лямпы, замянялася верхняя частка ліхтароў. Але самі слупы і ўпрыгожаныя літымі рэльефамі асновы застаюцца нязменнымі з 1950-х.

/i/content/pi/cult/642/14267/3-2.jpgНягледзячы на ўтылітарнасць, абноўленыя слупы выдаюць ці не на новую адметнасць мінскай плошчы Свабоды. / Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Гэта ўзор малых архітэктурных форм эпохі сталінскага ампіру, прыклад тагачаснага гарадскога дызайну. Аўтар рэльефаў — першы дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі (тады — Карцінная галерэя БССР) Мікалай Міхалап. Мяркуецца, што, працуючы над аздобаю ліхтароў, ён натхняўся расліннымі матывамі са слуцкіх паясоў. Цяпер рэльефы некалькіх ліхтароў аздобленыя рознакаляровымі фарбамі і нагадваюць каму слуцкі пояс, каму маляваныя дываны. У любым выпадку — нешта роднае, беларускае. Праз каляровую аздобу функцыянальныя тэхнічныя аб’екты набылі нечаканыя эстэтычныя якасці.

Здавалася б, некалькі па-мастацку размаляваных слупоў не прыўносяць прынцыповых змен у вобраз гістарычнага цэнтра. Тым не менш, на гэту падзею адгукнуліся шмат якія СМІ, і яна ўжо актыўна абмяркоўваецца. Мяркую, найперш таму, што сталінскі ампір, да якога ў перыяд скону СССР ставіліся як да эстэтычнай анамаліі, сёння займае годнае месца ў гісторыі мастацтва, а ў вачах грамадзян суверэннай Беларусі з’яўляецца культурным брэндам. Што ні кажы, але менавіта гэты стыль быў вызначальным у першае пасляваеннае дзесяцігоддзе, а ягонае водгулле чулася ў нашай архітэктуры яшчэ гадоў дваццаць. Сваім урачыста-манументальным ладам ён адпавядаў не толькі тагачаснай дзяржаўнай ідэалогіі, але і ментальнасці народа, які выстаяў і перамог у Вялікай Айчыннай вайне. Нездарма мы ўжо не адзін год шчыруем дзеля таго, каб мінскі праспект Незалежнасці нарэшце трапіў у Спіс сусветнай спадчыны UNESCO. Згаданы ж арт-праект паказвае, як эстэтыка сталінскага ампіру можа быць адаптаванай да сённяшніх культурных рэалій. Спадзяюся, што наступным крокам будзе вяртанне пачатковага, гістарычнага, аблічча ліхтарам на некаторых адрэзках цэнтральнай магістралі сталіцы — прынамсі, на той яе частцы, якую мы трактуем як суцэльны ансамбль у стылі неакласіцызму, як помнік горадабудаўніцтва, варты прапіскі ў Спісе сусветнай спадчыны, ці хаця б на плошчы Перамогі. Зразумела, пры гэтым ліхтары павінны захаваць сучасныя тэхнічныя характарыстыкі.

Таксама спадзяюся, што гэты арт-праект прыцягне ўвагу да праблемы малых архітэктурных формаў у гарадскім асяроддзі. Ёсць такая праблема і ў малых паселішчах, і ў вялікіх гарадах, і ў сталіцы. Сёе-тое, канешне ж, робіцца. Некаторыя распрацоўкі і рэалізаваныя праекты не сорамна на міжнародных архітэктурных форумах прадставіць. Але нават буйныя архітэктурныя комплексы, як збудаваныя апошнім часам, так і тыя, што маюць доўгую гісторыю, шмат губляюць у выразнасці з прычыны недастатковай насычанасці прылеглай прасторы адмысловай функцыянальнай эстэтыкай. Менавіта малыя архітэктурныя формы, што аздабляюць “першы паверх” гарадскога асяроддзя, робяць утульнымі вуліцы, плошчы, скверы.

Згаданы арт-праект дазваляе паглядзець іншымі вачыма на архітэктуру першага паваеннага дзесяцігоддзя. Але ў гісторыі Мінска ўвасобленыя некалькі архітэктурных эпох, кожная з якіх вартая мастацкай актуалізацыі.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"