Культурная сталіца Беларусі-2017 рыхтуецца прыняць выканаўцаў і калектывы з Азербайджана, Балгарыі, Германіі, Ізраіля, Індыі, Іспаніі, Калумбіі, Кубы, Латвіі, Літвы, Мексікі, Малдовы, Польшчы, Расіі, Сербіі, Славакіі, ЗША, Турцыі, Украіны. Упершыню ў фестывалі прымаюць удзел Вялікабрытанія, Венгрыя, Італія, Нарвегія, Кіпр і Чэхія. Усяго — больш за 600 артыстаў. Кожная краіна прывозіць свой вянок і нацыянальны сувенір, якія потым перадаюцца ў фонды Бабруйскага краязнаўчага музея. За чатырнаццаць гадоў там сабралася ўжо велізарная экспазіцыя (“Вянок дружбы” праводзіцца з 1996 года, пастаянна ў Бабруйску — з 2003-га).
Выступы ўдзельнікаў фестывалю будуць праходзіць на сцэне Лядовага Палаца “Бабруйск-Арэна”, а таксама ў Палацы мастацтваў і на плошчы Леніна, дзе 1 ліпеня адбудзецца яшчэ і тэатралізаванае свята да 630-годдзя горада на Беразіне. На “Бабруйск-Арэне” 1 ліпеня запланаваны сольны канцэрт украінскай спявачкі Ані Лорак. Цырымонію закрыцця правядуць 2 ліпеня.
— У пошуках прыгажосці людзям больш за ўсё дапамагае мастацтва. Мы займаемся мастацтвам фальклорным і маем магчымасць пазнаваць прыгажосць, носім яе ў сабе, перадаем іншым. Мы шчаслівыя, што танец з’яўляецца часткай нашага жыцця і што мы прадставім у Беларусі багацце балгарскага фальклору, — адзначыў у прывітальным лісце мастацкі кіраўнік ансамбля “Рытм” з горада Сілістра Расэн Атанасаў.
Упершыню ў Бабруйску падчас “Вянка дружбы” 2 ліпеня з 12 да 19 гадзін будзе арганізаваны фестываль вулічных тэатраў — калектывы выступяць у пешаходнай зоне паміж плошчай Леніна і будынкам драмтэатра на вуліцы Сацыялістычнай. Там жа з 28 чэрвеня па 3 ліпеня свае вырабы прадставяць майстры і рамеснікі з усёй Беларусі.