Belarus Day: “пілотны” праект

№ 24 (1307) 17.06.2017 - 23.06.2017 г

Сёння ў рамках акцыі Belarus Day два вядучыя харэаграфічныя калектывы нашай краіны: Дзяржаўны ансамбль танца і “Харошкі” — выпраўляюцца ў працяглы гастрольны тур па Еўропе.

З ініцыятывай аб правядзенні такой іміджава-дабрачыннай акцыі, скіраванай на папулярызацыю нашай нацыянальнай культуры ў замежжы, выступіў на V Усебеларускім сходзе знакаміты акцёр-купалавец, народны артыст краіны Віктар Манаеў. Яго падтрымалі творчыя калектывы. І пачалася карпатлівая арганізацыйная праца — найперш, Міністэрства культуры Беларусі, а таксама нашых амбасадаў у еўрапейскіх краінах.

— Акцыя накіраваная на шырокую прэзентацыю дасягненняў нашай культуры ў Беларусі і свеце, — падкрэсліла на прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра культуры краіны Ірына Дрыга, — і прымеркаваная да Дня Незалежнасці. Гэта, можна сказаць, наш падарунак усяму свету: мова танца зразумелая ў любым куточку планеты.

У савецкі час кожны буйны калектыў меў шырокую геаграфію гастроляў, потым гэта неяк сцішылася, прыпынілася. Затое цяперашняя акцыя мае яшчэ і дадатковыя мэты — не толькі прыцягнуць увагу да нашага мастацтва і пазіцыянаваць Беларусь як сучасную дзяржаву, поўную талентаў, а беларусаў — як духоўна багатую нацыю, але і наладзіць і ўзмацніць дзелавыя кантакты з замежнымі калегамі.

17 — 21 чэрвеня Дзяржаўны ансамбль танца выступіць у Таліне (Эстонія), Рызе (Латвія), Вільнюсе (Літва). Следам, з 22 чэрвеня, выправяцца ў тур “Харошкі”, іх маршрут — Кіеў (Украіна), Варшава (Польшча), Берлін (Германія), Прага (Чэхія), Будапешт (Венгрыя), Кошыца (Славакія), аб’яўленая культурным цэнтрам Еўрасаюза, курортны Блед (Славенія), куды з’язджаецца ці не ўся Еўропа. Акцыя, прыгадаем, ладзіцца на іміджава-дабрачыннай аснове, фінансуюць яе Міністэрства культуры Беларусі і Фонд Прэзідэнта нашай краіны па падтрымцы культуры і мастацтва.

“Харошкі” на чале з народнай артысткай Беларусі Валянцінай Гаявой падрыхтавалі праграму “Покліч продкаў”, у якую ўключана і прэм’ерная кампазіцыя — “Камарынская”. Дзяржансамбль танца пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Валянціна Дудкевіча — праграму “Спадчына” з дзвюма прэм’ернымі кампазіцыямі: “Папараць-кветка” ды “Ясь і Яніна”. На пашыў сцэнічных строяў да іх былі вылучаны грошы.

Нават па назвах зразумела, што абедзве праграмы закранаюць розныя эпохі — ад часоў паганства да сучаснасці. У іх прадстаўлены як сялянская культура, так і шляхетная. А пры ўсіх нацыянальных адметнасцях, што выяўляюцца ў сцэнічных строях, музычных інструментах, ва ўсёй музычна-харэаграфічнай аснове кампазіцый, пачынаючы з “сюжэтаў” (відавочных ці “схаваных” — розніцы няма), — пры ўсім гэтым беларускае мастацтва танца пазіцыянуецца часткай еўрапейскай і сусветнай культуры.

Дапамагаюць і саветнікі па культуры нашых пасольстваў, шукаючы спонсараў, якія аплацілі б арэнду сцэнічных пляцовак. Бо залы паўсюль — не абы-якія. У Паўночнай Еўропе — гэта пераважна сцэны вядучых драматычных тэатраў. У астатніх краінах — тэатраў Нацыянальнай оперы, а таксама аперэты, іншыя прэстыжныя сцэны.

Гэта першы праект такога кшталту. Але следам за “пілотным”, як усе спадзяюцца, павінен быць і працяг. Да акцыі далучацца таксама іншыя творчыя калектывы, іх колькасць будзе ўзрастаць, а ўдзельнікі з цягам часу атрымаюць новыя запрашэнні на гастролі — у тым ліку, на камерцыйныя.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"