Вызначыць набалелае

№ 24 (1307) 17.06.2017 - 23.06.2017 г

У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылася калегія Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аб стане, праблемах і перспектывах развіцця тэатральнай дзейнасці ў краіне. Выступоўцы ўздымалі актуальныя для дзяржаўных рэпертуарных тэатраў пытанні, агучвалі праблемы прыватных тэатральных калектываў, разважалі аб стане сучаснай тэатральнай крытыкі.

Па словах першага намесніка міністра культуры Ірыны Дрыга, статыстыка няўмольна сведчыць, што цягам апошніх пяці гадоў ва ўсіх кірунках тэатральнага мастацтва нават пры павелічэнні колькасці мерапрыемстваў колькасць наведвальнікаў няўмольна зніжаецца. “З 2012 па 2016 год гэта лічба паменшылася на 10 працэнтаў, сярэдняя напаўняльнасць залы за перыяд са студзеня па май 2017 года ў залежнасці ад рэгіёна склала ад 58 да 76,9 працэнтаў. І як сведчаць даныя сацыялагічных даследаванняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, пры вывучэнні культурных патрэб насельніцтва, 63% апытаных выказаліся, што ўвогуле не наведваюць тэатр. Як бачым, нягледзячы на творчыя поспехі тэатральных калектываў, ёсць пэўныя моманты для хвалявання”, — зазначыла Дрыга.

Даныя неабходна даследаваць і прымаць канкрэтныя крокі, каб палепшыць сітуацыю. З гэтай мэтай пры Міністэрстве культуры была створана адмысловая рабочая група. У прыватнасці, ёй было адзначана, што Міністэрствам культуры за апошнія гады амаль не праводзіліся конкурсы на стварэнне новых твораў беларускай драматургіі (выключэнне склаў конкурс “Францыск Скарына і сучаснасць”, па выніках якога свет пабачыў зборнік драматургіі, які шырока прэзентуецца Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі ў Беларусі і замежжы, а таксама выйшлі прэм’еры ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры і Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, рыхтуецца пастаноўка ў Гродзенскім абласным тэатры лялек). Таму рабочая група прапанавала ўзнавіць практыку конкурсу рэжысёрскіх эксплікацый, а для музычных тэатраў — заявак лібрэта ў стварэнні музычна-сцэнічных твораў, звязаных з айчыннай культурай і гісторыяй, у тым ліку для стварэння твораў, адрасаваных для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі.

Падкрэслівалася, што за апошнія пяць гадоў узнікла плынь прыватных тэатраў і сёння можна казаць пра не менш як 70 гучных эксперыментальных, антрэпрызных і разавых тэатральных праектаў. Гэта з’ява карысная тэатральнаму працэсу, але развіццё прыватных ініцыятыў стрымліваецца недахопам абсталяваных пляцовак і неаднолькавымі ўмовамі атрымання гастрольных пасведчанняў для пракату пастановак.

Прыводзілася інфармацыя аб крыніцах фінансавання выдаткаў тэатраў на бягучае забеспячэнне, на стварэнне пастановак і правядзенне гастроляў. Як зазначыла Ірына Дрыга, у 2012 — 2016 гадах адзначаўся рост бюджэтных субсідый дзяржаўных тэатраў рэспубліканскай формы ўласнасці з 10,7 мільёна рублёў да 16,7 мільёна рублёў. “На жаль, рост не такі значны, як нам хацелася”, — дадала прамоўца. Разам з тым, кіраўнікі тэатраў зазначалі: сродкаў, што выдаткоўваюцца, недастаткова для абнаўлення рэпертуару і правядзення паўнавартасных гастроляў, што ў сваю чаргу негатыўна адбіваецца на прыцягненні глядацкай аўдыторыі. У рэгіёнах сітуацыя больш складаная: у некаторых гарадах цягам апошніх двух гадоў мелі месца факты, калі тэатры ўвогуле заставаліся без дзяржаўнага субсідзіравання на гастролі і пастаноўкі…

Рабочай групай разглядаўся комплекс праблем, датычных падрыхтоўкі прафесійных тэатральных кадраў. За 2012 — 2017 гады колькасць заявак на спецыялістаў, накіраваных у Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, перавысіла колькасць выпускнікоў, якіх датычыцца размеркаванне, у 1,6 раза, у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў — у 3 разы. Не дзіва, што тэатры ўсё часцей вымушаныя браць у штат людзей без прафесійнай адукацыі. Па меркаванні прамоўцы, калі не змяніць сітуацыю, праз пяць гадоў нас чакае яшчэ большы дэфіцыт кадраў.

 

Падрабязна пра комплекс праблем тэатральнага мастацтва і пра прапановы па іх вырашэнні, — у наступных нумарах “К”.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"