Скарына такі малады

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

Да велічнай постаці выдатнага беларускага асветніка і першадрукара XVI стагоддзя, нашага земляка Францыска Скарыны звярталіся ў розны час многія айчынныя паэты, празаікі, драматургі, дзеячы тэатра і кіно.

 /i/content/pi/cult/162/1426/Skaryna1.jpg
У тэатры першым “кінуў кліч” яшчэ ў 1920-я гады Міхайла Грамыка, стварыўшы п’есу “Скарынін сын з Полацка”, пастаноўку якой у 1926 годзе ажыццявіў сталічны БДТ-1. У сярэдзіне 40-х гадоў мінулага стагоддзя яшчэ адзін беларускі драматург — Язэп Дыла звярнуўся да гэтай асобы і напісаў п’есу “Падуанскі студэнт”, якая, аднак, так і не была ўвасоблена на сцэне.

Затое напрыканцы 60-х на кінаэкраны выйшаў фільм Барыса Сцяпанава “Я, Францыск Скарына” з маладым Алегам Янкоўскім у галоўнай ролі. І ўжо ў 70-ыя інтарэс да гэтай асобы зноў праявілі і беларускія драматургі. Алесь Петрашкевіч піша ці не лепшы свой твор — “Напісанае застаецца”, што убачыў святло рампы адразу ў двух айчынных тэатрах — Купалаўскім і Гродзенскім абласным драматычным. Вобраз Францыска Скарыны стаў адным з этапных у творчым лёсе народнага артыста СССР, знанага купалаўца Віктара Тарасава. П’еса “Прарок для Айчыны” са своеасаблівай дылогіі Петрашкевіча была пастаўлена толькі Беларускім тэлебачаннем у 1995 годзе.

Практычна ўсе аўтары, што звярталіся да асобы Скарыны, паказвалі вялікага беларускага гуманіста ўжо ў сталы перыяд яго жыцця. А вось Георгій Марчук звярнуўся да таго часу, калі асоба, духоўны свет Скарыны-падлетка яшчэ толькі фарміраваліся. Такім чынам, дзеянне п’есы і спектакля “Кракаўскі студэнт”, прэм’ера якога прайшла ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа, адбываецца, калі Францыску яшчэ не было і 14-ці, хаця пры гэтым ён паспеў зведаць горкі смак няўдалага кахання і займеў цвёрды намер паступіць у адзін з прэстыжных універсітэтаў суседняга з Вялікім княствам Літоўскім Польскага каралеўства. Адсюль і досыць іранічная назва твора.

Насамрэч, ніякае студэнцтва Скарыны ў спектаклі так і не паказана: падзеі завяршаюцца развітаннем хлопца з бацькам, братам, сябрамі, суседзямі, родным і блізкім Полацкам, куды юнак бадай больш ніколі і не вернецца.

Рэжысёру Валерыю Анісенку ўдалося не проста годна ўвасобіць на сцэне твор, паказаўшыменавіта той перыяд жыцця Скарыны, пра які мала хто ведае, але і стварыць сапраўднае гістарычнае палатно. У спектаклі быццам жыве сам дух сярэднявечнага Полацка. Гэтаму спрыяюць па-майстэрску абмаляваныя, кідкія вобразы нават эпізадычных персанажаў. Застаюцца ў памяці Туравец Пятра Ламана (яго маналог на пачатку першай дзеі быццам задае рытм, дае эмацыйны штуршок усяму спектаклю), юродзівы Косма Генадзя Гайдука, ігумення Тамары Скварцовай, дзяўчына-павадыр Наталлі Аладка. Дакладна ўвасоблены масавыя сцэны (асабліва — кірмашу) і, вядома ж, яркія, шматпланавыя, змястоўныя характары галоўных герояў.
 /i/content/pi/cult/162/1426/Skaryna2.jpg

Францыск (Яўген Бераснеў) знешне рахманы, стрыманы, але з унутраным напалам, пяшчотны і кранальны ў лірычных сцэнах з каханай Марыяй (Наталля Саламаха). Для маладога артыста-коласаўца гэта і добрая творчая заяўка, і сур’ёзны крок наперад у параўнанні з ранейшымі ролямі. Знясілены ўнутранай барацьбой з самім сабой, сваім хворым сумленнем бацька Францыска Лука, што знайшоў у сабе сілу пакаяцца, ды не ў царкве перад святаром, а перад родным сынам за свае мінулыя грахі, за няправедна нажытае багацце. Ці ж гэта не сведчанне моцнай духоўнай повязі са сваім нашчадкам?

Артыст Валянцін Салаўёў раскрывае сапраўдную драму бацькі, у каторы раз пацвярджаючы свой магутны талент. А “фальстафаўскія” сцэны з удзелам, бадай, лепшага камедыйнага артыста трупы — Юрася Цвіркі (у ролі найлепшага сябра Францыска — Усевалада) суправаджаюцца глядацкім рогатам ці, прынамсі, выклікаюць добрую ўсмешку.

Дакладны мастацкі вобраз знайшла сцэнограф новага спектакля Валянціна Праўдзіна — завіслыя ў цемрадзі паветра чаўны, аздобленыя зоркамі, а ўнізе — дарогі-сцяжыны, якія быццам вядуць героя да нейкай духоўнай вышыні, да сапраўднага хараства. Да таго ж, час ад часу на маленькім экране глядач бачыць то выявы полацкай Сафіі, то знакамітыя гравюры скарынаўскай Бібліі.

Чым жа прывабіла гэтая п’еса рэжысёра? З такім пытаннем звярнуўся да заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі і прэміі “За духоўнае адраджэнне” , а ў дадатак — і нашага земляка (сам ён родам з Талачына, ды і пачынаў сваю творчую біяграфію ў Коласаўскім тэатры) Валерыя Анісенкі.

— Гэта — нагода звярнуцца да сваёй гісторыі і зноў засведчыць, што ў нас яна ёсць. А ў нас жа так багата выдатных асоб! І я думаю, што нам робіць гонар тое, што ўзяліся за гэткую п’есу, хаця я не запішу яе ў “хіты” сезона. Мы не маем права не памятаць свайго роду, продкаў, сваіх выбітных дзеячаў, што склалі славу беларускага народа.

 

Юрась ІВАНОЎСКІ
На здымках: сцэны са спектакля “Кракаўскі студэнт”.
Фота
Алены АЛІМАВАЙ