Гармонік і гармонія

№ 23 (1306) 10.06.2017 - 16.06.2017 г

XX Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік“, па сутнасці, распачаўся ўчора, 9 чэрвеня.

Як паведамляе “К“ галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пастаўскага райвыканкама Ганна Мухля, ужо адбыліся традыцыйны конкурс калектываў ды індывідуальных выканаўцаў “Хто каго?“ і канцэрт. Гэтым разам самадзейныя артысты прыехалі з Літвы, Латвіі, Польшчы, Украіны, Расіі, Эстоніі…

Далейшая “партытура“ фестывалю наступная. Сёння на галоўнай гарадской плошчы адбываецца яго ўрачыстае адкрыццё. У райвыканкаме будзе наладжаная прэс-канферэнцыя для журналістаў. Далей усіх чакае тэатралізаваная дзея “Пастаўскі баль“. Ля Палаца Тызенгаўзаў будзе гучаць класічная музыка. Такім чынам працягнецца фестывальны цыкл “Музыка беларускіх палацаў і сядзіб“.

У Паставах ужо сабраліся лепшыя майстры-рамеснікі з усёй Віцебшчыны. Аматары фэсту цудоўна ведаюць, што ў гэтыя дні тут можна набыць сувенір на любы густ і кошт. Чакаюцца не толькі канцэрты, але і забаўляльныя ды спартыўныя мерапрыемствы, прэзентацыі, выставы. У музеі будзе адкрыта экспазіцыя, прысвечаная навукоўцам, што нарадзіліся на Пастаўшчыне. Прыклад асветнікаў Тызенгаўзаў паўплываў на лёсы многіх.

Чакаюцца выступленне шоу-гурта “Маракасы“ з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, фаер-шоу і феерверк, батл лепшых дзі-джэяў Віцебскай вобласці. 11 чэрвеня адбудзецца гала-канцэрт. Выступяць удзельнікі фэсту, але і ансамбль салістаў Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя Жыновіча.