Паўстагоддзя філіяла

№ 23 (1306) 10.06.2017 - 16.06.2017 г

З нагоды 50-х угодкаў філіяла Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа калектыў установы разам з сябрамі і гасцямі наведаў родныя мясціны паэта ў Стаўбцоўскім раёне.

Драўляная хатка ў Акіньчыцах — гэта адноўленая на пачатку 1990-х гадоў сядзіба бацькі Якуба Коласа — лесніка-каморніка Міхаіла Казіміравіча Міцкевіча. Месца, дзе нарадзіўся паэт. Экспазіцыя ў адноўленай хаце ў Альбуці цалкам прысвечана паэме “Новая зямля”. Там сям’я Коласа пражыла самы працяглы ў параўнанні з іншымі леснічоўкамі перыяд — з 1890-га па 1902 год. Ёсць яшчэ сядзіба ў Ластку, дзе захавалася хата 1885 года пабудовы. Але першы рэгіянальны філіял мінскага музея быў адкрыты ў Смольні. Усё разам  — гэта адзін філіял сталічнага музея пад назвай “Мікалаеўшчына”.

— 50 гадоў — гэта значны адрэзак часу, але прабег ён бы за адзін дзень, — кажа дырэктар музея Зінаіда Камароўская. — У 1959 годзе быў адкрыты музей у Мінску ў доме, дзе жыў Якуб Колас. Стваральнікам, першым дырэктарам і рупліўцам у дзейнасці па ўшанаванні памяці бацькі быў старэйшы сын Даніла Міцкевіч. Каб не яго адданасць, то нічога з гэтых сядзіб не было б. Першай адкрылі ў 1967 годзе Смольню, бо ў адрозненне ад Акіньчыц, дзе ўсё давялося аднаўляць, тут захавалася хата, у якой жыў малодшы сын Якуба Коласа Юзік, радня, маці з дзецьмі. Тут жа адбылася першая сустрэча Коласа і Купалы. Таму менавіта ў гэтых мясцінах узвялі двухпавярховы будынак, дзе размясцілі літаратурную экспазіцыю, прысвечаную паэту. Першым загадчыкам філіяла быў родзіч Якуба Коласа Уладзімір Міцкевіч.

Падчас святочнай імпрэзы на Стаўбцоўшчыне былі ўзнагароджаныя ўсе супрацоўнікі, узгаданыя імёны кожнага, хто меў калісьці дачыненне да стварэння музея. Павіншаваць коласаўцаў са святам прыехаў дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея рэспублікі Уладзімір Пракапцоў, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Зміцер Яцкевіч, вучоны сакратар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Галіна Воранава, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, галоўны спецыяліст аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Беларусі Анжаліка Янкоўская, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны Алена Анісім, старшыня таварыства беларускай культуры “Спадчына” ў літоўскім Друскенінкаі Валянціна Іваноўская ды шмат іншых гасцей.

— Мы з задавальненнем прыехалі з вясковага кабінета Пушкіна ў вясковы кабінет Коласа, — пажартавала намеснік дырэктара гісторыка-літаратурнага і мемарыяльнага музея-запаведніка “Міхайлаўскае” Людміла Ціханава. — Важна зберагаць такія касмічныя і каштоўныя для культуры месцы. Зычу атрымаць яму яшчэ і афіцыйны статус запаведніка, бо так і ёсць! Гэта ўнікальны музей, таму што ён аб’ядноўвае ў сабе ўсё — і прыроду, і паэзію, і гарадскі пейзаж, і вясковы.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"