Выйшлі з-за “Стала”

№ 23 (1306) 10.06.2017 - 16.06.2017 г

У Венецыі працягваецца 57-я біенале сучаснага мастацтва. “К” даведалася ў куратара Рамана Заслонава і камісара Наталлі Шаранговіч, як прымаюць беларусаў на буйнейшым у свеце мастацкім форуме.

Нашу краіну на выставе прадстаўляе 32-хвіліннае відэа з інсталяцыяй пад агульнай назвай “Стол”. Гэта праект мастака Рамана Заслонава, рэжысёра Сяргея Талыбава і прадзюсара Віктара Лабковіча, які стаў пераможцам конкурсу на стварэнне куратарскай канцэпцыі для беларускага павільёна.

— У зале, дзе дэманструецца відэа, таксама стаіць стол, за які садзіцца глядач — так ён становіцца суразмоўцам нашых персанажаў на экране. Адначасова там могуць знаходзіцца чалавек 25 — 30, — апісвае Раман Заслонаў беларускі павільён. — Адтуль бачная таксама і інсталяцыя, што змешчаная ў наступным памяшканні, у цэнтры якога знаходзіцца пясочны гадзіннік, але замест пясчынак у ім — маленькія столікі. Стол — побытавы аб’ект, які ўсім знаёмы, таму я ад яго адштурхнуўся ў сваёй ідэі. За ім мы праводзім шмат часу, нешта абмяркоўваем — амаль што жывём. Гадзіннік — арт-аб’ект, які працягвае тэму.

На экране глядач бачыць за сталом вобразы розных людзей, увасобленых беларускімі артыстамі. Да ўдзелу ў здымках запрасілі Марыну Дзянісаву, Паўла Харланчука, Мікалая Рабычына, Таццяну Мархель, Аляксандра Падабеда, Алесю Пухавую, Уладзіміра Глотава, Ілью Ясінскага, Вераніку Пляшкевіч, Ігара Дзянісава, Дзмітрыя Пусцільніка, Гражыну Быкаву, Васіля Бойдака, Андрэя Карака, Юльяну Міхневіч — усяго каля трыццаці акцёраў.

— Мы прадстаўлены ў Венецыі ўжо ў чацвёрты раз, і для нашай краіны гэта добры вынік, — кажа камісар павільёна, дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Наталля Шаранговіч. — Пры выбары пераможцы было важна, каб у працы гучаў адсыл да беларускай ментальнасці, але ў той жа час ён мог быць упісаны ў міжнародны кантэкст. У Еўропе стаўленне да сучаснага мастацтва крыху адрозніваецца — патрэбныя тэхналагічныя спосабы яго падачы. З 18 праектаў з вялікім адрывам прайшла заяўка Заслонава. “Стол” зацікавіў і публіку ў Венецыі. Я сама назірала, як людзі заходзілі на тры хвіліны і заставаліся да канца, бо захапляліся вобразамі на экране. Шмат хто задаваў пытанні, гартаў каталог. Значыць, іх зачапіла.

— Усё жыццё я займаўся станковым жывапісам, стылістыка, у якой я працую, даволі традыцыйная, таму многіх здзівіла мая праца ў іншым жанры, але зрабіць відэа — даўняя задума, — тлумачыць Раман Заслонаў. — Асабіста для мяне гэты праект пачаўся 5 — 6 гадоў таму. Сустрэў Віктара і Сяргея, яны зацікавіліся. Лепшы лёс для нашай працы складана прыдумаць, хаця ніхто пра біенале ці штосьці такое не думаў.

Беларускі павільён працуе ў Венецыі да лістапада. Пасля дэмантажу і перавозкі ў Мінск у студзені 2018 года “Стол” пакажуць у залах Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў.

— Шмат залежыць ад кантэксту, у якім гучыць твор мастацтва, таму асабіста мне вельмі важна, каб гэта ўбачыла беларуская публіка, — дадае мастак.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"