Хутка “Славянскі базар”

№ 23 (1306) 10.06.2017 - 16.06.2017 г

Да пачатку фестывалю ў Віцебску застаўся месяц. На канцэрце адкрыцця “Славянскага базару ў Віцебску” 13 ліпеня абвесцяць імя ўладальніка Гран-пры дзіцячага конкурсу.

— Нягледзячы на тое, што гэта міжнародны фестываль мастацтваў і падчас яго праводзяцца імпрэзы розных кірункаў, галоўнымі падзеямі па-ранейшаму застаюцца конкурсы выканаўцаў, — выказаў меркаванне на прэс-канферэнцыі, прысвечанай падрыхтоўцы да “Славянскага…”, дырэктар Цэнтра культуры “Віцебск” Аляксандр Сідарэнка. — У конкурсе маладых выканаўцаў будзе прадстаўлена 21 краіна. Ад Беларусі выступае Ягор Шаранкоў. У дзіцячым конкурсе — Марыя Магільная, і, на мой погляд, у яе добрыя шансы на перамогу. Упершыню імя юнага спевака, які атрымае Гран-пры, будзе вядомае ў дзень адкрыцця. Узнагароду, мяркуецца, уручыць Прэзідэнт Беларусі. Журы конкурсаў узначаляць спявачкі Ёрданка Хрыстава і Варвара.

Па словах галоўнага рэжысёра цырымоніі і гала-канцэрта адкрыцця Марыны Раманоўскай, на сцэну Летняга амфітэатра 13 ліпеня выйдуць Крыс дэ Бург, Хуліа Іглесіас-малодшы, Роза Рымбаева... У гэты дзень народнаму артысту Беларусі Аляксандру Ціхановічу, які святкаваў свой дзень народзінаў на фестывалі, споўнілася б 65 гадоў, таму на канцэрце адбудзецца прэм’ера песні на музыку Леаніда Шырына ў выкананні Ядвігі Паплаўскай, Дзмітрыя Калдуна і Руслана Аляхно.

У Віцебску з 14 па 16 ліпеня адбудзецца фестываль вулічнага мастацтва “На сямі вятрах” — каля 500 артыстаў з розных краін выступяць на вуліцах горада. Традыцыйна пройдуць “Тэатральныя сустрэчы” і “Лялечны квартал”. Адна з прэм’ер — пікнік “Стрытфуд”: дзе пазнаёмяць з кулінарным мастацтвам.

З улікам усіх мерапрыемстваў “Славянскі базар…” будзе доўжыцца з 10 па 19 ліпеня. На фестывальныя мерапрыемствы пакуль прададзена сорак з паловай тысяч білетаў і забраніравана каля трыццаці пяці тысяч. Даход “Славянскага базару…” ужо складае каля 1,9 мільёна рублёў. Як адзначыў Аляксандр Сідарэнка, з кожным годам фестываль набірае ўсё большы размах, але і зарабляе ўсё больш грошай і прыцягвае дадатковыя сродкі.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"