Квітнеюць серабром і золатам слуцкія паясы

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

“К” ужо пісала пра адкрыццё ў беларускай сталіцы выстаўкі “Слуцкія паясы” з фондаў Дзяржаўнага гістарычнага музея Расіі. Экспазіцыя стала нагодай прыгадаць пакручасты і захапляльны лёс гэтых беларускіх каштоўнасцей. Пра калекцыю купца Шчукіна, бацькі і сына Мажарскіх, стылізацыі і падробкі пад слуцкі пояс з усёй Еўропы ды пра “моцную мужчынскую руку” распавяла вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага гістарычнага музея Расіі Вольга ГАРДЗЕЕВА.

Пад грыфам Щ
Калекцыя тканых узорыстых паясоў Дзяржаўнага гістарычнага музея Расіі вельмі прадстаўнічая. Яна паступіла ў музей у 1912 годзе, а сабрана была ў канцы ХІХпачатку ХХ стагоддзя выдатным рускім калекцыянерам Пятром Іванавічам Шчукіным, які паходзіў з багатай купецкай сямі, што займалася тэкстыльнай вытворчасцю і гандлем.
 /i/content/pi/cult/162/1425/Payasy.jpg
На
ніжагародскім кірмашы Шчукін з юных гадоў назіраў, як персы прадавалі цудоўныя тканіны, шаўковыя дываны з мудрагелістымі ўсходнімі ўзорамі. А калі зявілася магчымасць займацца калекцыяніраваннем, дык яго спачатку цікавілі персідскія, турэцкія вырабы. Але потым ён убачыў, што старажытнарускія рэчывышыўкі, тканінывельмі блізкія ўсходнім і відавочна адчулі ўздзеянне мастацтва далёкіх краін. І тады калекцыянер цалкам пераключыўся на збор рускіх старажытнасцей.
Шчукіна цікавіў вельмі шырокі іх спектр: кераміка, шкло, жывапіс, дакументы... Калекцыя ўсё большала, і на пачатку ХХ стагоддзя ў Маскве ён пабудаваў уласны музей, дзе ўсе яго набыткі былі прадстаўлены для публічных наведванняў. Пасля рэвалюцыі 1905-га года Шчукін зразумеў, што наўрад ці здолее належна захаваць гэты прыватны збор: страляніна на Краснай Прэсні адбывалася побач з яго скарбніцай. Тады калекцыянер завяшчаў увесь свой грандыёзны фонд Маскве.
У 1911 годзе калекцыянер памёр, а ў 1912-ым Маскоўская гарадская дума прыняла рашэнне навечна перадаць калекцыі Шчукіна на захаванне ў Гістарычны музей. Усе прадметы збору супрацоўнікамі яго музея былі запісаны ў асобныя інвентарныя кнігі і маюць нумары з пачатковай літарайЩ”.

“Слуцк зрабіў”
Што да калекцыі ўзорыстых паясоў, то Шчукін сабраў іх больш за 100 — усе яны адносяцца да XVIII стагоддзя і нават да канца XVII. Сярод іх, поруч з маскоўскімі, французскімі, персідскімі клеймамі, — значная колькасць паясоў і з пазнакай слуцкай мануфактуры.
Музей сёння мае 19 цэлых і некалькі фрагментаў гэтых вырабаў слуцкай работы, пра што сведчаць вытканыя на іх ражках то кірыліцай, то лацінкай меткі: “Слуцк” або “В граде Слуцк”. У шэрагу выпадкаў выткана імя ўпраўляючага мануфактуры Яна Мажарскага ці яго сына Леа. На адным з паясоў, прывезеных на выстаўку ў Мінск, якраз гэтак і зафіксаваны кірыліцай словы “В граде Слуцк” і далей — імя Леа Мажарскага. У некаторых выпадках назва горада ці асобныя літары “f” і “s” вытканы лацінкай. Многія даследчыкі лічаць, што гэтае кляймо расшыфроўваецца як імя французскага ўладальніка мануфактуры, але даследчыца паясоў Лідзія Якуніна сцвярджала: кляймо — напісанае латынню: “Слуцк зрабіў”.
Шчукін, калі збіраў калекцыю, ставіўся да яе вельмі дбайна, разумеючы высокія мастацкія і тэхналагічныя вартасці тканых узорыстых паясоў. Ён вёў перапіску з так званым пасрэднікам, чалавекам, які па ўсёй тэрыторыі Беларусі, Літвы і Польшчы збіраў для яго гэтыя творы мастацтва, ведаючы, што трэба абавязкова атрымаць выраб з тканым кляймом.
Вольга Гардзеева кажа, што амаль усе слуцкія паясы, якія захоўваюцца ў музеі, менавіта з калекцыі Шчукіна: “Пасля 1912 года некалькі, а гэта 3 — 4, максімум — 5, паясоў паступілі ўжо звыш наяўнай калекцыі. За гэтыя гады іх ці прыносілі нам у дар, ці музей купляў гэтыя вырабы ў прыватных асоб, суадносячы са слуцкімі. У двух выпадках такія паясы мелі клеймы “Слуцк”.

Ад росквіту да забароны
На выстаўку ў Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь з калекцыі Дзяржаўнага гістарычнага музея Расіі прывезлі 8 паясоў. Адзін з іх мае кляймо, напісанае кірыліцай, тры паясы са словам “Слуцк” лацінкай і літарамі “f”, “s”.
Адзін пояс зроблены на мануфактуры армяніна Пасхаліса Якубовіча, якая была ў Ліпкаве пад Варшавай. Гэтая фабрыка ўзнікла яшчэ ў перыяд росквіту слуцкай. Ён прывезены расіянамі, каб паказаць: славутая беларуская вытворчасць вельмі паўплывала на ўсю падобную дзейнасць на тэрыторыі Польшчы, пераняўшы мастацкі лад і тэхналогію ткацтва вядомай беларускай мануфактуры. Ткацкі знак фабрыкі Якубовіча – велікодны агнец з харугвай.
“У 1960 годзе, — кажа Вольга Гардзеева, — тагачасная загадчыца аддзела тканін і касцюма нашага музея Лідзія Якуніна выдала сумесна з вашай Акадэміяй навук манаграфію “Слуцкія паясы” на рускай і беларускай мовах з каляровымі фотаздымкамі і поўнай гісторыяй слуцкай фабрыкі. Там расказана пра вытокі, пра мануфактуру ў Нясвіжы, пра тое, што першымі майстрамі былі персы, таму майстэрні гэтыя па ўсёй тэрыторыі Беларусі, Літвы і Польшчы называлі “персіярні”. Затым Міхаіл Казімір Радзівіл, які заснаваў мануфактуру спачатку ў Нясвіжы, а потым у Слуцку, паставіў на чале вытворчасці майстра Яна Мажарскага. Ужо напрыканцы 1770-х гадоў Мажарскі арандаваў у князя гэтую майстэрню, а потым стаў яе ўладальнікам. У 1778-м годзе ён перадаў яе ў спадчыну свайму сыну Леа”.
 /i/content/pi/cult/162/1425/Payasy2.jpg

Пасля канчатковага падзелу Рэчы Паспалітай (1795) і далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі асартымент Слуцкай мануфактуры скарачаецца. Адзін з вынікаў паўстання 1831 года: нашэнне традыцыйнага касцюма шляхты забараняецца царскім урадам — выходзіць з ужытку і слуцкі пояс. Мануфактура закрылася ў 1848 годзе: яна існавала галоўным чынам дзякуючы вытворчасці гэтых вырабаў.

З-за чаго пацямнеюць сярэбраныя кветкі?
Менавіта на слуцкай мануфактуры склаўся тып слуцкага пояса, яго ўзорысты лад: так званы “срэднік” з палосамі і лёгкім вытанчаным арнаментам, два цяжкія канцы, упрыгожаныя махрамі, на якіх у прамавугольных клеймах звычайна размяшчаліся два авалы з кветкавым узорам ці два квітнеючыя кусты. Гэты тып лічыцца класічным поясам, створаным на славутай мануфактуры.
“У самым канцы XVIII стагоддзя, — адзначае Вольга Гардзеева, — нават у Францыі, у Ліёне, існавала майстэрня, якая рабіла паясы тыпу слуцкіх. Яны, верагодна, карысталіся вялікім попытам як дэкаратыўныя дадаткі да традыцыйнага параднага мужчынскага касцюма не толькі на ўсходнеславянскіх землях”.
Слуцкія паясы ткалі выключна мужчыны. І нават існуе легенда, што калі жанчына да іх дакранецца, то ўсе сярэбраныя ніткі пацямнеюць. Ткалі мужчыны, бо гэта яшчэ і дужа цяжкая праца. Пояс вельмі доўгі, часта больш за тры метры пры шырыні да 36 сантыметраў. Працэс ткацтва вельмі складаны і вымагаў значных фізічных выдаткаў. Патрабавалася дакладнае вока і моцная мужчынская рука, якая прыбівала нітачку да нітачкі спецыяльным прыстасаваннем.
Насілі гэтыя паясы зверху традыцыйнага каптана, кунтуша, пояс складваўся ўдвая па ўсёй даўжыні.
Часта ткалі двухбаковыя паясы, каб іх можна было насіць на чатыры бакі. Для гэтага сярэдняе поле было па ўсёй даўжыні падзелена папалам і мела розны колер пры аднолькавым арнаменце. І на адвароце — тое ж самае: два іншыя колеры. Таму можна было на чатыры выпадкі жыцця мець чатыры розныя паясы, маючы, на самой справе, толькі адзін. Вырабы гэтыя каштавалі вельмі дорага і перадаваліся ў спадчыну. Іх кошт быў сувымерны хіба з цаной на зброю і дарагі сярэбраны посуд.

Дзе знойдзены беларускі скарб?
Не толькі ў Дзяржаўным гістарычным музеі Расіі маецца збор слуцкіх паясоў. Невялікая, але адметная калекцыя ёсць у Новачаркаску, у Музеі казацтва: данскія казакі таксама куплялі і выкарыстоўвалі гэтыя паясы як парадныя.
Дарэчы, у Расіі мода на такія вырабы пайшла раней, чым у Беларусі, і якраз там, дзе жыло казацтва. Ужо ў 2-ой палове XVIII стагоддзя дваране не насілі цяжкія доўгія каптаны, і шырокія парадныя паясы былі без патрэбы. А там, дзе захаваўся традыцыйны касцюм, гэты элемент адзення па-ранейшаму выкарыстоўваўся.
Цяпер у розных музеях Беларусі захоўваюцца не больш як 20 паясоў, пераважна ў фрагментах. На жаль, калекцыя колішняй Дзяржаўнай карціннай галерэі з 1948 паясоў (32 з іх — з нясвіжскага збору Радзівілаў) была вывезена ў Германію ў гады Вялікай Айчыннай вайны, калекцыя Беларускага дзяржаўнага музея з 21 пояса таксама была страчана (шэсць паясоў з яе былі перададзены Дзяржаўным гістарычным музеем у Мінск на пастаяннае захоўванне ў 1927 годзе, а ў пасляваенны час — у 1968 годзе Мінскаму абласному краязнаўчаму музею ў Маладзечне, Заслаўскаму краязнаўчаму музею ў 1978 годзе і сталічнаму музею Максіма Багдановіча ў 1989 годзе). Лёс паясоў, перададзеных у даваенны час, на жаль, пакуль што невядомы. Пошукі іх пакуль не далі вынікаў.
“У 2005-ым годзе мы рабілі часовую выстаўку (таксама слуцкіх паясоў), — рэзюмуе Вольга Гардзеева. — Па ўсіх аспектах прыкладнога мастацтва, жывапісу, іканапісу Масква і Мінск супрацоўнічаюць самым цесным чынам. Цяпер мы чакаем у Маскве, у Траццякоўскай галерэі, выстаўку беларускіх ікон”. 

Іна НАРКЕВІЧ