Душа Францыска ў душы нацыі

№ 22 (1305) 03.06.2017 - 09.06.2017 г

Сёлетні ўдзел Беларусі ў маскоўскім кніжным фестывалі “Красная плошча” адбываецца ў асаблівы для нашага пісьменства і ўсёй культуры год. Менавіта з яго цэнтральнай падзеі — святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання — мы і пачалі гутарку з міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ліліяй АНАНІЧ.

/i/content/pi/cult/640/14237/2-2.jpg— Перш-наперш, варта адзначыць, што падрыхтоўка да юбілею вядзецца на вельмі высокім дзяржаўным узроўні. Распараджэннем Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь быў створаны Рэспубліканскі аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, зацверджана праграма мерапрыемстваў. Такія захады па каардынацыі вельмі важныя, бо агулам у святкаванні задзейнічана мноства самых розных суб’ектаў: органаў мясцовай улады, навуковых інстытутаў, выдавецтваў… А дамінантай юбілею беларускага кнігадрукавання, вядома ж, стане Дзень беларускага пісьменства ў Полацку — родным горадзе Скарыны. Пакуль не буду раскрываць усю інтрыгу, але мушу запэўніць: гэтае свята будзе папраўдзе маштабным, яркім і запамінальным.

— У 1990-м мы святкавалі 500-годдзе з меркаванага дня нараджэння самога першадрукара. Наколькі змяніўся за гэты прамежак часу фармат падобных юбілеяў?

— Нешта змянілася, а нешта і засталося непарушным, бо дасюль не страціла актуальнасці. На мой погляд, праграма сёлетняга святкавання атрымалася не толькі надзвычай разнапланавай, але і папраўдзе сучаснай. Яна ўключае як выданне новых кніг (многія з якіх, дарэчы, ужо з’явіліся на паліцах) і правядзенне самых розных мерапрыемстваў  — ад традыцыйных навукова-практычных канферэнцый да сустрэчаў са школьнікамі, — так і многія наватарскія, крэатыўныя ініцыятывы, якія прадугледжваюць самае шырокае выкарыстанне інтэрнэту. Прычым не толькі вэб-рэсурсаў, але нават і акаўнтаў у сацыяльных сетках.

Аднак найперш, на мой погляд, варта казаць не пра фармат, але пра само грамадскае асэнсаванне той падзеі, угодкі якой мы адзначаем. Без сумневу, яно змянілася пасля набыцця Беларуссю незалежнасці. Дзейнасць вялікага асветніка ўспрымаецца нашымі сучаснікамі як адна з важных вех у станаўленні беларускай дзяржаўнасці і знакавы арыенцір на будучыню — на далейшае гуманістычнае развіццё грамадства. Неаспрэчна, словы Скарыны пра адпрыродную патрэбу чалавека любіць сваю родную зямлю не страцілі актуальнасці і сёння, у наш глабалістычны век. Па сутнасці, гэта духоўны запавет, скіраваны не толькі да беларусаў усіх пакаленняў, але і наогул да чалавечай супольнасці.

— У рамках маскоўскага фестывалю пройдзе круглы стол “Дыпламатыя слова: 500-годдзе беларускага кнігадрукавання ў кантэксце сусветнай культуры”. Адпаведна, юбілейная дата можа мець і міжнароднае значэнне?

— Гэта сапраўды так. Тым больш, Францыск Скарына быў акурат тым чалавекам, які імкнуўся разбурыць характэрную для свайго часу сярэдневяковую абмежаванасць: геаграфія яго падарожжаў была надзвычай шырокай. І менавіта таму разнастайныя святочныя мерапрыемствы запланаваны ў многіх краінах свету. У Літве, Вялікабрытаніі, Францыі, Польшчы яны ўжо адбыліся, акурат гэтымі днямі праходзяць у Расіі, а на чарзе — Чэхія, Сербія, Кітай... Галоўная думка, якую мы спрабуем данесці: справа Скарыны з’яўляецца спадчынай усяго чалавецтва. Гэтай ідэяй прасякнуты і праект Міністэрства інфармацыі краіны “Францыск Скарына на мовах народаў свету”. Знакамітая прадмова да “Кнігі Юдзіф”, якую я толькі што прыгадвала, ужо перакладзена больш як на 70 моваў! Дарэчы, рыхтуецца і міжнародная тэлевізійная версія праекта.

— У часы Скарыны друкаваная кніга была ўвасабленнем самых перадавых тэхналогій чалавецтва. Сёння ж сітуацыя істотна змянілася…

— Ведаеце, пра тое, што друкаваная кніга стане анахранізмам, нам даводзілася пастаянна чуць вось ужо некалькі апошніх дзесяцігоддзяў. Але зайдзіце ў любую з цэнтральных кнігарняў, і вы самі пераканаецеся: прагнозы не спраўдзіліся. На паліцах можна ўбачыць самы шырокі асартымент друкаванай прадукцыі, а побач з імі — несупынную плынь зацікаўленых чытачоў. Бо якімі б якаснымі ні былі смартфоны ды іншыя тэхнічныя прылады, паху свежай фарбы яны не заменяць. Зрэшты, пра гэта сведчаць і сухія лічбы. За мінулы год у Беларусі выйшлі ў свет больш за дзесяць тысяч кніг агульным накладам у 23 мільёны асобнікаў! Так, гэтая лічба яшчэ пару гадоў таму была трохі большай: на вялікі жаль, змяншэнне накладаў стала агульнасусветнай тэндэнцыяй. Але пагадзіцеся, яна ўсё адно ўнушальная!

Тым больш, тут ёсць і яшчэ адзін немалаважны аспект. Як у часы Скарыны, гэтак і ў нашы дні кніга з’яўляецца не толькі спосабам распаўсюджання інфармацыі, але і комплексным, сінтэтычным феноменам культуры. Апрача, уласна, аўтара, яго ствараюць мноства прафесіяналаў у самых розных сферах: графікі, дызайнеры, друкары… І беручы ў рукі, скажам, фаліянты “Мастацкай літаратуры”, “Беларускай энцыклапедыі імя Петруся Броўкі”, выдавецкага дома “Звязда”, часта здзіўляешся той гармоніі паміж формай і зместам, якой удалося дасягнуць выдаўцам. Спадзяюся, іх ацэняць і наведвальнікі маскоўскага фестывалю.

— Але, у той самы час, у рамках беларускага павільёна будзе прадстаўлены і асобны раздзел з электроннымі кнігамі…

— Я не бачу тут супярэчнасці — хутчэй, гэта натуральная патрэба часу. Мы павінны разумна выкарыстоўваць усе тыя магчымасці, якія дае нам прагрэс — як тое пяцьсот гадоў таму рабіў наш знакаміты суайчыннік. І сапраўды, кніга сёння — гэта ўжо неабавязкова толькі пераплеценыя паміж сабой старонкі. Яна можа існаваць у самых розных фарматах — ад выдання шрыфтам Брайля і да аўдыяфайла з запісам літаратурнага твора ў выкананні вядомых акцёраў. І ўсе гэтыя спосабы данясення слова да грамадскасці мы будзем развіваць. Адзін з прыярытэтных праектаў Міністэрства інфармацыі — стварэнне электроннай энцыклапедыі “Рэспубліка Беларусь”, своеасаблівага кампендыума ўсебаковых ведаў пра нашу краіну, яе гісторыю і сучаснасць. Гэта будзе дакладная і шматузроўневая база даных, даступная інтэрнэт-карыстальнікам з усяго свету.

— Відавочна, патрэба ў такім партале наспела даўно. А калі можна чакаць увасабленне гэтай задумы ў жыццё?

— Лішне казаць, што такая грунтоўная справа запатрабуе нямала часу ды высілкаў. Спяшацца тут не выпадае, і завяршыць яе мы плануем толькі праз пяць гадоў. Дарэчы, паралельна ўжо вядзецца праца і над яшчэ адным праектам дзяржаўнага маштабу — навукова-папулярным выданнем “Рэспубліка Беларусь — 25 гадоў стварэння і здзяйсненняў”, зацверджаным у сакавіку гэтага года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Нягледзячы на даступны для ўсіх чытачоў фармат, гэта знакавая для ўсіх нашых грамадзян кніга будзе мець вельмі грунтоўны базіс: недарэмна работа па яе стварэнні была даручана Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Адпаведна, як вы бачыце, папяровыя выданні і электронныя праекты для нас — як дзве паловы лёгкіх, якія толькі ўзаемадапаўняюць адна адну.

— Якія асаблівасці попыту і прапановы можна вылучыць на кніжным рынку краіны ў цяперашні час? Які від выданняў у трэндзе: мастацкая літаратура, навуковая, даведачная?

— Адкажу на ваша пытанне такім чынам: беларускія выдаўцы поўнасцю адпавядаюць патрэбам грамадскасці — ва ўсёй іх разнастайнасці. І таму першыя, зусім танюткія кніжкі маладых паэтаў суседнічаюць на кніжных паліцах з шыкоўна аздобленымі фаліянтамі, прысвечанымі тым постацям і падзеям, якія навекі напісаныя на скрыжалях беларускай гісторыі. Такія кніжныя серыі, як “Залатая калекцыя беларускай літаратуры”, “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”, “Славутыя мастакі з Беларусі”, “Наш сучаснік”, сталі ўжо папраўдзе брэндавымі. Вядома, асаблівая ўвага надаецца літаратуры для дзяцей і юнацтва — у тым ліку, і перавыданням нашых класікаў. Яны заўсёды павінны быць у дастатку і ў кнігарнях і ў бібліятэках. А яшчэ варта абавязкова згадаць пра нашы грунтоўныя энцыклапедычныя выданні. У дапаўненне да сямнаццацітомнай “Рэспублікі Беларусь” не так даўно была выдадзена сямітомная энцыклапедыя на рускай мове. Выйшаў і цэлы шэраг энцыклапедый тэматычных: “Гарады і вёскі Беларусі”, “Рэгіёны Беларусі”, “Культура Беларусі”… Гэта важкае папаўненне ў залаты фонд беларусазнаўства, які належна ацэняць не толькі сучаснікі, але і многія наступныя пакаленні.

— Думаецца, з гэтымі набыткамі здолеюць азнаёміцца і наведвальнікі беларускага павільёна на Краснай плошчы…

 — Вы маеце рацыю. Безумоўна, у фокусе нашай увагі будзе 500-годдзе кнігадрукавання. Выдавецтвы “Мастацкая літаратура”, “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” ды іншыя прэзентуюць свае навінкі, прысвечаныя як Францыску Скарыну, так і іншым першадрукарам. Яшчэ адна прыярытэтная для нас тэма — падзеі Вялікай Айчыннай вайны — таксама будзе прадстаўлена вельмі годна, у тым ліку і праз творы мастацкай літаратуры героіка-патрыятычнай скіраванасці. Гэта нашы першыя крокі да святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі. Да ўсяго, на стэндзе запланаваная даволі насычаная праграма: прэзентацыі, разнастайныя сустрэчы… Таму пераканана, што ўсіх ахвотных мы забяспечым добрай спажывай для сэрца і розуму.

На здымку: міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч

Фота Надзеі БУЖАН