“Маладзечна-2017”

№ 22 (1305) 03.06.2017 - 09.06.2017 г

Учора стартаваў XVII Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2017”, галоўнай падзеяй якога з’яўляецца конкурс маладых выканаўцаў.

Змагацца за Гран-пры і прызавыя месцы прыехаў 21 вакаліст — кожную вобласць і асобна сталіцу прадстаўляюць па тры ўдзельнікі. Канкурсанты ў Маладзечне спяваюць “жыўцом” у суправаджэнні Заслужанага калектыва краіны Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Фінберга на сцэне маладзечанскага Летняга амфітэатра.

Калі нумар рыхтаваўся да друку, былі яшчэ невядомыя вынікі конкурсу. А ўчора ўвечары фестывальны старт аздобіўся прэм’ерай праграмы Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад назвай “Купала і Колас, вы нас гадавалі”.

Але конкурс — гэта толькі адна частка фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2017”. Многія мерапрыемствы пачаліся ўжо 1 чэрвеня і скончацца толькі 4-га — будуць працаваць канцэртныя пляцоўкі, паэтычныя гасцёўні, мастацкія пленэры і выставы, ладзіцца кніжныя прэзентацыі. Сёлета ўсе імпрэзы так ці інакш прасякнутыя тэмай творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа.

У амфітэатры купалаўцы прадставяць сваю “Паўлінку”. На сцэне Мінскага абласнога драматычнага тэатра адбудзецца паказ спектакля “Беларусь. Дыдактыка” Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі з удзелам народнай артысткі Беларусі Таццяны Мархель і Зміцера Лук’янчыка — музычнай споведзі пра адчуванне сябе ў сваёй краіне. Канцэрт-закрыццё фестывалю 3 чэрвеня будзе прысвечаны 45-годдзю ансамбля “Сябры”. Традыцыйна для моладзі 4 чэрвеня плануецца канцэрт “Рок яднае” з удзелам беларускіх гуртоў NaviBand і :B:N:, а таксама O.Torvald (Украіна) і “Ногу свело!” (Расія).