Вышыванка ў цэнтры

№ 22 (1305) 03.06.2017 - 09.06.2017 г

Дні культуры Беларусі адбыліся ў Кітаі
Напрыканцы мая адбылася падзея, якая чарговай цаглінкай лягла ва ўмацаванне культурных кантактаў паміж нашай краінай і Кітаем: у Пекіне пачаў працу Цэнтр культуры Беларусі. У цырымоніі 30 мая прынялі ўдзел міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў, намеснік міністра культуры Кітайскай Народнай Рэспублікі Дзін Вэй, Пасол Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы Кірыл Руды.

/i/content/pi/cult/640/14235/2-1.jpgУ прывітальным слове Барыс Святлоў зазначыў: “Нягледзячы на вялікую адлегласць, што падзяляе нашы краіны, паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай ужо даўно ўсталяваны сяброўскія адносіны, якія дынамічна і канструктыўна развіваюцца па ўсіх напрамках”. Ён нагадаў, што іх развіццё з’яўляецца прыярытэтным кірункам знешняй палітыкі Беларусі. Паспяховае ўмацаванне палітычных і гандлёва-эканамічных сувязей абумоўлена агульнасцю прынцыпаў унутранай і знешняй палітыкі, супадзеннем поглядаў на найважнейшыя праблемы міжнародных адносін. “Наша ўсебаковае стратэгічнае партнёрства ўступіла ў новы этап развіцця і стала ўзорам прыязнасці”, — дадаў выступоўца.

Аб тым сведчаць і стабільныя сувязі ў сферы культуры. За амаль 25 гадоў беларуска-кітайскіх дыпламатычных адносін адбываліся шматлікія абмены выставамі, ладзіліся Дні культуры абедзвюх краін, былі падпісаны Дамовы. У маі 2015 года Мінск наведаў старшыня КНР Сі Цзіньпін. Тады было падпісана міжурадавае беларуска-кітайскае пагадненне, якое прадугледжвала ўзаемнае адкрыццё культурных цэнтраў. У дастаткова кароткі тэрмін сумеснымі высілкамі дакумент удалося рэалізаваць: ужо 21 снежня 2016 года ў Мінску расчыніў свае дзверы Кітайскі культурны цэнтр. Як на яго адкрыцці падкрэсліў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Цуй Цымін, важную ролю ў гэтым адыгралі добрыя прыязныя адносіны паміж лідарамі дзвюх дзяржаў Аляксандрам Лукашэнкам і Сі Цзіньпінам, якія садзейнічаюць развіццю ўсебаковых кантактаў між Беларуссю і Кітаем. Кіраўнік кітайскай дыпламатычнай місіі з задавальненнем нагадаў, што Беларусь з’яўляецца адным з актыўных удзельнікаў распрацоўкі дарожнай карты ўзаемадзеяння па рэалізацыі кітайскай ініцыятывы “Адзін пояс, адзін шлях”. Работа Кітайскага культурнага цэнтра скіравана на азнаямленне з Паднябеснай, інтэлектуальныя абмены і дыялогі, дэманстрацыю культуры, навучанне. Тут рэгулярна ладзяць прадстаўленні, выставы, навуковыя семінары. У планах: праца з літаратурай і перакладамі, культурныя абмены і іншыя актыўнасці.

Не менш маштабна адбывалася адкрыццё аналагічнага Цэнтра ў Пекіне. Ва ўрачыстасцях прыняў удзел заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль беларускай песні “Церніца”. Яны падрыхтавалі для дыпламатаў і гасцей вечара кампазіцыю “Прывітальная”. Публіку расчулілі беларускія дзеці, якія выступалі ў шыкоўных нацыянальных строях. Тэму беларускага ўзору падтрымалі кітайскія студэнты Другога пекінскага інстытута замежных моў, якія абралі да вывучэння беларускую мову: азіяцкія юнакі і дзяўчаты выйшлі да мікрафонаў у вышыванках. Барыс Святлоў упэўнены: “Цэнтр будзе садзейнічаць развіццю беларуска-кітайскага супрацоўніцтва ў культурнай, гуманітарнай, адукацыйнай, турыстычнай і інфармацыйнай галінах шляхам пашырэння кантактаў і супрацоўніцтва з творчымі і культурна-адукацыйнымі ўстановамі, грамадскасцю абедзвюх дзяржаў. Таксама Цэнтр будзе садзейнічаць усеагульнаму супрацоўніцтву між дзяржаўнымі, недзяржаўнымі і грамадскімі ўстановамі і арганізацыямі, пабрацімскім адносінам і партнёрскім сувязям паміж гарадамі і рэгіёнамі нашых краін”.

Госці ўрачыстага мерапрыемства пазнаёміліся з беларускімі выставачнымі экспазіцыямі і мультымедыйным абсталяваннем новай культурнай пляцоўкі. Пад цэнтр культуры Беларусі адвялі адмысловыя памяшканні ў пяцізоркавым гатэлі “Grand Metropark Hotel Beijing” у самым цэнтры Пекіна. “Тут будуць прадстаўляць і папулярызаваць культурную спадчыну і сучасную культуру і мастацтва Беларусі, падаваць інфармацыю пра грамадска-палітычнае і эканамічнае жыццё беларускай дзяржавы”, — акрэсліў мэты дзейнасці Цэнтра міністр культуры Беларусі. У адной зале ладзіцца інфармацыйная праграма. Тут можна будзе пазнаёміцца з нашымі нацыянальнымі кнігамі і карцінамі, а таксама папрысутнічаць на мастацкіх выставах, канцэртах беларускіх выканаўцаў, паказах анімацыйных і мастацкіх фільмаў аўтарства айчынных творчых каманд. Інтэр’еры другой залы дапамогуць наведвальнікам перанесціся ў Сярэднявечча. У такім атачэнні гасцей будуць частаваць нацыянальнымі стравамі. Мяркуецца праводзіць нават фестываль нацыянальнай кухні.

У знак глыбокай павагі Барыс Святлоў прыпаднёс кітайскаму боку ў дар фрагменты слуцкага пояса. Ён распавёў: “У Беларусі слуцкі пояс з’яўляецца ўзорам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, нацыянальнай рэліквіяй. У XVI — XVII стагоддзях пояс быў прадметам мужчынскага гардэроба, даступным у мінулым толькі выхадцам з вышэйшых саслоўяў, як сімвал дачынення да эліты, шматвекавых сямейных традыцый і багацця. Каштоўныя паясы для шляхты прывозілі з усходніх краін, але ў XVIIІ стагоддзі на беларускіх землях сфарміравалася ўнікальная мастацкая з’ява — “слуцкі пояс”. Беларускія ткачы стварылі свае непаўторныя ўзоры і сімвалічныя матывы, эксклюзіўную тэхналогію. Ён стаў не толькі гістарычным культурным сімвалам, але і сучасным брэндам краіны”.

Нагадаем, што адкрыццё Цэнтра адбывалася ў рамках Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у Кітаі. З 27 па 31 мая кітайцы мелі магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй і сучаснасцю нашай культуры і мастацтва. Так, у Мастацкім музеі Універсітэта Цынхуа майстар-клас даваў графік, старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца. У Чань-Чуні праходзілі Дні беларускага кіно і выступаў ансамбль “Церніца”. Ладзілася выстава сучаснай беларускай графікі з фондаў Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў “Нелінейная рэальнасць”.

Адначасова ў Кітаі праходзіла нацыянальнае свята Дуаньу — фэст лодак цмокаў. У гэтай сувязі да ладу прыйшлася персанальная выстава беларускай мастачкі Марыны Эльяшэвіч “Ладдзя беларускай паэзіі на свяце Дуаньу”. Імпрэза была прымеркавана да адкрыцця Цэнтра і прысвечана кітайскаму паэту Цюй Юаню, які ў кітайскім мастацтве асацыюецца з памкненнем да свабоды. Па меркаванні спадара Святлова, гэта памкненне характэрна і для свабодалюбівай беларускай паэзіі ХХ стагоддзя. “Таму невыпадкова на традыцыйным кітайскім свяце ўпершыню з’явілася лодка з выявамі паэтаў-класікаў беларускай літаратуры Янкам Купалам, Якубам Коласам і Максімам Багдановічам. Выстава, якая перадае гледачам шчырую ўсмешку светлых творчых пажаданняў, з’яўляецца сімвалічным пачаткам дзейнасці беларускага культурнага цэнтра ў Пекіне, які з гэтага часу будзе месцам самых радасных сяброўскіх сустрэч і знаёмстваў”, — упэўнены міністр.

У апошнія дні беларускага тыдня жыхары азіяцкай сталіцы спрычыніліся да класічнай пастаноўкі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь: у Пекіне два вечары прымалі балет “Лебядзінае возера”.

Фота з сайта Пасольства Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы